Узаемадзеянне ў імя экспазіцыі
18.04.2018
—
Разное
|
У Стоўбцах ёсць што паказаць і пра што расказаць, таму гораду сапраўды не хапае краязнаўчага музея. На працягу мінулага года вялося абмеркаванне месца, дзе ён мог бы быць. Стварэнне музея падтрымала дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім. Невыпадкова, што раённая арганізацыя ТБМ, касцяк якой складае актыўная і нераўнадушная моладзь, выступае рухавіком гэтай работы, асноўным каардынатарам грамадскага ўзаемадзеяння. Яны, своеасаблівыя фанаты сваёй малой радзімы (менавіта па іх ініцыятыве Стоўбцы ўпрыгожвае першы і пакуль адзіны мурал з сімвалічнай назвай «Стары горад»), збіраюцца па вечарах, у вольны ад работы час, каб акумуляваць ідэі і энергію, якая дапаможа рухацца далей. На адной з апошніх сустрэч была вылучана для абмеркавання канцэпцыя будучага краязнаўчага музея. Гэтая сустрэча, як і ранейшыя, праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы, з нязменным мадэратарам Міхаілам Мацкевічам. У якасці эксперта была запрошана дырэктар Дзяржынскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Вашкевіч. Спадарыня Галіна (дарэчы, наша зямлячка, родам з вёскі Трылес) шчыруе ў ім з першага дня. Дырэктар звярнула ўвагу, што музей пачынаў сваю дзейнасць 30 гадоў таму, цяпер у ім дзейнічае другая па ліку экспазіцыя, і гэтыя перамены даюць магчымасць не застыць у часе. Пра музей – у цяперашнім часе На цяперашні момант для адкрыцця музея ў Стоўбцах разглядаецца першы паверх невялікага будынка па вуліцы Першамайскай, 2. Гэта гістарычны цэнтр горада, ды і сам будынак, цалкам верагодна, быў пабудаваны ў дарэвалюцыйны час. Вядомы ён як дом Тунікаў, у якім жыла яўрэйская сям’я і ўтрымлівала мясную лаўку. Канцэптуальна гэты будынак прапануецца разбіць на чатыры часткі – для пастаяннай і часовай экспазіцый, інтэрактыўнай зоны, – а ў прыбудове размясціць адміністрацыю і сховішча музея. За правобраз музея ў Стоўбцах узята ідэя выставачнай залы. Міхаіл Мацкевіч патлумачыў, чаму музей «звужаны» да выставачнай залы. Аргкамітэтам была ажыццёўлена паездка ў сховішча, і яна засведчыла, што накапленні фондаў не такія вялікія, гэтая справа працяглая і нятанная. Яўген Шавель падкрэсліў: «Тое, што назапашана ў сховішчах у Старым Свержані і Наваколасаве, патрабуе «стэлажных» (а не ў каробках) умоў захоўвання, належнага перапісу». Пастаянную экспазіцыю моладзь прапанавала стварыць у выглядзе гандлёвай лаўкі пачатку ХХ стагоддзя. Зала часовай экспазіцыі павінна быць рухомай, прыстасаванай да актуальных выставачных прапаноў і, акрамя таго, запатрабаванай для культурнага жыцця. Яна магла б стаць месцам сустрэч з цікавымі людзьмі, правядзення майстар-класаў, канферэнцый і ток-шоу на гісторыка-краязнаўчую тэматыку і т. п. Цікавасць можа выклікаць і інтэрактыўная зона, калі, да прыкладу, у музеі можна будзе браць у рукі экспанаты і з імі фатаграфавацца (стаўбчане, як Аляксандр Гутоўскі, выказалі гатоўнасць дарыць музею экспанаты з уласных архіваў і калекцый). Дадатковым камерцыйным складнікам музея можа стаць сувенірная крама з вырабамі мясцовых майстроў народнай творчасці. Галіна Вашкевіч адзначыла сучасны падыход стаўбчан да музея, у якім спалучаюцца выхаваўча-пазнавальны і камерцыйны складнікі. У гэтым ёсць рацыя – сёння многія музеі спрабуюць самастойна зарабляць. На думку эксперта, пры любым падыходзе кропкай адліку павінен быць аўтэнтычны матэрыял, а менавіта ўнікальная гісторыя Стоўбцаў, і найпершая функцыя музея – збор, апрацоўка і захаванне экспанатаў. Спецыяліст падзялілася, што дзяржынскі музей «заваёўвае» гледача экспазіцыяй з наяўнасцю антыкварных рэчаў, сам ідзе да яго з перасоўнымі выстаўкамі ў месцы масавых гулянняў, правядзення святочных мерапрыемстваў і т. п. У выніку – за мінулы год маюць 17 тысяч наведвальнікаў. І, дарэчы, не толькі коштам недарагога білета жыхары Дзяржынскага раёна спрычыніліся да развіцця свайго музея. Яны некалькі разоў выходзілі на суботнікі, каб падтрымаць яго заробленымі сродкамі. Эксперт слушна прапанавала стаўбчанам ужо сёння пачынаць работу музея. Як, скажаце вы, не маючы будынка? У выглядзе перасоўных выставак. Цікавыя экспанаты ж у нас ёсць. Галоўнае – надаць музейнай тэме шырокі розгалас. Першы вопыт у гэтым, як нагадала краязнавец Людміла Назаранка, паказала летась наша дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа – яна арганізавала цікавую фотавыстаўку «Стоўбцы летам 1941 года». Цэнтр турысцкіх тэндэнцый Адметна, што музей паўстае адразу ў трох іпастасях: як цэнтр прыцягнення ў наш рэгіён турысцкіх тэндэнцый (а мы можам прапанаваць гісторыю яўрэйства і крэсаў усходніх, памежнай зоны), інтэрактыўная пляцоўка для далучэння жыхароў раёна да культурнага жыцця і як месца, дзе магчыма арганізаваць гістарычныя рэканструкцыі (да прыкладу, паказаць працу аптэкара Кітаевіча). Паразважаўшы, удзельнікі сустрэчы стварылі віртуальны план музея, і асаблівасць у тым, што ён выйшаў за межы будынка і займеў свае «квадраты» на вуліцы і ў суседніх установах – бібліятэцы, дзіцячым садзе і т. п. Паводле заявак можна практыкаваць выезды наведвальнікаў на брукаванку і іншыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны Стаўбцоўшчыны. Варта аб’яднаць турыстычныя патэнцыялы Стоўбцаў і Новага Свержаня і дабіцца з дапамогай інтэрнэт-прасторы таго, каб турысцкія кампаніі праявілі зацікаўленасць і ўключылі наш музей у маршрут-трохкутнік – Мір – Стоўбцы – Нясвіж. Таццяна ПЯТКЕВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Стоўбцах ёсць што паказаць і пра што расказаць, таму гораду сапраўды не хапае краязнаўчага музея. На працягу мінулага года вялося абмеркаванне месца, дзе ён мог...
|
|