22 чэрвеня – дзень смутку. У гэты дзень роўна 77 гадоў назад досвіткам нацысцкая Германія, вераломна парушыўшы дамову аб ненападзенні, уварвалася на тэрыторыю Савецкага Саюза. Пачалася вайна. Жорсткая, кровапралітная. Вайна, у якой Беларусь страціла кожнага трэцяга. Напярэдадні 22 чэрвеня вырашыла запытаць хацімчан: што для іх азначае гэта дата, і як Вялікая Айчынная вайна кранула іх сем’і?Кацярына Гурына, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— 22 чэрвеня — дзень смутку, дзень памяці. Вайна “пакінула меткі” на кожным пакаленні, на кожнай беларускай сям’і. У нашай сям’і свая гісторыя, аб якой я даведалася ад сваіх блізкіх. Калі пачалася вайна, майму прадзядулю прыйшлося ісці ваяваць. І, выходзячы з роднага дома, ён, быццам адчуваў, што больш не вернецца, наказаў жонцы: “Народзіцца сын — назаві як мяне — Сярожа”. У хуткім часе, 26 чэрвеня, сапраўды з’явіўся хлопчык, але свайго сына мой прадзядуля ўжо не ўбачыў… Сёння мой дзядуля Сяргей Сяргеевіч жыве разам з намі. Безумоўна, аб вайне ён расказаць не можа — быў зусім малы, але добра памятае аповяд цёткі, якая расказвала, як аднойчы ўратавала яго ад немцаў.
Мы, сённяшняе пакаленне, не маем права ў паўсядзённых клопатах, у радасных падзеях сучаснага жыцця забываць тых, хто даў нам магчымасць жыць у свабоднай краіне. Многія ўдзельнікі той вайны ахвяравалі ўласным жыццём, але адстаялі незалежнасць краіны, каб мы, іх нашчадкі, маглі спакойна вучыцца, працаваць і жыць.
Вольга Ігнатовіч, начальнік штаба Хоцімскага РАУС:
— Вайна… Якое страшэннае гэта слова. Ва ўсе часы яно асацыіруецца з болем, стратамі, смерцю.Вайна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага беларуса. Але агульнымі для ўсіх былі людскія пакуты і мільёны абарваных жыццяў, спаленыя гарады і вёскі. “Кранула” гэта падзея і нашу сям’ю. Ведаю, што па матчынай лініі на вайне загінуў — згарэў у танку родны брат майго дзядулі. Яшчэ адзін прадзед знік без вестак пад г. Рослаў. Нам удалося знайсці арыгінал пахаронкі — там значыцца, што пахаваны ён таксама пад г. зРослаў. Калі бываем у Расіі, абавязкова наведваем помнік. Яшчэ двух бабуліных сясцёр саслалі ў Германію. Па бацькоўскай лініі ваяваў бацька, які застаўся жывы, але атрымаў кантузію і прыйшоў з вайны глуханямым. Таму нічога расказаць ён не змог…
Сёння, працуючы на варце правапарадку, разумею, што самае важнае для нас, беларусаў: цаніць мір і аб’ядноўвацца дзеля яго, каб нашы дзеці жылі ў мірным краі. Шанаваць магчымасць жыць побач з блізкімі, а не чакаць іх гадамі з фронту. Кахаць і быць з любімымі, а не атрымоўваць «пахаванкі». Спакойна ісці па вуліцы, а не бегчы хутчэй у бамбасховішча. Гэта ўсё і ёсць шчасце.
