Дзіцячая помста –“Кацюша”
07.05.2018
—
Разное
|
Чаму яны, сведкі той страшнай вайны, так падрабязна памятаюць яе? Баяцца ва ўспамінах нешта згубіць, прапусціць. Берагуць у памяці імёны і прозвішчы тых, з кім хаваліся ў лесе, хто дапамог у час бамбёжкі, сведкам чыёй смерці сталі самі. Пры гэтым у аповедзе пра сваё жыццё забываюць назваць імёны дзяцей і мужа ці жонкі, мімахадзь кажуць пра свае працоўныя подзвігі. Бо працу тады інакш, як подзвігам, назваць і нельга. Калі ў яе родныя Аносавічы прыйшла вайна, Вандзе было чатырнаццаць гадоў. Маці ўжо два гады, як засталася сама з сямю дзецьмі, калі бацьку арыштавалі. Ванда, старэйшая, змагла скончыць толькі чатыры класы, потым засталася на дамашняй гаспадарцы з братамі і сёстрамі. 1942 год. Палаюць Хвойня, Курыцічы, Людзвіноў, Ванюжычы. Згарэў і іх пасёлак у Аносавічах. Людзі паспелі схавацца ў лесе. Іх прыстанкам стаў востраў у балоце пад Дубровай. Днём крадком прабіраліся ў вёску, каб тое-сёе пасеяць і сабраць. Напрыканцы зімы 1943 года ў лясах пачаліся аблавы. Фашысты палілі курані разам з дзецьмі і жанчынамі. Іншых бралі ў палон і вярнулі ў Аносавічы, месяц трымалі пад вартай, сагнаўшы ў чатыры дамы па пяцьдзясят чалавек. Потым пагналі ў Навасёлкі. Горла звяла сутарга, слязьмі напоўніліся яе вочы, калі Ванда Станіславаўна ўзгадвала тую страшную раніцу. Дзяцей вырывалі з рук матуль, як бярвенцы, кідалі ў таварныя вагоны цягніка, што быў прыгнаны на вузкакалейку ў вёску. – Маці нашу пакінулі ў Аносавічах, – звалодаўшы са слязьмі, расказвае жанчына. – Я і трое маіх большых братоў трапілі ў той цягнік. Без прыпынку, вады і ежы нас везлі да Варшавы. Пакармілі там нейкай мутнай вадою. Наступным прыпынкам была ўжо Германія, горад Розенберг. Праз нейкі час нас перакінулі ў дзіцячы лагер горада Капен. Галадалі моцна. Над дзяўчынкамі здзекаваліся менш. Нашым наглядальнікам была мажная ўкраінская дзяўчына з Дона – Алена. – Малодшаму з братоў, якія трапілі ў палон, было сем гадоў, – з асаблівым болем гаворыць Ванда Станіславаўна. – Ён мала што разумеў яшчэ, вельмі пакутаваў ад голаду. У лагеры днём была гадзіна, калі нельга было выходзіць з баракаў. Ён жа, неслух, прабраўся да кухні і ў яме для смецця знайшоў лісты капусты. Радасны, вярнуўся ў барак, напяваючы “Кацюшу”, словы якой склалі самі дзеці, пакуль жылі ў лагеры. І быў за тое жорстка збіты наглядчыкам. Можа, і скончылася б тады яго жыццё, каб не заступіліся старэйшыя браты і іншыя хлопцы. Але брат тады пашкодзіўся розумам, потым яму ўвесь час здавалася, што яго забівалі. А ўсім дзецям пасля таго выпадку двое сутак не давалі ежы. Наступным месцам палону палескіх дзетак быў горад Дасаў на рацэ Эльбе. У вялікім лагеры было аддзяленне для дзяцей. Старэйшых з іх ганялі на працу на завод. Была вясна 1945 года. Дзяцей пабудавалі ў калону і пагналі некуды. Ішлі да ночы. Раптам ахоўнікі некуды зніклі, з імі застаўся толькі начальнік дзіцячага лагера, беларус Шода. Спыніўшыся на лясной дарозе, сталі чакаць раніцы. Тады зразумелі, што дзеці сталі жывым шчытом на перадавой каля зенітнай батарэі. Камандаванне гэтай вайсковай структуры ім забараняла некуды ісці пад пагрозай расстрэлу. Дзеці плакалі ад холаду, стомленасці і жаху. Шода мог супакойваць іх толькі абяцаннем, што не кіне іх тут адных. Дзесяць дзён яны стаялі на той лясной дарозе. Старэйшыя хлопцы хадзілі на нямецкія пазіцыі прасіць ежы, але таго для некалькіх соцень дзяцей было недастаткова. Раніцай 29 красавіка прагучаў свісток – сігнал “строіцца” даваў начальнік лагера Шода. Немцы аказаліся тут жа і запэўнілі, што будуць страляць, калі калона рушыць з месца. “Страляйце! Ім ужо ўсё роўна, ад чаго паміраць: голаду, снарадаў ці вашых куль!” – у адчаі крычаў Шода. І тут у небе з’явіліся савецкія самалёты. Пікіруючы над калонай дзяцей, яны далі магчымасць палонным збегчы з месца, перабрацца праз мост у Дасаў, схавацца ў бункерах. Бой быў страшным. Зямля дрыжэла, не сунімалася. Каб дзеці не аглохлі, начальнік лагера казаў ім паадкрываць раты і пазакрываць вушы. Наступіла цішыня, і ў бункер спусціліся амерыканскія салдаты. Дзяцей зноў размясцілі ў іх лагеры, праўда, прадуктаў цяпер было намнога больш. Даведаўшыся, што гэтыя дзеці сіроты з Палесся, амерыканскае камандаванне вырашыла пераправіць іх у Амерыку. Але дзецям патрэбны былі іх матулі, іх родная зямля. Ніхто не згаджаўся ехаць за