Ён духам мацнейшы за сталь
23.04.2018
—
Разное
|
Не сакрэт, што аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі была мацнейшай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі, як па колькасці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і па эканамічным уроне. Для ліквідацыі наступстваў былі мабілізаваны значныя рэсурсы. Як сведчаць інтэрнэт-даведкі, для гэтых мэтаў было задзейнічана больш 600 тысяч чалавек. Сваю значную місію ў ліквідацыі выконвалі і жыхары Петрыкаўшчыны. Сказаць сёння – быў у кожнага з іх выбар ехаць у самае пекла ці не, вельмі цяжка. Была пастаўлена задача – і кожны спраўляўся з ёй па сваім сумленні і адказнасці. Гэта аварыя кранула ўсіх жыхароў планеты, і да сёння не кожны ўяўляе сапраўдную карціну таго, што нарабіў выбух і вялізны выкід радыяцыйных рэчываў у атмасферу. Уплыў іх на раслінны і жывёльны свет, а таксама на чалавека і да сёння вывучаюць навукоўцы. Напярэдадні гэтай сумнай даты мы завіталі ў Бабунічы да Мікалая Палтарана. Ён адзін з тых, хто атрымаў статус ліквідатара. Але што яшчэ ён атрымаў? Хіба што пакуты ад цяжкай хваробы, з якой жыве і змагаецца цяпер. Сваім аповедам Мікалай Леанідавіч згадзіўся падзяліцца з чытачамі раёнкі. – Родам я са Смятанічаў, – пачаў свой аповед Мікалай Леанідавіч. – Спецыяльнасць набываў у Буда-Кашалёўскім тэхнікуме. Працоўны шлях пачынаў у муляраўскай “Сельгастэхніцы”, дзе займаўся абслугоўваннем і рамонтам даільных і халадзільных установак у сельгаспрадпрыемствах раёна. На той час кіраўніком прадпрыемства быў Анатоль Віцебскі. Заработак быў дастойны, а вось жыллё не давалі. А нам, маладой сям’і, яно было патрэбна. Дарэчы, у 1979 годзе ажаніўся. Аднойчы прыехаў у “Запаветы Ільіча” падпісваць працэнтоўкі. На запраўцы выпадкова сустрэў кіраўніка Алега Шурына. Той мяне і запрасіў да сябе на працу наладчыкам і жыллё прадаставіў, як і абяцаў. Дзесяць рублёў страціў у заробку, але потым з дырэктарскага фонду дадалі 40% прэміі, і заробак выйшаў дастойны – 160 рублёў у месяц. Затым у Бабунічах змяніўся кіраўнік, на пасаду прыйшоў Уладзімір Яўмененка і неяк усё змянілася. Вярнуўся я ў Муляраўку і да скарачэння працаваў там яшчэ больш за восем гадоў. Так сталася, што з жонкай мы разышліся. Ад першага шлюбу ёсць сын Дзяніс, які жыве і працуе ў Жлобіне. Я вярнуўся зноў у Бабунічы і працаваў на зернятоку на пагрузчыку. 20 ліпеня 1986 года адпрацаваў сваю змену з 16 да 24 гадзін і вяртаўся дадому. І тут мяне сустрэла былы сакратар сельсавета Вольга Сітніца (светлая ёй памяць). Яна вельмі мітусілася, сказала, што заўтра мяне выклікаюць у Петрыкаў у ваенкамат, у 9 гадзін раніцы я павіен прыбыць. Прасіла, каб зайшоў у сельсавет і яна выпіша павестку. Раніцай я быў у ваенкамаце ў Петрыкаве, дзе сабралося з два дзясяткі вясковых мужчын. Нам нічога не казалі, толькі чуткі хадзілі, што нас накіроўваюць на зборы на 45 сутак. Адразу прайшлі медагляд, потым накіравалі ў Калінкавічы, у шпіталь, дзе зноў абследавалі і выдалі ваенную вопратку. І толькі там даведаліся, што едзем у Кіеўскую вобласць, Іванкаўскі раён, вёску Аранае. Дарэчы, вось яна, павестка з чырвонай стужкай. Я і да сёння яе захаваў. У Араным нас накіравалі на лазне-пральны перасоўны батальён. Спецыяльна высеклі лес, усталявалі палаткі, у якіх змясцілі абсталяванне, што працавала круглыя суткі. Працавалі тры змены кожная па восем гадзін. Ваду прывозілі для прання на машынах у цыстэрнах. Мылі, адціскалі, сушылі бялізну і ваенную