У лютым у нашым горадзе на базе раённага Цэнтра культуры прайшоў рэгіянальны адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. У ім бралі ўдзел мастацкія калектывы і індывідуальныя выканаўцы Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва” наш раён прадстаўляла народная студыя ДПМ “Добрасць”.
У файе РЦК былі разгорнуты экспазіцыі раёнаў. Самай вялікай і мнагапланавай была выстава студыі “Добрасць” як па творах мастацтва, так і па колькасці ўдзельнікаў (16 чалавек). Яна адразу прыцягнула ўвагу гасцей, удзельнікаў тура і гледачоў. Кіраўнік народнага калектыву Вячаслаў Якавенка прадставіў традыцыйную падняпроўскую і крычаўскую гліняную цацку, народныя вобразы, званочкі, падсвечнікі, музычныя інструменты. Любоў Яшчанка, акрамя асобных гліняных вырабаў, паказала ўнікальную выставачную кампазіцыю “Калядкі”, якая раней была адзначана прызавым дыпломам на рэспубліканскай выставе “Калядныя ўзоры” ў Мінску. Надзея Маслакова выставіла ў экспазіцыю разнастайныя вырабы, вязаныя на спіцах. Традыцыйныя беларускія кошыкі з лазы прадаставіў майстар Сяргей Хаўбок. Цудоўныя пано з бяросты, тэкстыльныя і абярэжныя лялькі паказала Людміла Усціненка, Міхаіл Гарбуноў – кераміку: дробную пластыку, творчыя работы і іншае, вязанае на спіцах дзіцячае адзенне – Валянціна Кустрэй, а шалі “ірландскія карункі”, вязаныя кручком, — Святлана Арцюхова. Вельмі спадабалася прысутным разьба па дрэву майстра і мастака Барыса Сімагі – пано “За дабрабыт і павагу” і чарпак для лазні. Трошкі ў баку ад асноўнай выставы на некалькіх сталах ледзьве размясціліся работы фотамастака Валерыя Кандратава і, у прамым сэнсе, майстра на ўсе рукі Марыны Старавойтавай. Нікога не пакінулі абыякавым таямнічыя, чароўныя краявіды і вялікая разнастайнасць вырабаў майстрыхі, бо тут было бісерапляценне, вышыўкі, шытво, вязанне, лялькі, цацкі, кераміка, арыгамі, пэчворк, бяроста… Крычаўскі жывапіс прадстаўлялі мастакі Пётр Сцебіхаў, Уладзімір Ерафееў, Сяргей Масіха і Уладзімір Іваноў.
Па выніках адборачнага тура на абласны прайшлі Крычаў, Мсціслаў і Краснаполле. І вось у Бялынічах сабраліся лепшыя калектывы Магілёўскай вобласці. Тут прайшлі заключны канцэрт і выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Вялікім поспехам карыстаўся крычаўскі жывапіс. І не выпадкова ўсе прызавыя месцы ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” дасталіся нашаму раёну: Уладзімір Іваноў узнагароджаны дыпломам І ступені, Уладзімір Ерафееў – ІІ, Пётр Сцебіхаў і Сяргей Масіха – ІІІ. Народная студыя “Добрасць” у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” атрымала дыплом ІІ ступені. Ніводны калектыў вобласці не быў удастоены такога суквецця дыпломаў. І сапраўды, не старэе майстэрства ветэранаў “Добрасці”.
С. ДЗМІТРЫЕЎ.
У лютым у нашым горадзе на базе раённага Цэнтра культуры прайшоў рэгіянальны адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх