Вітае панна Doll’я!
22.05.2018
—
Разное
|
Вось і праходзіць чарговы год, не толькі навучальны, але і музейны. 18 мая супрацоўнікі музейных устаноў святкуюць сваё прафесійнае свята, падводзяць вынікі, узгадваюць найяскравыя моманты ў час фарміравання выстаў і работы з публікай. Між іншым, нашаму гісторыка-краязнаўчаму музею ёсць чым пахваліцца: пра разнастайныя экспазіцыі і праекты мы неаднаразова пісалі на старонках раёнкі. Летась сядзіба Дзеда Талаша ў Навасёлках і Музей прыроды ў Ляскавічах трапілі ў маршрут нашумелага на ўсю рэспубліку круізнага цеплахода “Белая Русь”. Такім чынам, турысты з іншых краін (у пераважнай большасці з Расійскай Федэрацыі) маюць магчымасць пазнаёміцца не толькі з лёсам нашага мясцовага героя, але і з традыцыйнай побытавай культурай палешукоў, даведацца больш пра прыроднае навакольнае асяроддзе гэтых унікальных мясцін. Пасля доўгага перапынку пабачыла свет чарговая персанальная выстава мясцовага мастака Івана Перарэжкі, прысвечаная роднаму краю, яго гісторыі і людзям. Аматары ваеннай гісторыі, мабыць, засталіся задаволены экспазіцыяй мініяцюр Барыса Купчынава, у якіх аўтар адлюстраваў вядомыя гістарычныя бітвы і адметныя помнікі архітэктуры нашай краіны. Цікава было паглядзець на рыцарскія даспехі, шаломы і зброю, што некалькі месяцаў таму кожны мог крануць у каміннай зале музея. Пэўна, нікога не пакінуў абыякавым двухручны меч, трымаючы які, кожны мог адчуць не толькі магутнасць сярэдневяковай зброі, але і яе вагу. Ёсць сярод гараджан і гасцей Петрыкава тыя, хто не трапіў на самыя папулярныя выставы. Але, бадай, не засталося людзей, што пра іх не чулі. Пад новы год у Петрыкаў завітала самая натуральная і нават дзікая выстава экзатычнай фауны. Чарапахі, варан і змеі, павукі і вялізныя прусакі прыцягвалі да сябе зацікаўленыя позіркі наведвальнікаў ці наадварот выклікалі халодныя дрыжыкі па скуры. Зусім іншы, больш віртуальны характар мела нядаўняя выстава “Героі беларускіх казак, міфаў і легенд”, дзе аматары духоўнай культуры знаёміліся з традыцыйнымі пазанатуральнымі істотамі і духамі беларускай міфалогіі. Звыклыя выявы нячысцікаў на паперы арганічна дапаўняліся скульптурамі і камп’ютарнай гульнёй з акулярамі віртуальнай рэальнасці, што былі даступныя кожнаму наведвальніку. Акрамя гэтага, у музеі працуюць дзве пастаянныя выставы: археолага-этнаграфічная і экспазіцыя ў так званым ваенным пакоі, што распавядаюць жыхарам і гасцям горада пра нашу гісторыю. Але гэта толькі бачная частка работы ўстановы. Акрамя выставачнай працы і экскурсій, музейшчыкі ладзяць двухбаковую сувязь з насельніцтвам. Супрацоўнікі выдаюць гістарычныя даведкі наконт ваенных пахаванняў, аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Адначасова праводзяць работу з насельніцтвам па зборы інфармацыі, папаўненні фонду экспанатаў. Кожная рэч павінна быць дэталёва апісана і пашпартарызавана. Такім чынам, экспазіцыі становяцца больш багатымі, а жыхары горада ўсвядомяць свой удзел у захаванні гісторыі Петрыкаўшчыны і будуць ведаць, што рэчы даўніны належна захаваюцца і паслужаць гістарычнай навуцы. Вось і на прафесійнае свята музей чакаў усіх жадаючых. Перад уваходам гучала прыемная інструментальная музыка – ансамбль “Гармонія” выконваў інструментальныя класічныя і эстрадныя кампазіцыі. Асаблівай папулярнасцю сярод дзятвы карыстаўся аквагрым. Маленькія наведвальнікі мелі магчымасць не толькі ўпрыгожыць сябе стракатым малюнкам, але і самі спрабавалі сябе ў якасці мастакоў, вымалёўваючы на тварах сяброў і сябровак кветкі і зорачкі. На другім паверсе музея наведвальнікаў чакаў сапраўдны эксклюзіў – аўтарскія лялькі праекта “Панна Doll’я” ад лепшых майстроў Беларусі і краін блізкага замежжа. Матэрыялы, з якіх выкананы лялькі, як і адлюстраваныя вобразы, надзвычай разнастайныя. Пад страхой, на коміннай палічцы на людзей гузікамі-вочкамі пазірае лялька з гарышча, выкананая з самага простага тэкстылю. У куце міленька прытуліліся дзеткі-анёльчыкі, што прыбылі сюды нібыта з Францыі мінулага стагоддзя. Больш пампезна выглядаюць фарфоравыя лялькі і філігранна выкананыя маскі, у аздабленні якіх выкарыстоўваліся бісер, карункі і празрыстыя, рознакаляровыя камяні. Своеасаблівым цэнтрам выставы з’яўляецца сама панна Доля – кукла бабулі-гаспадыні ў нацыянальным адзенні. Вусны жанчыны расплываюцца ў лёгкай усмешцы, а ў руках яна трымае гуску. Інсталяцыя нагадвае нам пра свае карані і сімвалізуе просты, але такі патрэбны кожнаму дабрабыт і павольны ход часу, якога не хапае нам у сучаснасці. Экспазіцыю дапаўняюць цёплыя карціны са сціплымі сюжэтамі дзяцінства, у якіх кожны наведвальнік, здаецца, пазнае і ўзгадае нешта сваё. Ну а мы шчыра віншуем музейных работнікаў з прафесійным святам, жадаем і далей радаваць цікавымі выставамі і весці нас у таямнічы свет прыгожага і пакуль не спазнанага. Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара і Пятра ШАДУРЫ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось і праходзіць чарговы год, не толькі навучальны, але і музейны. 18 мая супрацоўнікі музейных устаноў святкуюць сваё прафесійнае свята, падводзяць вынікі,...
|
|