Областной семинар «День охраны труда» прошёл на базе УП ЖКХ Ушачского района
11.04.2018
—
Разное
|
Абласны семінар “Дзень аховы працы” прайшоў на мінулым тыдні на базе УП ЖКГ Ушацкага раёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскай вобласці. Аб актуальнасці названай тэмы казаць залішне: дыяпазон работ камунальнікаў надзвычай шырокі, і значная іх частка адносіцца да небяспечных. За першы квартал бягучага года ў камунальнай сферы вобласці зарэгістравана тры выпадкі цяжкога траўматызму, у той час як за аналагічны перыяд 2017-га – толькі адзін. Як звесці падобныя сітуацыі да нуля і не дапусціць няшчасных выпадкаў? Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць – а таму было вырашана асноўную частку семінара прысвяціць менавіта практыцы. Захаванне правілаў бяспекі падчас дарожных работ удзельнікі семінара паглядзелі, адправіўшыся на вуліцу Віцебскую. На адным з ажыўленых участкаў працуе тэхніка і непасрэдна работнікі: ідзе ачыстка дарогі і тратуара. “Участак абавязкова абазначаем і выстаўляем на адлегласці папераджальныя дарожныя знакі па абодва бакі руху, каб аўтамабілісты маглі здалёк убачыць месца дарожных работ і выбраць правільную хуткасць. Падчас любых работ абавязковай умовай з’яўляецца і наяўнасць спецыяльнай формы”, – знаёміла з ходам работ майстар па добраўпарадкаванні ЖКГ В.В.Шчэрбік. Наступным пунктам практычнай часткі сталі не менш небяспечныя работы на вышыні. “Задача: замена адліву на балконе на 4 паверсе шматкватэрнага дома. Ушачы дэманструюць, усе астатнія ўважліва сочаць, каменціраваць будзе Наваполацк”, – як на экзамене зазначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Д.І.Герасімаў. Вытрымалі ж іспыт на выдатную адзнаку практычна без заўваг работнікі брыгады па абслугоўванні жылфонду. Вопытны майстар, “Ганаровы работнік ЖКГ” Н.М.Маковіч за тры дзясяткі гадоў алгарытм дзеянняў пры такіх работах вывучыла добра і ніколі не адступае ад яго, кожны этап – ад абазначэння тэрыторыі да інструктажу выконвае дасканала: у пытаннях аховы працы і бяспекі людзей дробязей не бывае. У свеце апошніх падзей у праграму семінара не маглі не ўключыць адпрацоўку плана эвакуацыі на адным з аб’ектаў ЖКГ. Па сцэнарыі ўзгаранне адбылося ў памяшканні гасцініцы, спрацавала пажарная сігналізацыя, работнікі павінны былі праз запасны выхад вывесці людзей і эвакуіравацца самі. Прыбыўшыя да месца здарэння выратавальнікі аператыўна справіліся з узгараннем, а таксама правялі для ўсіх прысутных невялікі ўрок, як правільна карыстацца вогнетушыцелем. Як адзначалі ўдзельнікі семінара, падобныя мерапрыемствы дазваляюць не толькі абмяняцца вопытам работы, але і на канкрэтных прыкладах разгледзець праблемныя сітуацыі, здольныя прывесці да няшчасных выпадкаў. Адпрацоўка ж на практыцы патэнцыяльна небяспечных сітуацый зніжае рызыку траўматызму. Удзельнікі семінара скарысталіся магчымасцю пазнаёміцца з фізкультурна-аздараўленчым комплексам “Юнацтва-Ушачы” і мемарыяльным комплексам “Прарыў”. “Актыўны ўдзел у будаўніцтве і добраўпарадкаванні гэтых аб’ектаў прынялі нашы работнікі ЖКГ, за што ім вялікая ўдзячнасць. Упэўнены, што наведванне нашых комплексаў пакіне ў вас станоўчае ўражанне і вам захочацца вярнуцца сюды зноў ужо са сваімі сем’ямі”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама А.В.Галяковіч. І сапраўды, ужо пасля некалькіх хвілін экскурсіі па “Юнацтва-Ушачы” госці раёна былі ў захапленні. “Цудоўны комплекс з выдатнымі магчымасцямі, ні ў чым не саступае тым, што маюцца ў абласным цэнтры! Зробім фотаздымкі на тэлефон, каб паказаць сваім калегам!” – адзначылі прадстаўнікі ЖКГ з Віцебска. Вынікі мерапрыемства падведзены на пленарным пасяджэнні, на якім рабоце УП ЖКГ Ушацкага раёна ў дадзеным накірунку была пастаўлена высокая адзнака. Вольга КАМАРКОВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абласны семінар “Дзень аховы працы” прайшоў на мінулым тыдні на базе УП ЖКГ Ушацкага раёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў...
|
|