Адчыніў дзверы «Утульны дом». 21.by

Адчыніў дзверы «Утульны дом»

11.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У другі раз наша вёсачка Грынкі сабрала на фестываль «Утульны дом» людзей з залатымі рукамі, з запалам і натхненнем у душы – майстроў Свіслаччыны. Сёлетні фестываль быў прымеркаваны да Года малой радзімы.

 

Таму пасля святочнага адкрыцця фестывалю і шчырых пажаданняў ад старшыні Нязбодзіцкага сельсавета Марыі Качко мілагучна і шчыра гучалі песні пра родную вёску ў выкананні вакальнага калектыву «Спадчына». Іх аўтар – наш сябар і зямляк Іван Ламашкевіч.
На цырымоніі адкрыцця свята быў прадстаўлены сімвал фестывалю – вясёлы кот Катафеевіч, які і запрасіў гасцей у вандроўку да майстроў, якія з задавальненнем расказвалі пра сябе і праводзілі майстар-класы па розных накірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Ірына Фунт у жыцці многа чаго ўмее рабіць сваімі рукамі. Але сэрца яе аддана саломцы. Яна прывезла цэлую калекцыю сваіх работ з сонечнага матэрыялу, а дзеці з цікавасцю вучыліся рабіць стыльны абручык. Жанна Сыраежка апошнім часам працуе ў Доме рамёстваў. На сёлетні фестываль яна прывезла новую калекцыю паясоў, у тым ліку з выявай «Утульны дом». Надзея Мацюк да кагорты рукадзельніц далучылася зусім нядаўна, але так захапілася вырабамі з тканіны, што ўжо ўдзельнічае ў розных кірмашах і мерапрыемствах. На вачах прысутных у яе руках нараджалася лялька. Вольга Блыш прыехала з Вердамічаў, ды не адна, а са сваімі сяброўкамі па аматарскаму аб’яднанню «У самовара». Яе непаседлівыя рукі ўмеюць рабіць усё. Але самы любімы занятак – з непатрэбных і забытых рэчаў ствараць модныя панамкі, жакеты, рукзачкі, падушкі... Зоя Радзівонік прывезла свае любімыя вырабы з газетных трубачак. Тут і розныя шкатулкі, і кошычкі, нават сімвал года – сабака. З інтарэсам дзеці і дарослыя назіралі, як майстрыха стварае цуд, і ўяўлялі сябе за гэткай цікавай справай. Віталій Аніська круціў ганчарны круг, і ва ўмелых руках з’яўляўся гаршчок. Адзін, другі… Зацікаўленых было не адарваць ад гэтага відовішча.


Свае выставы-продажы разгарнулі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры са Свіслачы і сектар культуры і вольнага часу ў аг. Грынкі. Цудоўную сувенірную прадукцыю прэзентавалі Аксана Васілька і Святлана Шмыга. А яшчэ побач разгарнулася ўтульная «Чайная даліна», дзе можна было папіць духмянай гарбаты ці кавы.
Кот Катафеевіч паклікаў дзяцей на вясёлую віктарыну, а потым правёў конкурс «Пластылінавыя фантазіі». Многім пашчасціла – яны атрымалі прыгожыя мяккія сувеніры.


Пасля спякотнага сонечнага дня ўсе з задавальненнем перайшлі ва ўтульную залу сектара культуры. Тут размясцілася інтэрактыўная выстава «Мода з камода». На сцэне разгортвалася дзея вясковых вячорак.
На святочнай цырымоніі закрыцця фестывалю са словамі падзякі выступіла дырэктар Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Мацкевіч. Яна падзякавала арганізатарам за цудоўнае свята, а таксама ўручыла два дыпломы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама – жаночаму клубу «Сельчанка» і прэс-клубу «Вёсачка мая» за удзел у абласным конкурсе аматарскіх аб’яднанняў.


Свята скончылася, але яно яшчэ доўга будзе доўжыцца ва ўспамінах і тых, хто перадаў у гэты дзень часцінку свайго захаплення іншым, і тых, хто знайшоў сабе сяброў і справу па душы, і тых, хто проста адпачыў пад час свята і сэрцам, і душой…
P. S. Фестываль «Утульны дом» прайшоў у рамках раённага конкурсу на лепшае клубнае мерапрыемства «Для вас, добрыя людзі!».

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
загадчык сектара культуры і вольнага часу ў аг. Грынкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У другі раз наша вёсачка Грынкі сабрала на фестываль «Утульны дом» людзей з залатымі рукамі, з запалам і натхненнем у душы – майстроў Свіслаччыны. Сёлетні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика