Часцей, часцей прыпамінай…
Імёны паўшых смерцю храбрых
За родны край, наш мілы край, –
Каб над зямлёй, што млела ў ранах,
Плыў гэты сіні-сіні ранак,
Цвіў гэты белы-белы май, –
Часцей, мой друг, прыпамінай!
Прыпамінай часцей, мой друг,
Імёны тых, што ўсё зрабілі –
Вышэй усіх тваіх заслуг,
Што, як і ты, да слёз любілі
Маністы ўвосень на рабіне
І ў ліпкіх смолках майскі луг, –
Не забывай пра іх, мой друг!..