Непаўторныя, абаяльныя прыгажуні Аграпрама. 21.by

Непаўторныя, абаяльныя прыгажуні Аграпрама

09.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

49-e

У Дзень моладзі ў раённым Цэнтры культуры адбыўся конкурс пад назвай «Прыгажуня Аграпрама 2018″, прысвечаны Году малой радзімы. Мерапрыемства праходзіла пад эгідай упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У тэатралізавана-музычным шоу, якое стала традыцыйным, прынялі ўдзел адзінаццаць дзяўчат і маладых жанчын, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе раёна.

– Конкурс прыгажосці – гэта дастойны працяг свята з нагоды юбілею нашага горада, якое прайшло на самым высокім узроўні і застанецца ў гісторыі раёна, – сказаў, адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень. Спадзяюся, што конкурс прыгажосці і нікога не пакіне раўнадушным. Усе ўдзельніцы такія мілыя і абаяльныя. Жадаю кожнай удачы і пазітыўных эмоцый.

У склад журы ўвайшоў старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў. Мікалай Аксёнавіч супрычыніўся да пажаданняў і адзначыў, што ў аграрнай галіне працуе многа прыгожых дзяўчат і жанчын, шчырых руплівіц, якія здольны дастойна прадставіць свае сельгаспрадпрыемствы. Ён прапанаваў, каб у наступным годзе колькасць удзельніц конкурсу павялічылася, і пажадаў, каб у жыцці кожнага беларуса было больш такіх узнёслых і светлых святаў, якія адбыліся гэтымі днямі ў нашым горадзе.

Вядучыя запрасілі гледачоў у казачную краіну прыгажосці, маладосці і зачаравання пад назвай «Аграпрам». Самым захапляльным стаў конкурс «Візітная картка», у якім удзельніцы расказвалі пра сябе, пра сваю малую радзіму. Яны спявалі, чыталі вершы, танцавалі, прымалі ўдзел у тэатральных сцэнках, не страчваючы пры гэтым пачуцця гумару. Фотаздымкі дапаўнялі расказы прыгажунь аб сабе, дазваляючы пабачыць кожную канкурсантку не толькі на рабоце, але і дома, сярод родных, сяброў. У зале быў поўны аншлаг. Гледачоў перапаўнялі эмоцыі, яны падбадзёрвалі ўдзельніц апладысментамі і радаснымі выклікамі. Дэманстрацыя касцюмаў з падручных матэрыялаў выклікала асаблівыя эмоцыі, бо фантазія канкурсантак была бязмежнай. Арыгінальныя сукенкі, зробленыя з сурвэтак, газет, сетак для бульбы, шпагату, хлебнага калосся, шышак, яловых лапак, папараці, поліэтыленавых бутэлек, пакетаў і нават металічнай сеткі і балтоў, былі проста шэдэўрамі і падкрэслівалі індывідуальнасць кожнай удзельніцы. Дэфіле ў вячэрніх сукенках стала апошнім этапам конкурсу і яго апагеем – усе прыгажуні выйшлі на сцэну асляпляльна грацыёзнымі і непаўторна прывабнымі – сапраўднымі феямі.

Перад журы стаяла няпростая задача – выбраць каралеву шоу, самую прыгожую, самую грацыёзную, самую творчую, самую абаяльную працаўніцу аграпрамысловага комплексу. Тытул «Прыгажуня Аграпрама 2018″ ва ўпартай барацьбе заваявала Алена Васільева, заатэхнік ААТ «Вялікі Двор», якая пакарыла сваім выступленнем журы і прысутных. Алена вельмі старалася. Прадэманстраваўшы ў розных жанрах усё сваё ўменне, яна апярэдзіла саперніц.

Для ўдзелу ў місіі ўзнагароджання і перадачы кароны пераможцы запрасілі на сцэну ганаровую госцю, уладальніцу вышэйшага тытула мінулагодняга конкурсу «Вясковая прыгажуня» Жанну Пракапенка, якая і каранавала сваю паслядоўніцу. Алене Васільевай уручылі галоўны прыз – веласіпед. У інтэрв’ю журналістам Алена сказала, што поспеху садзейнічаў месяц напружаных рэпетыцый. Прызналася, што жаданая перамога, усё ж такі, стала для яе нечаканасцю. Раней яна ніколі не выходзіла на сцэну і не прымала ўдзелу ў падобных мерапрыемствах, таму перажыла сапраўдны шок.

Тытул «Міс Грацыя» атрымала галоўны заатэхнік ААТ «Агранёманскі» Іна Рэчкіна, «Міс Творчасць» – эканаміст ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Дар’я Усціновіч, «Міс Шарм» – жывёлавод ААТ «Дзераўное» Святлана Грышан, «Міс Абаяльнасць» – інжынер па ахове працы ААТ «АБД «ПМК-74–Налібакі» Анастасія Харытончык, «Міс Пяшчота» – повар ААТ «Вішнявецкі-агра» Марыя Літвіновіч, «Міс Элегантнасць» – спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Наталля Канцавенка, «Міс Усмешка» і тытул «Міс глядацкіх сімпатый» – ветэрынарны ўрач ААТ «Рочавічы» Алёна Смулькевіч, «Міс Стыль» – інжынер-хімік Стаўбцоўскай райветстанцыі Алена Волчак, «Міс Арыгінальнасць» – юрысконсульт ААТ «Шашкі» Аляксандра Сідаровіч. Перадавы аператар машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі» Ганна Саланкевіч стала «Міс Аптымізм». Яе павіншаваў Мікалай Лабушаў. Ён уручыў канкурсантцы падарункавы сертыфікат ад рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі падарункавыя сертыфікаты ад раённага Аграпрамысловага саюза, падарункі і кветкі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, дырэкцый і прафсаюзных камітэтаў сельгаспрадпрыемстваў, якія яны прадстаўлялі.  

Арганізатары мерапрыемства выказваюць удзячнасць кіраўніку і работнікам ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры» за вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы конкурсу і за цікавую музычную праграму, а таксама групам падтрымкі ўдзельніц конкурсу.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Дзень моладзі ў раённым Цэнтры культуры адбыўся конкурс пад назвай «Прыгажуня Аграпрама 2018″, прысвечаны Году малой радзімы. Мерапрыемства праходзіла пад эгідай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика