Надзейна ахоўваюць граніцу, зберагаюць гісторыю, прадаўжаюць слаўныя традыцыі. 21.by

Надзейна ахоўваюць граніцу, зберагаюць гісторыю, прадаўжаюць слаўныя традыцыі

29.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

28 мая — прафесійнае свята пагранічнікаў. У гэты дзень у 1918 годзе дэкрэтам Савета Народных Камісараў была ўстаноўлена пагранічная ахова граніцы. 100-годдзе органаў пагранслужбы шырока адзначылі ў Беларусі. 25 мая ў Палацы Рэспублікі адбыліся ўрачысты сход і вялікі канцэрт. Удзел у ім прынялі некалькі пакаленняў пагранічнікаў, у тым ліку і ваеннаслужачыя воінскіх часцей, размешчаных у нашым раёне, ветэраны органаў пагранічнай службы і члены іх сем’яў. Тры дні доўжыліся святочныя мерапрыемствы на Пастаўшчыне.

Старонкі гісторыі Асобнага авіяцыйнага атрада

Гэта назва выставы, якая ў мінулую пятніцу адкрылася ў раённым краязнаўчым музеі. Ініцыятарам яе стварэння выступіла настаўніца СШ № 4 Наталля Федаровіч. Сумесна з работні­камі музея і з дапамогай ветэранаў Асобнага авія­цыйнага атрада была сабрана багатая інфармацыя пра яго стварэнне і дзейнасць. На адкрыццё выставы прыйшлі ветэраны, былыя ваеннаслужачыя атрада, іх родныя. Увагу прыцягнулі экспазіцыі «Будні і святы», «Юбілейныя даты», «Віды Пастаў з верталёта», «Трагедыя ў небе» і іншыя.

25 кастрычніка 1993 года на базе 206-й Асобнай эскадрыллі ракетных войск стратэгічнага назначэння СССР загадам камандуючага пагранвойскамі Беларусі была ўтворана 1-я Асобная авіяцыйная эскадрылля пагранічных войск Рэспублікі Беларусь (пазней рэфармавана ў атрад). Вялікі ўклад у фарміраванне, камплектаванне асабовага складу, авіяцыйнай тэхнікі, маёмасці ўнеслі палкоўнікі Э. П. Сяргун, А. І. Данільчык, падпалкоўнік В. М. Трафімаў. Камандзірам быў назначаны маёр М. І. Харчанка. У яго падпарадкаванні знаходзіліся 24 афіцэры і 32 прапаршчыкі. Многія ваеннаслужачыя прайшлі праз пекла афганскай вайны. Сярод іх былыя камандзіры В. С. Гарачка, С. І. Раманчук, на рахунку якіх 934 і 270 баявых вылетаў адпаведна, а таксама С. Г. Мыраеў, М. В. Сіняўскі, В. Я. Скурацёнак, А. В. Літвін, А. Н. Емяльянаў і іншыя.

Годна выконвалі ваеннаслужачыя ўскладзеныя на іх абавязкі па ахове Дзяржаўнай граніцы і на пастаўскай зямлі. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці атрад сем разоў прымаў пераходны вымпел і атрымліваў прызы ад Старшыні Дзярж­пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь.

— Фарміраванне авіяцыйнага атрада праходзіла ў няпросты час не толькі для арміі, але і для краіны: развал Савецкага Саюза, эканамічная нестабільнасць, — гаварыў падпалкоўнік запасу Аляксандр Касенка. — Але мы дакладна разумелі пастаўленыя перад намі задачы, рабілі ўсё магчымае і немагчымае па ахове Дзяржаўнай граніцы з паветра. Радуе, што гісторыю пераймае маладое пакаленне.

Не маглі абмінуць ветэраны і трагедыю, якая здарылася ў небе 20 кастрычніка 2011 года за 800 метраў ад вёскі Вілейты Ярэўскага сельсавета. У выніку катастрофы за­гінулі пілоты Ігар Скварцоў і Андрэй Пякарскі, а таксама карэспандэнт канала «Союз» Юлія Шатэрнік, аператар Віталій Прачкоўскі і вадзіцель Сяргей Шамалаў.

— Авіяцыя — гэта заўсёды рызыка, — гаварыў падпалкоўнік запасу Пётр Жураўскі. — На жаль, ёсць трагічная старонка і ў нашага авіяцыйнага атрада. На месцы трагедыі ўстаноўлены помнікі загінулым, памяць пра іх шануюць не толькі тыя, хто асабіста ведаў пілотаў-прафесіяналаў, але і грамадскасць Пастаўшчыны.

