Малая радзіма Анатоля Зэкава – вёска Патапаўка. Тут ён скончыў мясцовую школу, тут пачынаўся яго жыццёвы і творчы шлях. Землякі паэта і сёння з’яўляюцца галоўнымі героямі яго вершаў і празаічных твораў. Па сутнасці на працягу ўсяго свайго жыцця пісьменнік стварае своеасаблівы летапіс роднай яго сэрцу Патапаўкі і нашай агульнай радзімы – Будакашалёўшчыны. Сведчаннем таму – і вершы, прапануемыя сёння чытачам “Авангарда”.
Анатоль ЗЭКАЎ
МОЙ РАДАВОД
Наташа – мама,
бацька – Коля,
і дзед Цімох,
і баба Марфа.
Імёны гэтыя ніколі
у памяці маёй
не спрахнуць.
А ёсць і прадзедаў імёны,
і іншых “пра”,
якіх нямала.
Яны мацуюць, нібы звёны,
ствол радаводны мой
трывала.
Яны адтуль,
з глыбінь стагоддзяў,
дзе – і загадкі, і адгадкі.
І я – звяно ў тым радаводзе
для будучых сваіх нашчадкаў.
БУДАКАШАЛЁЎСКІ ЛЕС
Мой край з нябеснымі вачыма
наўсцяж лясамі зелянее,
і дзякуючы ім, магчыма,
ён не залее і ў завеі.
Стаяць дубы, як вартавыя,
і, узіраючыся ў далеч,
цікуюць, каб адкуль стыхія
на лес не наляцела зграяй.
А наляціць – дубы раскінуць
галлё і захінуць падлесак,
не даючы яму загінуць,
каб з часам стаў падлесак лесам.
Люблю дубы я за трывучасць
і даўгавечнасць іх, бярозы –
за белізну і сок гаючы,
а за калючы нораў – сосны.
Мне любыя і клён з асінай,
рабіна, елка, вольха, ясень…
Мой край – з нябеснымі вачыма –
жыве здаўна ў лясной акрасе.
ДАВАЙ, ЗЕМЛЯК…
Міколу Чарняўскаму
Давай, зямляк, паедзем на радзіму,
ў Патапаўцы
і ў Будзе Люшаўскай пабудзем.
Яна спрадвек была для нас адзінай,
і ёсць адзіная, і вечна будзе.
Тут першыя свае рабілі крокі,
і ўсё для нас было тут змалку звычным.
Яна паіла нас гаючым сокам,
што потым пераліўся ў паэтычны.
Давай, зямляк, паедзем на радзіму…
НЕДАСЛАНЫ ЛІСТ ЯЎСЕЮ МАЙСЕЕНКУ
Я – словам родным,
Вы – алеем,
у тым і наша двуадзінасць,
што мы ўслаўляем, як умеем,
свайго маленства кут радзінны:
Уваравічы Вы – у Ленінградзе,
а я – Патапаўку ў сталіцы.
Жывём з радзімаю ў суладдзі,
бо й праз гады радзіма сніцца
і землякі, якіх нам згадваць,
знаёмыя да кожнай рыскі:
уваравічцы – Вам у Ленінградзе,
а мне патапаўцы – у Мінску.
І кашалёўскі край радзінны
праз тыя сонечныя згадкі –
у вершах – я, а Вы – ў карцінах –
мы пакідаем для нашчадкаў.
***
Цягнікі бягуць праз Буда-Кашалёва.
Рэйкі і ўначы, і ўдзень гудуць.
Рэха гулка адгукаецца з дубровы –
ні звярам, ні птушкам не заснуць.
Думаў я так на патапаўскім паўстанку,
а звяры і птушкі – хоць бы хны:
грукат колаў, ён для іх – як калыханка,
пад яго і бачаць сны яны.
Я і сам, было, звяраў гадзіннік
па гудках, што слалі цягнікі…
Мне й цяпер, як засумую па радзіме,
сняцца тыя родныя гудкі.
ЛЕТА НА МАЛАХАЎСКІМ
Надзеі і Алене Жлобам
На Малахаўскім пасёлку,
што завецца Светлым,
прачынаюся на золку
бездажджлівым летам,
абыходжу моўчкі грады,
разамлелыя ад спёкі.
Ім дажджы былі б у радасць,
ды дажджы – далёка.
Не відаць хмурын-аблокаў –
бы настаў край свету
на Малахаўскім пасёлку,
што завецца Светлым.
МАР’ІНА
Справа, пэўна, марная
бо й шукаць не варта
у пасёлку Мар’іна
хоць адну мне хату.
