Велікодны дэкор
10.04.2018
—
Разное
|
Пяты раз у Стоўбцах прайшло адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс «Велікодная пісанка». У гэтым годзе на конкурс прыехалі 44 майстры мастацкага аздаблення велікодных яек з 10 раёнаў Мінскай вобласці. Конкурс штогод праводзіцца напярэдадні Святой Пасхі. Фае раённага Цэнтра культуры ператварылася ў прыгожую святліцу з мноствам расфарбаваных яек, вышытымі ручнікамі і іконамі. Урачыстае адкрыццё конкурсу адбылося ў зале Цэнтра культуры. З прывітальным словам з пажаданнямі поспехаў звярнулася да ўдзельнікаў свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. Таксама прывітаў удзельнікаў конкурсу старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, ён жа і ўзначаліў журы. Майстры даставілі на свята дамашнія калекцыі і падчас конкурсу выконвалі роспіс яек у самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На конкурс былі прадстаўлены велікодныя яйкі, аздобленыя воскам, арнаментамі, інкрустацыяй саломкай, бісерам, роспісам шпількай, цвіком, былі «крашанкі, «травянкі», «капанкі», аўтарскі роспіс, традацыйныя беларускія ўзоры, сюжэтны роспіс і інш. Дзякуючы такой творчасці майстры выконваюць справу захавання і папулярызацыі традыцый беларускага роспісу велікодных яек. Стаўбцоўскі раён на гэтым свяце-конкурсе прадстаўлялі 23 майстры дэкаратыўна-прыкладнога роспісу з раённага Цэнтра культуры, Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Шашкоўскай і Дзераўнянскай дзіцячых школ мастацтваў, Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры Іна Дрозд за распісаныя яйкі ў тэхніцы «драпанка». У гэтай жа тэхніцы дыплом ІІІ ступені атрымала выхаванка Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Камелія Сёмуха. У намінацыі «Капіраванне арнаментаў розных народаў для аздаблення яек» адзначана кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Сузор’е» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Мартыненка. Выкладчыца Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Карніцкая атрымала ўзнагароду як лепшы настаўнік. Яе вучаніца Яна Савіцкая адзначана журы ў намінацыі «Аздабленне яек бісерам». Дзіна Багданец са Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ўзнагароджана дыпломам у намінацыі «Роспіс драўляных яек». Гран-пры конкурсу журы прызначыла майстрысе па роспісе драўляных яек з Уздзеншчыны Святлане Шчэрбач. Уладальнікі лаўрэацкіх дыпломаў атрымалі ва ўзнагароду акрамя дыпломаў крыштальныя яйкі, вырабленыя па заказе раённага Цэнтра культуры на шклозаводзе «Нёман». Прысутныя маглі паўдзельнічаць у майстар-класах, гэта выклікала вялікі інтарэс, можна было павучыцца, як распісаць велікодныя яйкі ў дамашніх умовах. Дапамаглі зрабіць свята адметным у стылі беларускіх традыцый народны хор народнай песні Навасвержанскага дома культуры і народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль «Журавінка» Івянецкага дома культуры. Вышываныя ручнікі на свята-конкурс прадставілі Надзея Аляшкевіч і Людміла Віцько з аграгарадка Слабада, а ручнікі і вышытыя іконы – Галіна Дошчачка са Стоўбцаў. Арганізатары конкурсу з раённага Цэнтра культуры чакаюць майстроў роспісу яек у наступным годзе на VI Адкрытае абласное свята-конкурс «Велікодная пісанка», якое надоўга прапісалася ў Стоўбцах. Святлана ЖЫБУЛЬ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пяты раз у Стоўбцах прайшло адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс «Велікодная пісанка». У гэтым годзе на конкурс прыехалі 44 майстры мастацкага аздаблення...
|
|