Як у Клюшчанах саджанцы вырошчвалі
30.04.2014
—
Разное
|
Віктар Смаленскі з сынам Багданам. Фота з асабістага збору Іосіфа Хадорскага. Мястэчка Клюшчаны на Астравеччыне славілася школай-гадавальнікам, дзе вырошчваліся саджанцы яблыні і груш. Гэты гадавальнік заклаў гаспадарлівы селянін Віктар Смаленскі на ўласным участку.Зрэшты, гадавальнік у Клюшчанах заклалі ў пачатку XX стагоддзя. Бацька Віктара Смаленскага працаваў на чыгунцы на Разаншчыне, быў знаёмы з канторскім работнікам чыгуначнай таварнай станцыі “Казлоў” Іванам Мічурыным, вядомым рускім садаводам-селекцынерам. Ад яго Смаленскі захварэў садоўніцтвам і гэту “хваробу” перадаў сыну Віктару. Сабраўшы адпаведную суму грошай, Смаленскія пераехалі ў Клюшчаны, купілі ў Сволькіне валоку зямлі і вырашылі заняцца садоўніцтвам. Каб трымаць таварную прадукцыю ад сада, трэба чакаць больш за 10 год. Таму, каб мець сродкі, Смаленскія сталі займацца агародніцтвам і заклалі гадавальнік, які стаў даваць прыбытак на трэці-чацвёрты год. Да Першай сусветнай вайны Смаленскія падтрымлівалі дзелавую сувязь з Мічурыным і з селекцыянерам з Малых Алашак Іванам Сікорам. Асабліва цесныя сувязі былі з прафесарам садоўніцтва і агародніцтва Адамам Грабніцкім, які ў Дукштах (зараз Дукштас, Літва) вывучаў народную селекцыю і меў у сваім садзе некалькі соцень сартоў розных пладовых культур. Ён шчодра дзяліўся неабходным матэрыялам са Смаленскім.
Крэда: “Каб сад даў – саду трэба даць” Смаленскі выкарыстоваў свой сад і гадавальнік выключна для атрымання прыбытку. Непасрэдна работай у садзе займалася яго жонка Акуліна (яна мела адпаведную адукацыю). У яе было крэда: “Каб сад даў – саду трэба даць”. Зыходзячы з гэтага, яна ставіла і доследы. Як правіла, з зярняткі нават сартавой яблыні вырастае дзічка. Смаленская ж прымяняла метад “выхавання” – перасаджвала маленькія яблынькі пяць-шэсць разоў у багатую глебу, іншы раз гэтым спосабам ёй удавалася вывесці добры гатунак. Пазней у гэту працу ўключыўся сын Багдан, які меў спецыяльнасць бухгалтара і агародніка.
Саджанцы адпраўлялі ў Познань Пры сустрэчы жыхар вёскі Казаноўшчына Юзаф Хадорскі ўспамінаў: – Я на працягу пяці гадоў працаваў гадавальніку Смаленскага. Работа была такая: пікіраваць і рассаджваць дзічкі, рыхліць глебу, рабіць праполку. Восенню і вясной рыхтаваць саджанцы на продаж. Для гэтага дрэўца акуратна выкопвалі, па 20 штук складвалі ў пучкі, карэнне абсыпалі мокрым пілавіннем і абгортвалі мешкавінай. Потым пучкі адвозілі на чыгуначную станцыю Гелядня для адпраўкі ў Познань, дзе яны карысталіся добрым попытам. На маё пытанне, ці забяспечваў Смаленскі саджанцамі мясцовых жыхароў, адказаў: – А як жа! Дзякуючы яму ўся Клюшчанчына абзавялася высокаўрадлівымі садамі. Мясцовым прадаваў таней. Я памятую дзве грушыз іх гадавальніка, якія раслі ў вёсцы Гвоздавічы (Пастаўшчына) ў садзе Аўгустына Хведзіча, і вылучаліся прыемным смакам. Іх называлі па прозвішчу садавода смалянкамі.