Чатыры гады, як авіяатрад расфарміраваны. Але ёсць жывыя сведкі яго гісторыі — ветэраны. Старшыня савета ветэранаў-пагранічнікаў падпалкоўнік запасу Мікалай Яльчык узгадаў, якія святы ладзіліся на базе часці, які ўклад ваеннаслужачыя ўнеслі ў добраўпарадкаванне горада.

Шмат прапаноў па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення ўнёс старшы прапаршчык у адстаўцы Аляксандр Астравушка, які ў свой час актыўна займаўся парашутным спортам. І на выставу ён прадставіў некаторыя віды парашутаў, газетныя публікацыі пра атрад, узнагароды.

Выстава навеяла ўспаміны пра тэрміновую службу і дырэктару СШ №4 Вячаславу Пякарскаму.

У заключэнне арганізатары выставы Наталля Федаровіч і Таццяна Гарошка па­дзякавалі ўсім, хто падзяліўся карыснай і цікавай інфармацыяй, фотаздымкамі і відэа пра Асобны авіяцыйны атрад. А асабліва — камандзіру дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» МНС Рэспублікі Беларусь Алегу Ярому за спонсарскую дапамогу.

Фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте

 

Свята зялёных берэтаў

У мінулую суботу ў райцэнтры было, здаецца, па-асабліваму зелена. Веснавую квецень зрабілі больш насычанай зялёныя берэты пагранічнікаў, іх прыгожая парадная форма, на якой ад сонца яшчэ ярчэй пераліваліся шматлікія ўзнагароды.  Святочная калона з ліку ваеннаслужачых 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, пагранкамендатуры «Паставы», аддзялення пагранічнага кантролю «Мольдзевічы», ветэранаў, навучэнцаў патрыятычнага класа СШ №4, іх родных і блізкіх запоў­ніла вуліцу Чырвонаармейскую. Пасля ўскладання вянкоў і кветак да брацкай магілы ля мікрараёна 5 гарадка ўдзель­нікі ўрачыстасці накіраваліся на цэнтральную пло­шчу горада.

Са сцэны юбіляраў віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто,  начальнік пагранкамендатуры «Паставы» маёр Раман Строганаў, ваенны камісар раёна падпалкоўнік Мікалай Кулік, старшыня савета ветэранаў-пагранічнікаў падпалкоўнік запасу Мікалай Яльчык.

Віншаванне ад Старшыні Дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь Анатолія Лапо зачытаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце ваеннага шпіталя падпалкоўнік Аляксей Буйніч. Загадам Старшыні Дзяржпагранкамітэта звання «Выдатнік пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» удастоены капітан медыцынскай службы Таццяна Карпуніна і прапаршчык Андрэй Танана, нагрудным знакам «За дапамогу органам пагранічнай службы» ўзнагароджаны начальнік аперацыйнага блока Сяргей Дзедуноў, каштоўныя падарункі атрымалі падпалкоўнік медыцынскай службы Андрэй Бязмен і капітан медыцынскай службы Уладзімір Мятліцкі.  Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны старшая медыцынская сястра Анастасія Рагіня, начальнік фізіятэрапеўтычнага аддзялення Тамара Януковіч і ветэран органаў пагранічнай службы палкоўнік Валерый Гарачка. Вялікая група ваеннаслужачых — юбілейнымі медалямі «100 гадоў органам пагранічнай службы Беларусі».

На плошчы гарадажан і гасцей чакалі розныя забавы, частаванне салдацкай кашай. Хлопчыкі з цікавасцю вучыліся разбіраць і збіраць аўтамат. Вялікую канцэртную праграму падрыхтавалі ваеннаслужачыя і работнікі шпіталя. Цудоўнаму адпачынку спрыяла сонечнае надвор’е. Бегалі дзеці, весяліліся дарослыя. А ў гэты час бесперапынную варту па ахове Дзяржаўнай граніцы Беларусі неслі ваеннаслужачыя пагранза­стаў «Лынтупы», «Ярэва, пагранічнага паста «Палессе», кантралёры спрошчаных пунктаў пропуску «Мольдзевічы» і «Лынтупы» ажыццяўлялі пропуск грамадзян і транспартных сродкаў.

