Дзе “Гоц-гоц лятала”
19.10.2013
—
Разное
|
Як дзіўная пачвара напужала людзей Аднойчы падчас падарожжа ў электрычцы пачула цікавую легенду... — А ты, дачушка, далёка едзеш? — да мяне падсела незнаёмая бабуля. Я ўжо прывыкла да непасрэднасці старых вясковых людзей. Ніколі не адварочваюся ад іх, як многія маладыя пасажыры, стараюся падтрымаць размову. І вельмі прыемна бачыць, як бабульцы становіцца весялей. Мая суседка за некалькі хвілін з непадробнай цікавасцю распытала пра маё жыццё-быццё, а ці ёсць муж-дзеці і дзе жывуць мае бацькі. Аказалася нават, што мы з ёю зямлячкі. — Ты з Салігорска? А я таксама на Салігоршчыне жыву, у Гоцку. Ведаеш такую вёску? — Ведаю. Была там некалькі разоў. Прыгожая ў вас вёска, вялікая. Ды і на слыху заўсёды, — адказваю суразмоўцы. — Так. Я там усё жыццё правяла, і мой дзед, і прадзед — усе ў Гоцку жылі... — жанчына задумалася. — А вось скажыце, бабуля, адкуль жа назва такая — Гоцк? — нечакана для сябе я зразумела, што менавіта зараз вельмі хачу пачуць якую-небудзь незвычайную гісторыю з вуснаў гэтай сівой жанчыны ў каляровай хустачцы. І казка распачалася... “У даўніну вёска зусім інакш называлася. Як? Ужо ніхто не згадае, бо было гэта так даўно, што ў тыя часы яшчэ русалкі спакойна жылі побач з чалавекам. І вось аднойчы жыхары вёскі злавілі ў адным недалёкім лясочку ля балота нейкую дзіўную істоту. Такога стварэння раней яшчэ ніхто не бачыў. Глядзелі ўсе і гадалі, што ж за дзіва такое ім пашчасціла вылавіць. Самых старых ды кемлівых вяскоўцаў паклікалі. — А мае ж вы дзеткі! Думаю, што гэта не птушка, але і не звер. Пачвара нейкая, дый годзе! — сказаў самы стары дзядулька. — Каб ліха якога на наша паселішча пасля ўсяго гэтага не было... Глядзіце, бо самі ведаеце, звязацца з нячыстай проста, але вось развязацца не надта. Вырашылі сяляне дзіўную жывёліну пану паказаць. Павалаклі яе двое найбольш дужых мужчын. Відовішча страшнае: крылы-лапы вісяць амаль да самае зямлі, ногі з аграмаднымі даўжэзнымі кіпцямі ледзьве па сцяжынцы перасоўваюцца. — А што ж гэта мы, браткі, вядзём яе да нашага пана ў гэткім выглядзе? — усхапіўся адзін з вяскоўцаў. — Пан нас па галовах за такое не пагладзіць! Трэба было б хоць неяк апрануць яе ды на ногі якія лапці ўшчаміць, тады яна і не такая страшная будзе. Як пераапранулі вяскоўцы сваю знаходку ды зірнулі на яе, так і пакаціліся па зямлі са смеху. Далажылі пану, што мужыкі нейкі цуд прывялі. Пан якраз са сваімі суседзямі ў карты рэзаўся, таму без асаблівай ахвоты пайшоў глянуць. Госці ўвязаліся за ім. Паказалі сяляне пану сваю лясную знаходку. Як закрычыць ён з перапуду, як піскне тоненькім голасам! Пачвара таксама пана спужалася, узняла свае вялікія крылы і паляцела. Хутка-хутка. Калі пралятаў той “цуд” над балотам, яго вялізныя лапы па вадзе ды па дрыгве заляскалі: “Гоц, гоц, гоц! Гоц, гоц, гоц!”. Ну і перапалоху было ў паселішчы! З таго часу, калі заходзіла гаворка пра тую вёску, дзе дзіўная гісторыя адбылася, заўсёды ўдакладнялі: “Гэта там, дзе Гоц-гоц лятала”. З цягам часу паселішча сталі называць Гоцк. Доўга яшчэ палешукі не ведалі, што за істота так напалохала іх продкаў. Аказалася, што гэта была не пачвара, а самая звычайная сава, толькі вялізных памераў. Анастасія АМЯЛЮСІК, Салігорск
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як дзіўная пачвара напужала людзей
|
|