Студня не парыпвае,
ды і ўсё не тое.
Зарасло спрэс ліпамі
Мар’іна былое.
Ну а мне вось сніцца
у гадах у сталых
час, калі дзяцінства
тут маё гуляла…
ФУТБОЛЬНЫ КВАРТЭТ “А”
Караткевіч, Несцераў, Мацвееў –
цёзкі ўсе, амаль што аднагодкі –
згадваюцца мне заўсёды, дзе я
і ні быў калі б далёка ўсё-ткі.
У маленстве разам мяч ганялі
мы на лузе, на футбольным полі,
і квартэтам “А” нас называлі,
бо былі квартэтам Анатоляў.
Я жыву і цешуся надзеяй:
вось бы разам выйсці зноў на поле,
Караткевіч, Несцераў, Мацвееў,
ну і я, чацвёрты з Анатоляў.
Можа, не з такім бы ўжо імпэтам,
не з такой бы жвавасцю і ўздымам,
толькі ўпэўнены: сваім квартэтам
фору б далі й сёння маладым мы.
АКОП
Памяці Івана Яўхімавіча Зэкава
Капаюць акоп у мірныя дні
нашчадкі ваеннага прадзеда.
Ты ўнукаў, бабуля, у тым не віні,
бо ім гэта ў спадчыну дадзена.
Калі ад блакады стагнаў Ленінград,
акоп не адзін прадзед выкапаў,
каб потым ніколі не трапіў снарад
ў акоп да Мацвея з Нічыпарам.,
каб сніліся ім толькі мірныя сны
і каб іх мінулі часы неспакойныя…
Капаюць акоп у мірныя дні
Іванавы праўнукі –
праўнукі воіна.
ЖЫЦЦЯСХОВІШЧА
Жыццясховішчам зямлянку называла
баба Марфа, бо ўвайну, у ліхалецце
у зямлянцы той малых дзяцей хавала,
так вось жыцці іх ратуючы ад смерці.
Жыццясховішча – у доўгім слове гэтым
быў закладзены вялікі сэнс жыццёвы.
І хачу я, каб і ўнук Мікіта ведаў
сэнс, які бабуля ўклала ў гэта слова.
ПАТАПАЎСКАЯ ЭЛЕГІЯ
І хаты дзедавай няма,
і хаты цётчынай, што з краю…
То ж гэтак вёска і сама –
за хатай хата – памірае.
А там, гляджу, прагал скразны,
і ўжо іду па Камсамольскай
я з адчуваннем той віны,
што колісь сам пакінуў вёску.
Куды ляцеў у белы свет
і дзе шукаў якога раю,
калі глядзела вёска ўслед,
бы з-пад рукі, з-за небакраю?
Ці даравала мне яна
за здраду ёй цяпер хоць колькі?
Адна яна, яна адна,
бадай, і ведае ўжо толькі.
ЗГАДКА ПРА ІВАНА ШАЛЬМАНАВА
Гэты верш мой узнік пазапланава,
хоць радкі і выводзіў старанна.
А згадаў я Івана Шальманава,
хоць ніколі не бачыў Івана.
А згадаў яго так, па-зямляцку я –
то ж ён з нашай буднецкай Каромкі.
Чуў пра жытку яго заліхвацкую…
Вось сказаў – і аж стала няёмка,
быццам выдаў тут штосьці сакрэтнае, –
і таму доўжыць думку не стану.
А чаму напісаў усё гэта я?
Проста так.
Каб успомніць Івана.
НА ПАТАПАЎСКІМ ПАГОСЦЕ
На патапаўскім пагосце
пакланюся ўсім крыжам.
Цётка Насця, цётка Прося,
баба Марфа, дзед Абрам.
Дзеда, праўда, я не ведаў,
бо з’явіўся ўжо на свет,
калі дзед адсюль, са свету,
перайшоў у іншы свет.
…Ў вёску я з унукам еду,
думкай цешачыся той,
што і прадзеда, і дзеда
ведаць будзе ўнучак мой.
БУДАКАШАЛЁЎСКАЯ ЗЯМЛЯ
Зямлю сваю з маленства
так люблю,
што без яе ўжо не пражыць,
і, нават лёгшы ў гэтую зямлю,
я буду й Там яе любіць.
У ЦАРКВЕ
Айцу Сергію
У царкве пастаўлю свечку.
памяну памерлых продкаў.
Шлях зямны – такі кароткі.
Час падумаць і пра вечнасць.
Дагарыць памалу свечка.
Ды адно вось – успаміны
пра памерлых не пакінуць.
Будзе думацца пра вечнасць.