Не толькі гасцей, але і парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы першымі сустракаюць пагранічнікі. Іх місія ганаровая і адказная, патрабуе мужнасці, высокага прафесіяналізму, піль­нас­ці, шчырай адданасці Ра­дзіме.

Фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте

 

Верныя баявому брацтву

Так можна ахарактарызаваць тых, хто прыехаў у Паставы на міжнародны злёт ветэранаў Узброеных Сіл, органаў пагранічнай службы і ветэранаў лакальных ваенных канфліктаў. Сярод іх воіны-інтэрнацыяналісты з многіх рэгіёнаў Віцебскай, Мінскай абласцей, а таксама Літвы і Эстоніі. Традыцыйна злёт праходзіць у Гомельскай вобласці ці Прыбалтыцы. Пастаўшчына ладзіла такі форум упершыню. Напачатку адбылася сустрэча ў райвыканкаме з кіраўніцтвам раёна. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Пасля гаспадары і госці ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у скверы па вуліцы Гагарына.

Размясціліся ўдзельнікі злёту ў палатачным лагеры на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». Вечарам там з канцэртнай праграмай выступіў вакальна-інструментальны ансамбль «Скіфы».

Раніцай наступнага дня ветэраны прыехалі на плошчу імя Леніна для ўдзелу ў раённым свяце, прысвечаным 100-годдзю органаў пагранічнай службы Беларусі. А затым інтэрнацыянальная сустрэча прадоўжылася ў Азёрках. Прысутных вітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Кісялёў.

— Злёт воінаў-інтэрнацыяналістаў — знакавая падзея для нашага раёна, — сказаў Юрый Мікалаевіч. — Падчас яго вы ўспамінаеце баявыя гады і таварышаў, пацвярджаеце сваё адзінства і баявое брацтва. Мы рады вітаць на нашай зямлі прадстаўнікоў Літвы і Эстоніі. Літоўскія гарады Швянчоніс, Шырвінтас, Рокішкіс і Купішкіс, эстонскі Йыхві, латвійскія Віесітэ і Рэзекне з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі Пастаў. Нас аб’ядноўваюць не толькі мінулае, гісторыя, але і імкненне жыць у дружбе і згодзе.

Думку Юрыя Кісялёва прадоўжыў старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валяр’ян Мацкевіч: «Разваліўся Савецкі Саюз, не заўсёды проста перасячы грані­цу. Вось і на гэты раз не атрымалася прыехаць дэлегацыі з Латвіі, надоўга затрымаліся на граніцы эстонцы. Але баявое брацтва разбурыць немагчыма. Мы радыя, што ўдаецца мацаваць сяброўскія адносіны з таварышамі па зброі з іншых краін. Некалі мы былі адной вялікай сям’ёй, выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, і гэта яднае нас».

Нямала воінаў-інтэрнацыяналістаў пражывае на тэрыторыі Малдовы. Ім таксама хацелася трапіць на міжнародны злёт. Прыехаць удалося толькі аднаму чалавеку. Ён перадаў шчырае прывітанне баявым таварышам, выказаў сваё захапленне выдатнай арганізацыяй мерапрыемства, шчырасцю пастаўчан, цудоўнай прыродай.

Удзельнікам злёту прапанавалі насычаную спартыўную праграму, падчас якой мераліся сіламі ў гіравым спорце, валейболе, настольным тэнісе, перацягванні каната.

Прадстаўнікі дэлегацый Латвіі, Эстоніі, Беларусі абмяняліся падарункамі і памятнымі сувенірамі, падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве і шчыра дзякавалі арганізатарам, асабіста старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерыю Лушчыку за гасціннасць, высокі ўзровень правядзення злёту.

30 гадоў назад гэтыя ўжо немаладыя мужчыны ваявалі разам. На кожным кроку іх падсцерагала смерць. Ім пашчасціла выжыць. Таму сустрэча праз гады — сапраўднае свята. Гэта адчувалася па той шчырай абстаноўцы, якая панавала ў Азёрках: абдымкі, пацалункі, кранальныя, шчымлівыя ўспаміны і надзея на чарговую сустрэчу.

Анна АНІШКЕВІЧ

Фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> 28 мая — прафесійнае свята пагранічнікаў. У гэты дзень у 1918 годзе дэкрэтам Савета Народных Камісараў была ўстаноўлена пагранічная ахова граніцы. 100-годдзе органаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика