Камерцыйная жылка – таксама дар
29.07.2018
—
Разное
|
Пра Сяргея Пяткевіча родныя і ўсе, хто яго блізка ведае, гавораць, што ён заўсёды быў з камерцыйнай жылкай. Яшчэ будучы студэнтам інстытута фізічнай культуры, паспяваў не толькі вучыцца на стацыянары, але і знаходзіць магчымасць зарабіць на сябе, недасыпаючы ночы, уключаючы ўсе свае сілы. Гэта яго прадпрымальніцтва вырасла да буйнага гандлёвага комплексу будаўнічых матэрыялаў у нашым райцэнтры. Прыемна гаварыць аб тым, што на сучасны момант гэта сямейная справа. Бухгалтарскі ўлік і справавытворчасць вядзе яго жонка Іна Станіславаўна, залатая медалістка сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы, педагог па спецыяльнасці. Сяргей Анатольевіч – таксама выпускнік СШ № 1. Абодва яны – карэнныя стаўбчане, і прыклалі свае таленты і прафесіяльныя навыкі для развіцця роднай Стаўбцоўшчыны. Калі гаварыць пра сямейную справу, то ў вядзенні бізнесу Сяргею Пяткевічу вялікую падмогу аказваюць бацькі з абодвух бакоў. Бацькі Іны Станіславаўны Станіслаў Іосіфавіч і Данута Канстанцінаўна 12 гадоў назад пакінулі работу, каб дапамагаць дзецям будаваць іх бізнес. А наогул гандлёвы комплекс будаўнічых тавараў адкрыў для горада 20 новых рабочых месцаў, запрасіўшы на пастаянную работу прадаўцоў, грузчыкаў, вадзіцеляў. Спачатку прадпрымальнік арандаваў плошчы для гандлю будаўнічымі таварамі. А потым узнікла рашучасць адкрыць свой магазін. Гэта быў час актыўнага дзяржаўнага крэдытавання маладых сем’яў і іншых катэгорый грамадзян, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Быў вялікі попыт на будаўнічыя матэрыялы. Надарылася добрая магчымасць – выкупіць у райспажыўтаварыстве разбураны будынак складоў, якія доўгі час не выкарыстоўваліся. Гэта таксама была рызыка, як і ўсё, што звязана з вядзеннем бізнесу. Склады былі ў такім запушчаным стане, што прыйшлося адбудаваць усё нанава, пры гэтым ачысціць і вывезці тоны непатрэбнага. На сучасны момант комплекс уяўляе сабою розныя аддзелы тавараў, а таксама мэблевы магазін кампаніі «Пінскдрэў» – гэта прадпрыемства арандуе вялікі салон, які абсталяваны прыгожымі матэрыяламі па патрабаваннях сучаснага дызайну. Як расказваюць Сяргей і Іна Пяткевічы, яны маюць радасць, што для жыхароў раёна могуць прапанаваць на канкурэтназдольных умовах самы розны будаўнічы тавар – ад закладкі фундамента да афармлення інтэр’ера для ўсіх вонкавых і ўнутраных будаўнічых работ. Іх прыватны магазін першы ў раёне пачаў практыку дастаўкі тавараў пакупнікам. І цяпер жыхары раёна могуць зрабіць заказ па тэлефоне – магазін даставіць тавар у патрэбны час з правядзеннем аплаты на месцы. Адметна, што ў аб’ёме ўсёй прадукцыі 70 працэнтаў складаюць будаўнічыя матэрыялы айчынных прадпрыемстваў. І гэта не толькі буйнагабарытны тавар як блокі, цэмент, шыфер, іншы матэрыял для даху, але і фарбы, будаўнічыя сумесі. Магазін гандлюе сантэхнікай айчыннай і замежнай вытворчасці, электратаварамі, карнізамі, рольшторамі, дывановымі вырабамі і іншымі рэчамі для інтэр’ера. Гаспадары магазіна бяруць для продажу толькі той тавар, які прайшоў выпрабаванне на высокую якасць і карыстаецца вялікім попытам у забудоўшчыкаў. З многімі беларускімі заводамі наладжана супрацоўніцтва па прамых пастаўках без удзелу дылераў. На фарміраванне цаны станоўча ўплывае і такі спрыяльны момант: да магазіна падыходзяць чыгуначныя шляхі, і тавар дастаўляецца вагонамі – гэта самая танная транспартная дастаўка. Паслугамі буйнога прыватнага магазіна карыстаюцца не толькі індывідуальныя забудоўшчыкі, дачнікі, але і многія арганізацыі раёна. Прыватнікі знаходзяць магчымасць у кожным індывідуальным выпадку пайсці насустрач просьбам і патрэбам пакупнікоў, зрабіць так, каб аказаць паслугу і атрымаць удзячнасць людзей. У адносінах да сям’і стаўбчан Пяткевічаў варта сказаць і аб тым, што гэта – шматдзетная сям’я. Двое старэйшых сыноў Валянцін і Павел з’яўляюцца студэнтамі, атрымліваюць спецыяльнасці менеджара па эканоміцы і лагіста. Бацькі спадзяюцца, што ў будучым яны змогуць заручыцца ў сямейным бізнесе і іх дапамогай як прафесіяналаў. Пакуль хлопцы ў ад’ездзе (адзін з іх наогул атрымлівае адукацыю за мяжою) уцехай для бацькоў, антыстрэсам пасля напружаных рабочых будняў, якія не акрэсліваюцца нейкімі часовымі рэжымнымі рамкамі, з’яўляецца трохгадовая Злата. Камерцыйны талент Сяргея Пяткевіча дае яму прастор для праяўлення творчасці, для інавацый, каб смела займаць новыя нішы на рынку гандлёвых паслуг. Прадпрымальнік добра разумее, што пакупнік хутка зарыентуецца, дзе што набыць на найбольш выгадных умовах, таму стараецца не ўпусціць свой шанц. Яго ж не трэба вучыць, як умець трымаць канкурэнцыю, хоць Сяргей Анатольевіч з вялікай павагай і прызнаннем гаворыць пра сваіх калег, хто таксама мае магазіны будаўнічых тавараў і паспяхова працуе на гэтым рынку паслуг у нашым раёне. І асабліва ўдзячны сваёй камандзе. Склаўся стабільны калектыў, кожнаму з працаўнікоў гандлёвага комплексу можна давяраць, гэта прафесіяналы сваёй справы, якія трымаюць марку магазіна, і іх вялікі ўклад у агульную паспяховую дзейнасць. Святлана ЖЫБУЛЬ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра Сяргея Пяткевіча родныя і ўсе, хто яго блізка ведае, гавораць, што ён заўсёды быў з камерцыйнай жылкай. Яшчэ будучы студэнтам інстытута фізічнай культуры,...
|
|