Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Традыцыйна на мерапрыемства ў Авальную залу Дома ўрада былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, банкаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.
Бяспека — у еднасці народа
Бяспека краіны — у еднасці народа, моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце зноў робіцца стаўка на сілу, у тым ліку ваенную, як спосаб забеспячэння і пашырэння сваіх інтарэсаў. «Чуваць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш — ледзяной. Гэта выбухованебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі няўстойлівым можа быць мір», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перад тварам пагрозы цьмянеюць любыя дасягненні цывілізацыі, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі. «Таму разумеем: наша бяспека — у еднасці нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы», — заявіў Прэзідэнт.
«Стабільнасць і з’яднанасць грамадства, яго еднасць даліся нам нялёгка. Нам ёсць што губляць. І ёсць што абараняць. Усвядоміць гэта лепш своечасова. Каб не атрымалася потым, як у народзе кажуць: «Што маем — не беражом, страціўшы — плачам», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што адказнасць за мір і парадак ляжыць на кожным жыхары Беларусі — пачынаючы з уласнай сям’і, дома, горада або вёскі і заканчваючы краінай.
«Калі мы разам — толькі тады мы сіла. І зможам процістаяць любым выклікам», — упэўнены беларускі лідар.
«Чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы»
«Чалавецтва, на жаль, знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці. На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца. Бяспека стала пэўнай з’явай. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка яе страціць і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі. Стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі звычайнымі з’явамі. Усё гэта суправаджаецца ростам напружанасці і канфрантацыі, якія пачынаюць ужо проста зашкальваць».
«Мы бачым жорсткае лабіраванне, часам насаджэнне ўласнай эканамічнай і палітычнай выгады, непрыкрытую варожасць да апанентаў. Нацыянальны эгаізм, пагарджэнне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, парушэнне міжнародных норм становяцца неад’емнай часткай палітыкі вядучых сусветных ігракоў», — канстатаваў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, планету захліснулі гандлёвыя войны. «Злучаныя Штаты, кіруючыся жорсткім пратэкцыянізмам, змагаюцца з Кітаем. Адначасова разгарнулася маштабная санкцыйная вайна супраць Расіі. Дайшлі да таго, што па парадзе з-за акіяна Еўрасаюз абмяжоўвае ўласныя кампаніі, якія працуюць на нафтавым рынку з нашай усходняй суседкай, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Ды і ў нас далёка за прыкладамі хадзіць не трэба — вазьміце хаця б «малочныя» і «мясныя» баталіі, «цукровыя», якія праводзіць наш бліжэйшы партнёр, блакіруючы доступ натуральным беларускім прадуктам на свой рынак».
«Мы бачым, як лёгка нагнятаюць паніку і істэрыю растыражаваныя ў сетках і на інфармацыйных парталах паведамленні правакацыйнага характару. Менавіта так у дваццаць першым стагоддзі пачынаюцца рэвалюцыі ў іх «каляровай» версіі, якія сумна заканчваюцца для саміх жа ўдзельнікаў. Тым, хто разважае сёння на тэму: ці патрэбна нам армія, ці неабходна міліцыя, — раю з’ездзіць у краіны, якія зведалі «арабскую вясну», або нават у сэрца Еўропы, накрытае міграцыйнай хваляй. Пагутарыць там са звычайнымі людзьмі і даведацца, ці адчуваюць яны сябе дома абароненымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Быць адкрытымі для лепшага
«Наша задача — быць адкрытымі для лепшага. Мэта — расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змяненняў, якія нам патрэбны і якія дадуць магчымасць павышаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэта тэма была галоўнай на пасяджэнні ўрада, дзе былі разгледжаны вынікі 2017 года. «Мы не рабілі ніякай тайны, мае строгія ацэнкі і прынцыповыя вывады даведзены да грамадства», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што той час, калі дзяржавы і народы маглі жыць і развівацца, не азіраючыся на іншых, незваротна мінуў. Татальная ўзаемазалежнасць сучаснага свету — гэта ўжо не проста прыгожая фраза. «Свет складваецца ў адзіны глабальны арганізм. Інтэрнэт стаў яго нервовай сістэмай, міжнародныя фінансы, банкі — крывяноснай. Аблічча сусветнай эканомікі ўсё ў большай ступені вызначаюць не нацыянальныя дзяржавы, а гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі. Іх камерцыйныя інтарэсы дамінуюць над палітыкай або дамоўленасцямі. Яны ж і правакуюць эканамічныя і нават ваенныя канфлікты. Гэта суровая рэальнасць нашага часу», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Мы будуем дзяржаву для народа
«Галоўная мэта застаецца нязменнай — мы будуем дзяржаву для народа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, цяпер на першы план выходзіць задача ўмацаваць эканоміку і прымножыць дабрабыт грамадзян. Свет не стаў прасцейшым, ён стаў цікавейшым, даў роўныя магчымасці і шанцы. Умець скарыстацца імі — пытанне будучыні краіны, яе незалежнасці і паспяховасці, сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Якой будзе Беларусь заўтра — залежыць ад кожнага з нас! Пры гэтым трэба памятаць, што працвітаючай можа быць толькі тая краіна, дзе існуе баланс адказнасці дзяржавы і грамадства за выкананне сваіх абавязкаў. Дзе кожны клапоціцца не толькі аб сабе, але і аб Радзіме. Дзе любыя выклікі і пагрозы не расколваюць грамадства, а аб’ядноўваюць, дапамагаючы выстаяць у сучасным свеце», — заявіў ён.
«Калі мы будзем працаваць дастойна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дабіцца пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам», — сказаў Прэзідэнт.
Негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў у Беларусі пераадолены
«Шчыра кажучы, год таму мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы, быццам бы, пераадолелі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі, канстатаваў Прэзідэнт, нізкі ўзровень інфляцыі, аднаўляюцца аб’ёмы экспарту, паляпшаецца структура плацежнага балансу. «Грошай столькі, колькі мы зарабляем, і для вырашэння праблем друкарскі станок не ўключаем, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Бюджэтныя сродкі расходуюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы — гэта дае магчымасць мець узважаную курсавую палітыку. Па росце валавога ўнутранага прадукту выходзім з двухгадовай рэцэсіі».
«Галоўнае цяпер — надаць пазітыўным змяненням незваротны характар. Гэта — краевугольны камень эканамічнай палітыкі, тое, што дасць магчымасць захаваць эканамічную стабільнасць, а значыць, мір і парадак у грамадстве», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
> Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага...