Мала вачыма ўбачыць, трэба істотай адчуць
22.07.2018
—
Разное
|
Здавалася б, практыка правядзення святаў вёсак у нашым раёне настолькі распаўсюджаная, што нічога новага ў кожным канкрэтным сцэнарыі прыдумаць ужо нельга. І хоць праграма паўтараецца, аднак урачыстасць заўсёды атрымліваецца адметнай, непаўторнай і кранальнай. Так адбылося і ў Старыне. Вёска знаходзіцца на тэрыторыі Шашкоўскага сельсавета. І для старшыні сельвыканкама Святланы Якаўлевай падрыхтоўка да гэтага маштабнага свята стала як бы экзаменам на праяўленне ініцыятывы, дзелавых якасцяў, умення заручыцца падтрымкай кіраўнікоў мясцовых арганізацый, спонсараў і саміх жыхароў. У Святланы Расціславаўны гэта атрымалася. Перш чым запрасіць гасцей на ўрачыс-тасць, мясцовая ўлада паклапацілася навесці ў населеным пункце парадак. Гэтая вёска – цэнтр былога калгаса. Таму тут было нямала вытворчых будынкаў, жылых дамоў, якія доўгія гады не выкарыстоўваліся, яны прыйшлі ў нягоднасць, і ад іх патрэбна было пазбавіцца, так і як струхлелых дрэў, кустарнікаў. Гэта патрабавала вялікіх затрат і прыкладання сіл. На дапамогу сельвыканкаму падаспелі Стаўбцоўскае ПМК, торфабрыкетны завод «Нёман», Старынскае лясніцтва, ААТ «Шашкі». На свяце дырэктар завода «Нёман» Міхаіл Камейша і ляснічы Алег Лукша былі ўдастоены падзячных пісьмаў старшыні сельвыканкама за вялікую аказаную дапамогу. Жыхары парамантавалі, пафарбавалі ці нават памянялі платы, навялі адмысловы парадак, падрыхтавалі шчодрыя сталы. Свой уклад у свята ўнеслі дзеці: Раман Барысенка, Вераніка Кураш, Дзіяна Лысая расфарбавалі малюнкамі ўрны для адходаў. У гэты дзень у бацькоўскія дамы з’ехаліся дзеці са сваімі сем’ямі, вёска ажыла, памаладзела. Да слова сказаць, цяпер у Старыне ў 88 дамах пражываюць172 жыхары, дач тут 26. У Старыне чакалі на ўрачыстасць шаноўных гасцей. У свяце прынялі ўдзел першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель. Для Дзяніса Сяргеевіча, які прыехаў на свята са сваёй сям’ёю, гэтая ўрачыстасць датычыла яго і асабіста. У сваім прывітальным слове да жыхароў вёскі ён цёпла назваў іх землякамі і з удзячнасцю адзначыў, што Старына дала яму пуцёўку ў жыццё, тут ён пражыў 20 гадоў. Жыхары Старыны з вялікай павагай, што ў свае маладыя гады Дзяніс Колясень змог ужо шмат чаго дасягнуць у сваёй службовай кар’еры, мае высокую рэпутацыю ў раёне, сардэчна віталі яго. Пасля ўрачыстага шэс-ця па вуліцах Старыны з прыпынкамі ля вясковых дамоў, з ушанаваннем жыхароў вёскі, свята перамясцілася ў амфітэатр пад адкрытым небам. Пад шатром яблыняў былога калгаснага сада былі пастаўлены лавачкі, зманціравана сцэна. На ўлонні прыроды, пад кронамі пышных дрэў усім было камфортна і па-сямейнаму ўтульна. Па трыдыцыі, былі адзначаны ветэраны і былыя працаўнікі розных сфер вытворчасці. Для гэтага прыбылі з райцэнтра і з мясцовых арганізацый кіраўнікі ці прадстаўнікі розных арганізацый. Найбольшую колькасць падарункаў падрыхтаваў ААТ «Шашкі». 15-ці ветэранам вытворчасці і цяперашнім працаўнікам былі ўручаны падарункі ад торфабрыкетнага завода «Нёман». Увагай быў агорнуты кожны. Старэйшаму жыхару вёскі Антону Казіміравічу Босаму 91 год, а самаму малодшаму – Арцёму Грынкевічу ў лістападзе споўніцца два гады. Прыемна было прысутнічаць на свяце сямейным парам, якіх віншавалі з юбілеямі шлюбу. Браніслаў і Ірына Сахар адзначаюць 55-годдзе сумеснага жыцця, Станіслаў і Людміла Сахар – 45-годдзе, Іван і Наталля Лысыя, Сяргей і Часлава Сёмуха, Пётр і Святлана Копач – 30-годдзе, Сяргей і Вольга Кураш – 25-годдзе. Былі падведзены вынікі конкурсу на лепшае вясковае падвор’е з уручэннем падзяк. Спонсарскую падтрымку для ўшанавання вяскоўцаў у розных намінацыях, акрамя прадпрыемстваў і арганізацый, аказалі раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», індывідуальны прадпрымальнік Ала Грамыка, якая родам са Старыны. Свята адбылося і дзяку-ючы вялікім старанням работнікаў культуры. Ролю сцэнарыста, рэжысёра і вядучай выдатна выканала дырэктар Шашкоўскага дома культуры Алена Явід. На ўсіх этапах свята ўдзельнікаў яго суправаджаў з канцэртнай праграмай народны вакальны ансамбль «Гарэзы» пад акампанемент гарманіста Віктара Рагозы. Свята дало магчымасць спаўна раскрыць свае таленты простым людзям, якія маюць вакальны дар. Апладысментамі віталі гледачы сольныя выступленні мясцовага паштальёна Ірыны Галабурда і працаўніка торфабрыкетнага завода «Нёман» Мікалая Канапацкага. Падарункам для ўдзельнікаў урачыстасці стала выступленне сталічных артыстаў – шоў «Алюр». Фінансавую падтрымку для арганізацыі гэтага выступлення аказаў торфабрыкетны завод «Нёман». У жыхароў вёскі Старына можна павучыцца не толькі гасціннасці, шчодрасці, але і гатоўнасці самім стаць актыўнымі ўдзельнікамі святочнага дзейства – з радасцю спяваць, танцаваць і ствараць усім добры настрой. Святлана ЖЫБУЛЬ НА ЗДЫМКАХ: радасць свята з жыхарамі Старыны раздзяляюць першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень з дачушкай Ксеніяй і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель; старшыня сельвыканкама Святлана Якаўлева (у цэнтры) з сацыяльным работнікам Святланай Кураш і госцяй свята; былая перадавая звеннявая льнаводчай брыгады 87-гадовая Леанора Лысая выканала песню пад акампанемент Яніны Канаплянік; гасцей сустракае сям’я Часлава і Галіны Сахар; былому калгаснаму будаўніку Мечыславу Сахару споўнілася 85 гадоў; вёска маладая ў пакаленнях. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здавалася б, практыка правядзення святаў вёсак у нашым раёне настолькі распаўсюджаная, што нічога новага ў кожным канкрэтным сцэнарыі прыдумаць ужо нельга. І хоць... |
|