форму. Былі таксама заняты на ліквідацыі забруджанай тэхнікі, абсталявання. Уявіце сабе: вялізны катлаван-магільнік, куды закопвалі аўтобусы “Ікарусы”, бензапілы, швейныя машыны, усё-усё, што нельга было забіраць і вывозіць з забруджанай зоны. Уражвала тое, што столькі дабра было пакінута і нікому не патрэбна. Ці было страшна? Не. Радыяцыю мы не бачылі, не адчувалі. Рэспіратары і дазіметры давалі, але хіба яны выратоўвалі? Кожны чарговы замер радыяцыі паказваў, што доза выпраменьвання на нас павышаецца. Гэта фіксавалася ў кніжцы. Харчаванне было добрае. Абмазаныя салідолам банкі з кансервамі, тушонкай мы раскаркоўвалі і гатавалі ежу. Было, што і чарку-другую самагонкі вып’еш. Тыя абяцаныя 45 сутак былі падвоены. Мы звярнуліся ў Кіеўскую ваенную акругу, каб нам далі дошкі. Трэба ж было майстраваць нешта, бо ўжо было холадна ў палатках, прыйшла восень. Магчыма, дзякуючы гэтаму гвалту нас і адпусцілі дадому. Ведаю, што там былі і мае землякі – Валера Мыц і Валодзя Бялько. За 91 дзень знаходжання там атрымаў 90 рублёў. А вось дома ў саўгасе налічваўся за кожны месяц падвоены заработак. Калі вярнуўся дадому, то два касцюмы сабе купіў, трохі прагуляў ды і ажаніўся яшчэ. З Людмілай Васільеўнай сваёй пражылі ўжо 31 год. Сын Саша жыве ў Салігорску, працуе на бензавозе ў сельгаспрадпрыемстве “Чырванаборцы”. Унучку Яўгену 19 мая ўжо 5 гадкоў споўніцца. Добрымі ўспамінамі ў маёй памяці захавалася служба ў арміі. Служыў на Кольскім паўвостраве ў штабе дывізіі ў танкавых войсках. Гэта фінская мяжа. Была магчымасць застацца там. Грошы вялікія можна было зарабіць. Але не змог прызвычаіцца да тых мясцін: усюды каменне, нічога не расце, садоў квітнеючых няма, з гародніны і садавіны ўсё прывазное было. Ды і ночы там белыя: не зразумела, ці то дзень, ці ноч. Я заўсёды думаў, як там моладзь гуляць ходзіць? У нас у вёсцы ноччу цёмна, але ж як праводзіш якую дзяўчыну дадому пасля танцаў, то раніцай бабы кароў гоняць і ўжо ведаюць, хто з кім гуляў (смяецца – аўт.). І ўсё ж цяпер думаю, што іначай магло б скласціся жыццё, калі б там застаўся. Мог бы сказаць таксама ў ваенкамаце, калі накіроўвалі ў Чарнобыльскую зону, што баліць нага, пакульгаў бы трохі і застаўся дома. Але такі сумленны быў, адважны. Цяпер вось ногі мае не ходзяць. Праблемы пачаліся з 2004 года, таму ўрачы напісалі, што захворванне не звязана з Чарнобылем, маўляў, шмат гадоў мінула. Але крываток парушаны, цыркуляцыі крыві ў нагах няма. Адзінае, што мяне чакае – гэта ампутацыя ног. Гэта добра яшчэ, што я невысокі і лёгкі. І тое не дапамагае. Інвалід другой групы. Робяць такую аперацыю ў нас сасудзістыя хірургі, называецца яна “штаны”, дзе поўнасцю ў нагах замяняюць галоўныя сасуды на штучныя. Але на мяне ўрачы даўно махнулі рукой, сказалі, што позна ўжо. Ды і пенсію, як аказалася, я не зарабіў “чарнобыльскую”, жыву на 294 рублі 73 капейкі. Вельмі шмат эмоцый пакінула ў мяне сустрэча з Мікалаем Палтаранам. Думаю, колькі такіх людзей у нас, хто, не шкадуючы свайго часу, здароўя, жыцця, прыносіць сябе ў ахвяру дзеля агульнай справы! Ці змагла б я ці нехта з майго і больш маладога пакалення пайсці на такую ахвяру? Ці вартая яна таго? Цяжка адказаць… Інга ГІЛЕНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не сакрэт, што аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі была мацнейшай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі, як па колькасці загінулых і пацярпелых ад яе наступстваў...
|
|