Аляксандр Ваўчок (стараста в. Трасціно):
— Сёння мы жывём пад мірным небам і з цяжкасцю можам уявіць, як калісьці на нашай зямлі ішла гэта бязлітасная вайна, як забівалі дзяцей і разлучалі іх з матулямі, як ставілі вопыты на хлопчыках і дзяўчынках, на ваеннапалонных. А, між тым, так было. Мы гэта ведаем, і сэрца сціскаецца ад болю…
Мы аб вайне ведаем няшмат, бо ўдваіх (з жонкай) нарадзіліся ў 1943 годзе, калі яна ўжо ішла. Але добра памятаю, як маці расказвала: калі іх хутар быў спалены, яны хаваліся ад захопнікаў у зямлянках. Бацька быў у партызанскім атрадзе, але так і не дачакаўся Перамогі, загінуў у 1945 годзе. Тата маёй жонкі загінуў у Польшчы, так і не атрымалася знайсці яго магілу. Жонка ўспамінае тыя кранальныя пісьмы ад бацькі, якія любіла перачытваць. Перажывае, што захаваць іх не атрымалася… А вось пасляваенны час, калі ўсё прыходзілася будаваць зноў, памятаем лепш. Хадзілі ў школу з палатнянымі сумкамі, у якіх насілі чарніліцы, якія пастаянна разліваліся. Няпроста было з харчамі, былі рады ўсяму, што траплялася.
Вайна ў кожнага звязана з цяжкімі ўспамінамі – хтосьці страціў сям’ю, хтосьці – проста блізкага чалавека. Але ўсё гэта прынесла вялікія пакуты. Даводзілася хавацца ў лесе, баяцца кожнага шораху, змагацца з голадам і суровымі марознымі зімамі. Цяжкі час – цяжкае і жыццё. Мы, нашы дзеці, унукі і праўнукі жывём у мірны час. Ці не гэта ёсць самае вялікае шчасце, аб якім марыць кожны чалавек на планеце. І мы таксама марым аб гэтым.
Ксенія Хвораст, намеснік дырэктара СШ № 2:
— Я часта лавіла сябе на думцы, што выпрабаванні, якія выпалі на долю маіх блізкіх, як і на долю жыхароў нашай дзяржавы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэта надзвычай жорсткія выпрабаванні. Не магу ўявіць без замірання сэрца, як цяжка прыйшлося людзям нашай краіны. Мой дзядуля Якаў Савіцкі быў партызанам, перажыў вайну і меў шмат узнагарод. Прадзед Дзяніс Радзькоў загінуў, дайшоўшы да Германіі, пад населеным пунктам Леаптэн 28 красавіка 1945 г. Пяцёра сыноў маёй прапрабабулі Дар’і Нікіцінай адправіліся на фронт. Калі вайна скончылася, кожны дзень яна выходзіла сустракаць іх на Гомельскае шасэ, але ніхто з іх не вярнуўся, усе загінулі… Дзяцінства майго дзядулі Васіля Пыткіна прыпала на ваеннае ліхалецце. Ён расказваў, як галадалі, як на яго вачах амаль што не растралялі бацьку, як сам цудам выратаваўся ад стрэлаў паліцэйскага. Шмат год прайшло, а ўсё гэта засталося ў яго памяці. І вось такія факты сямейных хронік успомніць кожны і яны складуць гісторыю вайны. Таму для мяне 22 чэрвеня – гэта не проста гістарычная дата, гэта дзень памяці. Мне заўжды ўспамінаюцца словы: “Памяць- гэта наша сумленне”.
Аксана Лутчанкова, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі:
— 22 чэрвеня — дзень смутку і горычы. Раней у дзяцінстве для мяне гэты дзень быў больш адной з гістарычных падзей. Потым прыйшло разуменне, што гэта знакавая падзея, якая змяніла, скалечыла жыцці мільёнаў людзей, у тым ліку забрала жыццё майго дзядулі Васіля Курзянкова, які ў чэрвені 1941 года прапаў без вестак. Мае бацькі, якія нарадзіліся амаль адразу пасля пачатку вайны, зведалі ўсе нягоды пасляваеннага часу.
Так, 22 чэрвеня — сумная дата. Але, разам з тым, гэтая дата, нароўні з 9 мая, дата гонару, дата радасці за тое, што наш народ змог сабрацца, падняцца і перамагчы. Я веру ў сілу і моц нашай дзяржавы, яе міралюбівую палітыку. Я люблю сваю краіну, сваю мову, свой народ, мне вельмі хочацца, каб на ўсёй зямлі быў мір.