акіян. Тады Шода поначы выправадзіў старэйшых хлопцаў уплаў на іншы бераг ракі ў размяшчэнне савецкіх войскаў, каб расказаць пра дзіцячы лагер, пра меркаваную іх адпраўку. Атрымалася. Да абеда наступнага дня пачалася пераправа дзяцей маторнымі лодкамі на савецкі бераг. А Шоду арыштавалі. Тры месяцы дзеці жылі ў сваім былым лагеры пад наглядам урача, з добрым харчаваннем. І пісалі пісьмы з просьбамі адпусціць іх начальніка лагера, бо толькі дзякуючы яму яны засталіся жывымі. Потым гаварылі, што гэтага мужчыну не расстралялі, а направілі на фронт “крывёю змываць ганьбу службы немцам”. У жніўні дзяцей пагрузілі ў машыны і праз Кёнігсберг павезлі ў Франкфурт-на-Одэры. Там размясцілі ў былым нямецкім шпіталі. – Параненыя немцы, што былі пры шпіталі, вырашылі даць нам канцэрт, – з асаблівай інтанацыяй пачала гаварыць жанчына. – Адзін з іх зайграў “Кацюшу”. І тут мы падхапілі мелодыю спевам той, перакладзенай на свой лад песні: Разлетались головы и туши, Дрожь колотит немца за рекой – Это наша русская «Катюша» Немчурам поёт за упокой. Страх и горе немцу предостанет, Головой зароется в сугроб. Но его и там мотив застанет, И станцует немец прямо в гроб. Ты лети, лети, как говорится, На кулички к чёрту на обед. И в порту таким же дохлым фрицам От Катюши передай привет. Пусть он вспомнит девушку Катюшу, Пусть услышит, как она поёт, Как с врага вытряхивает душу И бойцам отвагу придаёт. У паніцы немцы паўцякалі са сцэны. Так грымела дзіцячымі галасамі наша нянавісць да іх. Кожны той песняй хацеў адпомсціць за забітага бацьку і расстраляную маці, спаленую вёску і зніклых без вестак родных, за свае пакуты. А я – за браціка, якога за гэту песню зрабілі хворым. Раніцай маленькіх вязняў пагрузілі ў цягнік, упрыгожаны кветкамі і лозунгамі “Добры дзень, Радзіма-маці!”, “Спяшаемся на Радзіму”. І ў суправаджэнні ваенных яны прыбылі ў Маладзечна. Потым пераправілі ў дзіцячы дом у Крычаве. – Яшчэ з Германіі я паслала першы ліст маці дадому, – Ванда Станіславаўна нібы пасвятлела тварам, калі закончыла расказ пра час тых пакут. – Мы нават не ведалі, ці жывая яна і малодшыя брат і сёстры. Потым паслалі ліст ужо з дзіцячага дома. Маці прыехала разам з жанчынамі з Капаткевічаў. Іх дзеці таксама былі з намі ўвесь час. Але кіраўніцтва дзіцячага дома адгаворвала матуль забіраць дзяцей: тут іх кормяць, жывуць у цяпле і чысціні, ходзяць у школу. Ды ці магло быць іначай. Адарваць нас ад маці ўжо не маглі. Мы паехалі дадому, каб зноў галадаць, жыць у склепе, але быць разам. У 17 гадоў Ванда стала ў плуг з іншымі жанчынамі, стала адзінай гаспадыняй у хаце і апорай для малодшых братоў і сясцёр, калі маці ездзіла ў Заходнюю Беларусь на заработкі. Але таго хворага сынка брала з сабою. Толькі яна магла яго супакоіць, калі здараўся чарговы прыступ. Аднойчы вярнулася сама. Сына пахавала недзе ў Ровенскай вобласці. У пачатку пяцідзясятых гадоў Ванда Станіславаўна паехала будаваць капцэвіцкі гароднінасушыльны завод. У адрозненне ад калгаса, тут можна было хоць нешта зарабіць, каб дапамагчы маці. Тут выйшла замуж і муж павёз яе ва Украіну. Праз 12 гадоў вярнуліся ў Аносавічы, ужо з сынам і дачкою. – Была бетоншчыкам, кровельшчыкам, каменшчыкам, – коратка расказвае пра мірнае жыццё жанчына. – Будавала Навасёлкі, Колкі, Петрыкаў. Двойчы была ўдарнікам камуністычнай працы, узнагароджана медалём за шматгадовую добрасумленную працу. Любіла працу, таму мяне і паважалі. Што за жыццё без працы! Я нават карову трымала да васьмідзесяці гадоў. Некалькі гадоў, праўда, была прыкаваная да ложка. Але ж у Мінску ў ваенным шпіталі мяне паставілі на ногі, дакладней, на кастылі. Дзякуй і за тое. Вялікая справа, калі нікому не ствараеш праблем. Давялося некалькі зім жыць у дачкі ў Мінску, а цяпер сама з дапамогай сацыяльнага работніка спраўляюся. Летась Вандзе Волахавай споўнілася 90 гадоў. З улікам таго, колькі гора, бяды і неймаверных цяжкасцяў выпала на яе долю, здзіўляешся, як у ёй цяпер умяшчаюцца столькі дабрыні і абаяльнасці. Яе светлы твар з прыемнай усмешкай, аптымізм і поўная адсутнасць крыўды на жыццё і лёс прыцягальныя. Нам вучыцца жыць трэба ў гэтых людзей. Алена БРУЦКАЯ. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму яны, сведкі той страшнай вайны, так падрабязна памятаюць яе? Баяцца ва ўспамінах нешта згубіць, прапусціць. Берагуць у памяці імёны і прозвішчы тых, з кім...
|
|