Беларуская вызваленчая аперацыя “Багратыён” летам 1944 года ахапіла практычна ўсю тэрыторыю Смалявіцкага раёна. Суровыя баі вяліся за вызваленне ад ворагаў мястэчка Смалявічы. У паўднёвай частцы раёна савецкія воіны мужна стрымлівалі ўсе спробы акружаных фашыстаў вырвацца з “мінскага катла”. Дзевяць бясконца доўгіх гадзін з велізарнымі стратамі з абодвух бакоў вёўся смяротны бой каля вёсак Роткаўшчына і Студзёнка, але захопнікі з акружэння там не выйшлі. Імклівае наступленне нашай арміі ішло і ў раёне вёсак Пекалін і Волма.

Пасля вызвалення Магілёва ваенныя дарогі прывялі 380-ю Арлоўскую дывізію, якой камандаваў генерал-маёр А.Ф.Кустоў, у Смалявіцкі раён. Увайшоўшы ў склад 50-й арміі, злучэнню, як і ўсяму 121-му стралковаму корпусу, давялося ўдзельнічаць у ліквідацыі буйной, акружанай на ўсход ад Мінска, у большасці на тэрыторыі Смалявіцкага раёна, групоўкі ворага.

Абстаноўка тады была такая: разбітыя часці 12-га, 27-га армейскіх і 39-га танкавага карпусоў фашыстаў згрупаваліся ў лясах на поўдзень і паўднёвы захад ад Рудні, у раёне вёсак Пекалін і Волма. Захопнікі імкнуліся вырвацца з акружэння. Каб ажыццявіць гэты намер, фашысты на працягу 4 ліпеня 1944 года шэсць разоў атакавалі савецкія часці.

У той дзень 380-я стралковая дывізія знаходзілася ў другім эшалоне корпуса. Па загаду камандзіра корпуса палкі дывізіі да 15 гадзін 4 ліпеня сканцэнтраваліся ў лясах на поўнач і паўночны ўсход ад населенага пункта Краўча. Падрыхтаваўшыся да бою, палкі занялі агнявыя пазіцыі. 1260-ы полк размясціўся на ўсходнім ускрайку лесу непадалёк ад вёскі Пекалін фронтам на паўночны ўсход. Побач размясціўся 1264-ы стралковы полк. Яго пазіцыя была ў раёне Краўчы. 1262-і стралковы полк заставаўся ў рэзерве камандзіра дывізіі і займаў пазіцыі двума батальёнамі ў лесе на ўсход ад вёскі Пяцігодка і адным прыкрываў вёску Драчкава.

Ноччу дывізія прыняла бой. За тую цяжкую ноч воіны дывізіі адбілі дзевятнаццаць варожых атак і нанеслі ворагам значны ўрон. Бой быў да таго жорсткім, што некалькі разоў пераходзіў у рукапашныя схваткі. На асобных участках падраздзяленні неаднаразова пераходзілі ў контратакі. Пры гэтым варожыя салдаты здаваліся ў палон.

Упартыя баі працягваліся 5 і 6 ліпеня. Абстаноўка была складаная. Асобныя невялікія варожыя групы прабіраліся лясамі і пералескамі паміж нашымі часцямі. Нашым трэба было адбіваць атакі з фронту і ліквідаваць тых, каму ўдалося прабіцца з акружэння. Але палкі і батальёны з гэтай нялёгкай задачай спраўляліся паспяхова.

У ноч на 6 ліпеня фашысты зрабілі яшчэ адну спробу вырвацца з акружэння на паўднёва-заходнім напрамку. Каля 10-15 тысяч салдат і афіцэраў ішлі калонамі, бесперапынна вялі агонь, падымаючы як мага больш шуму. Гэта была сапраўдная “псіхічная атака”. Але нашы часці добра арганізавалі “сустрэчу” агнём артылерыі, мінамётаў, стралковых падраздзяленняў. Дзве гадзіны ішоў бой. Але намер ворага не ўдаўся. Амаль пяць з паловай тысяч салдат і афіцэраў было забіта, 950 – узята ў палон. Была знішчана вялікая колькасць варожага ўзбраення, боепрыпасаў, тэхнікі. Акрамя таго, былі ўзяты і багатыя трафеі – аўтамашыны, гарматы, аўтаматы, вінтоўкі, амаль тысяча коней.

Нашы воіны ў гэтых баях праявілі шматлікія прыклады мужнасці і гераізму. Адно толькі адбіццё “псіхічнай атакі” стала праявай масавага гераізму салдат і афіцэраў.

На ўсходняй ускраіне вёскі Пяцігодка агнявыя пазіцыі займала батарэя асобнага знішчальнага артылерыйскага супрацьтанкавага дывізіёна пад камандаваннем старшага лейтэнанта І.С.Аўраміча. За два дні баёў батарэя адбіла каля дваццаці атак гітлераўцаў, але з рубяжа артылерысты не саступілі ні на крок. На іх пазіцыі рухалася лавіна ворагаў, каля сотні чалавек. Артылерысты стойка абаранялі свой рубеж, прамой наводкай асколачнымі снарадамі знішчалі атакуючых фашыстаў. Калі скончыліся снарады, у ход пайшлі аўтаматы, ручныя гранаты. Але скончыліся і патроны. Тады адважныя батарэйцы пайшлі ўрукапашную. На камандзіра батарэі І.С.Аўраміча накінуўся нямецкі афіцэр, схапіў яго за горла. Аўраміч не разгубіўся, застрэліў немца з пісталета.

Адбіўшы ўсе атакі, артылерысты самі перайшлі ў контратаку і ачысцілі ад праціўніка заходнюю ўскраіну вёскі. Пасля гэтага падвялі вынікі двухдзённага бою. Аказалася, што воіны батарэі знішчылі каля двухсот салдат і афіцэраў, 18 узялі ў палон.

Разлік 76-міліметровай гарматы пад камандаваннем І.І.Грычаннага займаў агнявую пазіцыю каля бальшака. На світанні каля сотні варожых салдат рынуліся прама на артылерыстаў. Але тыя паспелі своечасова адкрыць агонь. Нямала гітлераўцаў палегла ў тым баі.

Узорам воінскай доблесці і адданасці свайму абавязку сталі воіны 1264-га стралковага палка, якім камандаваў палкоўнік Сцяпан Герасімавіч Пінігін. Пяць воінаў палка былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях па ліквідацыі “мінскага катла”. Чацвёра з іх удастоены звання Героя на тэрыторыі Смалявіцкага раёна. Гэта – радавы, кулямётчык М.М.Шохін, старшы сяржант Б.Султанаў, артылерысты А.А.Ібраеў і П.С.Садакаў. Іх імёны добра вядомыя на Смалявіччыне.

Ужо ў пасляваенныя гады ў музеях баявой славы Пекалінскай, былой Валмянскай, Верхменскай, Драчкаўскай і іншых школ раёна быў сабраны багаты матэрыял аб вызваленчых баях на тэрыторыі Смалявіччыны, аб мужнасці і гераізме воінаў-вызваліцеляў, аб той дарагой цане, якой была заваявана незалежнасць роднага краю. Гэтыя старонкі нашай гісторыі з’яўляюцца важнейшай асновай для ваенна-патрыятычнага і грамадзянскага выхавання падрастаючага пакалення. Гэта нашы гонар і годнасць.

Э.ПАТАПЧЫК

 (па матэрыялах кнігі “Памяць”).