У Цэнтральнай бібліятэцы я вяду краязнаўчую ваенна-патрыятычную базу дадзеных «Памяць пра вайну. Хоцімскі раён». Памяць – адно з самых каштоўных багаццяў, якое даецца чалавеку. Калі чалавек забывае мінулае, то ў яго няма сучаснага, ён не мае права на будучае. Навошта нам памятаць пра вайну? Каб сенажаць у кветках і спеў птушак не пакідалі нас абыякавымі. Каб не было чужога сонца, чужога дажджу. Сонца — яно для ўсіх. Навошта нам памятаць пра вайну? Каб жыць. Каб проста заставацца людзьмі. Я цвёрда перакананая, што пакуль мы памятаем — мы жывём.
Кацярына Дзербуш, старэйшы навуковы супрацоўнік ГКМ:
— Вялікая Айчынная вайна наклала адбітак на лёсы мільёнаў сем’яў, забрала жыцці дарагіх і блізкіх. Яна прымусіла пасталець нават самых маленькіх дзяцей, надзяліўшы іх мужнасцю і вялікай сілай духу ў барацьбе за справядлівасць. Вайна закранула і маю сям’ю, лёсы маіх бабуль і дзядуляў, якія перажылі гэты цяжкі час.
Я шмат чытала пра вайну, слухала аповяды сваёй бабулі Марыі Падабед. Менавіта ад яе я даведалася пра тое, што на вайне, у шэрагах Чырвонай Арміі ваявалі чацвёра яе родных братоў: Юстын Філіпенка, Мікіта, Палікарп і Церах. Пасля вайны бабуля іх ужо не ўбачыла… Мікіта, Церах і Палікарп прапалі без вестак. Пасля, ужо будучы дарослай, я змагла даведацца, што яны пахаваныя ў брацкай магіле каля г. Рослаў. Юстын падчас вайны трапіў у ваенны шпіталь у г. Уфа, бо яму ў баях адарвала нагу. Там ён знаходзіўся на лячэнні доўга, знайшоў сабе жонку і абзавёўся дзецьмі. У родны край так і не змог вярнуцца… Бабуля пасля вайны мела з ім перапіску, але пазней і яна перапынілася.
Для мяне вайна — гэта гора, слёзы. Яна пастукалася ў кожны дом, прынесла бяду: маці страцілі сваіх сыноў, жонкі — мужоў, дзеці засталіся без бацькоў. Вайна скончылася. Але мая бабуля так і не дачакалася сваіх братоў. У кнізе «Памяць. Хоцімскі раён» аб дзядулях ёсць радок, дзе побач з датай нараджэння запісана:« прапаў без вестак »…
Арцём Ібрагімаў, выхаванец дзіцячага садка №3, маленькі патрыёт:
— Я думаю, што вайна — гэта вельмі-вельмі страшна. Гэта, калі страляюць танкі, узрываюцца снарады, калі гінуць людзі. Сёння па тэлевізары можна ўбачыць у ваенных фільмах, як гэта было, у дзіцячым садку нам таксама часта расказваюць пра вайну. Але вельмі хочацца, каб нас падобныя страшэнныя падзеі ніколі не кранулі і, каб людзі ўсяго свету жылі добра і былі шчаслівымі.
Падводзячы вынікі, з упэўненасцю магу сказаць, што Вялікая Айчынная вайна не пусты гук для людзей якія жывуць пасля яе. Вечная памяць, спачуванне да загінуўшых у баю, падзяка нашым продкам, смутак і ў той жа час вялікі гонар — усё гэта адчуваюць хацімчане, калі ўспамінаюць тыя жудасныя падзеі. Мы ніколі не забудзем пра іх ахвяру, і пра тое які неацэнны дарунак — шчасце жыць пад мірным небам, яны пакінулі нам ахвяраваўшы сваім жыццём. Вольга Зайцава
22 чэрвеня – дзень смутку. У гэты дзень роўна 77 гадоў назад досвіткам нацысцкая Германія, вераломна парушыўшы дамову аб ненападзенні, уварвалася на тэрыторыю...