Пры савецкай уладзе У 1939 годзе сад і гадавальнік нацыяналізавалі. А Смаленскія ўсёй сям’ёй з’ехалі ў Вільню, а потым перабраліся ў Польшчу. Мароз у 1940 годзе моцна пашкодзіў сад і гадавальнік. Вясной на базе яго арганізавалі дзяржплодагадавальнік “Клюшчанскі”, прырэзалі значны кавалак зямлі. З уцалеўшага ядра сталі ўзнаўляць і пашыраць “школку”. Пасля вайны тут было вырашана вырошчваць не толькі саджанцы, але і агародніну. Былі скептыкі, якія сцвярджалі, што справа гэтая неперспектыўная: зямля пясчаная, падзолістая, няма ні стаячай, ні рачной вады для паліву. А што датычыць паўднёвых дыняў, кавуноў, таматаў, то ім тут ніколі не расці... Але былі выдзелены сродкі і работа распачалася, нарошчваліся тэмпы, і праца дала добры вынік. Восенню 1948 года на плошчы ў адзін гектар было высаджана 30 тысяч саджанцаў, якія ў 1949 годзе былі акуліраваны перспектыўнымі гатункамі, праведзена перасадка 48 тысяч прышчэпаў. У гаспадарцы мелася 1200 трохгадовых саджанцаў для продажу. Пладовы сад стаў займаць шэсць гектараў. Рабочы плодагадавальніка Баляслаў Валуевіч зрабіў у 1948 годзе 1500 акуліровак, і ўсе прыжыліся.
Гаспадарку назвалі іменем Мічурына У 1952 годзе гэта ўжо быў цэлы камбінат. У гадавальніку ўвялі навуковы полезварот: з палямі, занятымі пад саджанцамі, чаргаваліся пасевы яравой пшаніцы, жыта. Было закладзена 90 рам памідораў, капусты, агуркоў. Мелася падсобная гаспадарка: каровы, коні, што забяспечвала якасную апрацоўку плошчаў і здымала праблему ўгнаенняў. Меўся дзесятак кампоставых ям. Вясной 1952 года пасадзілі 110 тысяч дзічак, а восенню змаглі прадаць больш за 12 тысяч маладзенькіх яблынь і груш. Вялікая заслуга ў гэтай справе выпускніцы Ашмянскай сельскагаспадарчай школы Ганны Данільчык, якая тут у 1947 годзе праходзіла практыку, і пасля вучобы прыехала працаваць аграномам. Рабочы П. Кімбар бачыў асноўную задачу гадавальніка – найбольш поўна задаволіць попыт жадаючых у высокагатунковых саджанцаў па даступнай цане. Аўтар гэтых радкоў восенню 1952 года прывёз з Клюшчан на веласіпедзе 12 саджанцаў аж на Камайшчыну, яшчэ і зараз радуюць вока сваімі пладамі. Кіраваў у той час работай дзяржгадавальніка руплівы гаспадарнік Захар Чарнавусаў. Пазней плодагадавальнік быў аб'яднаны з мясцовым калгасам. Аб'яднаную гаспадарку назвалі іменем знакамітага садавода Мічурына. У 1953 годзе калгас прадаў 47 тысяч саджанцаў і атрымаў 43 тысячы рублёў чыстага прыбытку.
Абыякавыя адносіны прывялі да заняпаду На праўленні калгаса было вырашана пашырыць плошчы для гэтай прыбытковай справы. Але раённае начальства плодагадавальнік не цікавіў. Наадварот, яго раздражняла, што ў гаспадарцы людзі працуюць не за “працадні-палачкі”, а атрымліваюць грошы. Калгасу даводзілі планы здачы зерня, прызначылі і новага старшыню. – Новы старшыня калгаса Паляк, – успамінае брыгадзір калгаса М. Трыбоцкі, – назваў работу “дзіцячай гульнёй”. 12 вопытных рабочых пладова- агароднічай брыгады перавёў у паляводы. Праўда, пазней, пад націскам членаў праўлення адступіў, але было позна. Звольненыя з пладова-агародніннай брыгады пакінулі калгас. Для брыгады было выдзелена толькі восем рабочых-навічкоў, якія не мелі вопыту работа з саджанцамі. З 20000 саджанцаў у сезон 1955 года толькі 6000 змаглі ўтрымаць у належным стане, астатнія зараслі травой, прышчэпы страцілі таварнасць. Абыякавыя адносіны да гэтай справы прывялі да заняпаду гадавальніка. Ён стаў нерэнтабельным і спыніў існаванне. Былі спробы вырошчваць на Клюшчаншчыне і вінаград. Памятаю, выхаванка Клары Чарнавусавай частавала пяцікласнікаў, у тым ліку і мяне, вырашчаным ля дома вінаградам. Праўда быў ён кіславаты – але ўсё ж вінаград. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мястэчка Клюшчаны на Астравеччыне славілася школай-гадавальнікам, дзе вырошчваліся саджанцы яблыні і груш. Гэты гадавальнік заклаў гаспадарлівы селянін Віктар...
|
|