Вiцебск у мiнулым: навошта будавалі яшчэ адну ратушу - каля аблвыканкама?
05.12.2017 14:32
—
Разное
|
«Ратуша на Духавай гары» — пад такім загалоўкам 19 ліпеня 1990 года ў газеце «Віцебскі рабочы» выйшаў артыкул, у якім расказвалася пра ўзвядзенне вежы (1) побач з новай прыбудовай да аблвыканкама. У той час гараджане спрачаліся, ці варта гэта рабіць. Можа, лепш аднавіць царкву Святога Духа (2)? Царкву Святога Духа пабудавалі каля сярэдзіны ХІV ст. (па некаторых звестках, у 1340 годзе) падчас княжання Альгерда (з 1345-га — вялікі князь ВКЛ). Пазней храм некалькі разоў пераходзіў ад праваслаўных да ўніятаў і наадварот. У 1697 годзе пры царкве заснавалі базыльянскі манастыр. На сродкі мешчаніна Патапа Бібкі царкву перабудавалі ў стылі віленскага барока. У 1839-м храм і манастыр сталі праваслаўнымі. У 1870-м царкву перабудавалі ў псеўдарускім стылі.
Альтэрнатыўны пункт гледжання прадстаўляў выкладчык тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці (зараз тэхналагічны ўніверсітэт) Валянцін Арлоў. Ён расказаў, што задоўга да прыняцця хрысціянства на Духавай гары былі валатоўкі - так называлі месца, дзе хавалі продкаў па язычніцкім абрадзе. Як зазначаў Валянцін Арлоў, у 1947-м у Віцебску 16 аб’ектаў мелі статус архітэктурных помнікаў. Праз год іх колькасць зменшылася да чатырох: Дабравешчанская царква, ратуша, былы палац генерал-губернатара і царква Маркава манастыра. Але ў лістападзе 1950-га для зацвярджэння камісіяй Акадэміі навук СССР падрыхтавалі новы спіс з 14 аб’ектаў, у лік якіх уваходзіла і Духаўская царква. Праўда, у маі 1953 года ён зноў значна скараціўся. Засталіся ратуша, палац генерал-губернатара і Дабравешчанская царква (яе, нягледзячы на статус, узарвалі ў 1961-м). Праз год гэткі лёс напаткаў і рэшткі безабароннай Духаўскай царквы. Валянцін Арлоў наракаў, што план рэгенерацыі Віцебска ў 1986 годзе зацвярджалі келейна, без удзелу грамадскасці. Нібыта на месцы храма ў адпаведнасці «з сістэмай вышынных акцэнтаў горада» першапачаткова меркавалі паставіць 9-павярховую каробку. Школа для дзяўчатНа старым здымку мы бачым частку цяперашняга аблвыканкама (3), а на той час — першага на Беларусі жаночага духоўнага вучылішча. На флагштоку (4) перад уваходам і на фасадзе вісяць (не менш за пяць) сцягі Расійскай імперыі. Такая іх колькасць сведчыць, што адміністрацыя падрыхтавалася да святкавання важнай падзеі. Магчыма, фатаграфія зафіксавала імгненне 1913-га, калі шырока адзначалі 300-годдзе дома Раманавых. Духоўнае вучылішча для дачок праваслаўных святароў адкрылі вясной 1864-га. Першы час яно размяшчалася ў арэндаваных памяшканнях у Задзвінні. У 1872-м установу перавялі ў былы Свята-Духаў манастыр. У 1898−1902 гадах на яго месцы па праекце інжынераў А. К. Паўлоўскага і П. А. Вінаградава ўзвялі прасторны і рэспектабельны будынак, які злучаўся закрытай галерэяй з царквой. На першым і другім паверхах былі класы, на трэцім — спальні. Дзяўчатам выкладалі рускую і стараславянскую мовы, арыфметыку, геаметрыю, фізіку, гісторыю, геаграфію, маляванне, рукадзелле, царкоўныя спевы. Вучылі весці хатнюю гаспадарку, працаваць у садзе і на агародзе, даглядаць дзяцей і хворых. Аб’ём ведаў быў меншы, чым у гімназіях. Аднак выпускніцы атрымлівалі званне хатніх настаўніц па прадметах, па якіх дасягнулі добрых вынікаў. З 1915 года, падчас Першай сусветнай вайны, будынак пераабсталявалі пад шпіталь, клапаціцца аб параненых дапамагалі і выхаванкі. У 1918-м тут размяшчаліся ваенкамат, ваенныя курсы, потым штаб Віцебскай авіябрыгады. Аблвыканкам сюды пераехаў у 1938-м, калі згодна з указам Вярхоўнага Савета СССР у Беларусі ўвялі новае адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне — вобласці замест акругоў. Так што налета гэтай падзеі споўніцца 80 гадоў. Больш падрабязна пра гісторыю будынка духоўнага вучылішча можна даведацца з кнігі Аркадзя Падліпскага «Вуліца Гогаля, 6». Новая ратушаКатлаван пад новы 5-павярховы корпус аблвыканкама (5) з вежай пачалі капаць у 1986 годзе. Адзін з аўтараў праекта — Мікалай Рызо — расказаў карэспандэнту «Віцебскага рабочага», што ўзвядзенне прыбудовы неабходна, каб размясціць у адным месцы ўстановы і службы аблвыканкама. Прадугледзілі і залу для пасяджэнняў дэпутатаў аблсавета, яе аснасцілі электронна-вылічальнай апаратурай (дагэтуль народныя абраннікі арэндавалі памяшканні). У фае планавалі павесіць пано з выявамі гарадоў Віцебшчыны. Па словах Мікалая Рызо, вежу да прыбудовы, па-першае, спраектавалі па даўняй еўрапейскай традыцыі: дзе месціцца вышэйшая ўлада рэгіёна, там павінна быць ратуша. Па-другое, царква не ўяўляла асаблівай архітэктурнай каштоўнасці і не падлягала аднаўленню. Таму замест былога «вышыннага акцэнту горада» вырашылі ўзвесці новую ратушу, яе будаўніцтва планавалі скончыць у 1990 годзе. Купал 48-метровай вежы з гадзіннікам аздобілі чырвонай меддзю. Планавалася, што на шпілі з пазалочаным шарыкам будзе лунаць сцяг. Вежу меркавалі выкарыстоўваць і ў турыстычных мэтах, таму абсталявалі пляцоўку для агляду горада (6). Але палюбавацца панарамай горада можна на аналагічнай пляцоўцы на старой ратушы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вежу да прыбудовы аблвыканкама спраектавалі па даўняй еўрапейскай традыцыі: дзе месціцца вышэйшая ўлада рэгіёна, там павінна быць ратуша.
|
|