19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з двунадзясятых святаў — Праабражэнне Гасподняе. Даўняя традыцыя правядзення фэсту ў Райцы менавіта 19 жніўня застаецца самым галоўным прастольным святам, бо Спаса-Праабражэнская царква аграгарадка, якая вытрывала і ваеннае, і савецкае ліхалецце, перажывае сваё асабістае “праабражэнне”. Адноўленая ў 2003 годзе да не зусім першапачатковага выгляду і асвечаная ў гонар святой вялікапакутніцы Варвары, летась адзначыла 200-годдзе свайго існавання. Сёлета ж у храма ізноў юбілей: 15 год з дня рэстаўрацыі. Мы ўдзячны Богу за Яго літасць да нас, за Яго любоў і дапамогу ва ўсіх нашых задумках, таму Райца ізноў збірае гасцей.
Прастольнае свята Праабражэння Гасподня ў Райцы:
Субота, 18 жніўня
17.00 – вячэрняя служба ў храме св. впц. Варвары
20.00 — канцэрт расійскай спявачкі Мілы Ражковай “Зачараваная Беларуссю” (сектар “Райцаўскі сельскі клуб”). Уваход свабодны.
Для расійскай спявачкi Мілы Ражковай гродзенскія мясціны сталі адны з самых улюбёных. І гэта негледзячы на тое, што ей даводзіцца шмат падарожнічаць па свеце, любавацца маляўнічымі краявідамі ў розных краінах. Апошнія гады яна рэгулярна наведвае Гродзеншчыну.
Хто ж яна такая, Мiла Ражкова? Міла Ражкова скончыла Ніжагародскую кансерваторыю па класе класічнай гітары, пiша песнi і прафесійна займаецца музыкай. Да апошняга году выступала ў папулярным расійскім гурце. Аднак цягам мінулага году самастойна пайшла ўласным шляхам у музыцы, асабліва аддаючы перавагу стылю фольк-рок. У мінулым годзе яна выступала на розных мiжнародных конкурсах, дзе заваявала нямала узнагарод, у лiку якіх залаты медаль Чэмпiяната Балгарыi па фальклоры i тытул Чэмпiёна свету па фальклоры ў катэгорыi iндывiдуальных выканаўцаў.
Міла не хавае, што ў захапленні ад прыгажосцi наднёманскіх краявідаў, ад старажытнай гісторыі Гродна. У свой першы прыезд у Беларусь Міла шчыра здзіўлялася, чаму так мала папулярная беларуская мова. А калі пабывала на некаторых літаратурных чытаннях, імпрэзах і набажэнствах, якія праводзіліся па-беларуску, адчула сапраўдную прыгажосць і мілагучнасць мовы. Ёй захацелася, каб яе песнi загучалi і па-беларуску. На старонках сацыяльных сетак Мілы Ражковай у прыхільнасці да стыляў пазначана “сапраўдная музыка”, таму і не здзіўляе тое, што беларуская паэтка Альжбета Кеда пагадзілася перакласці тэксты песень на беларускую мову. Адна з такіх песень – „Зачарована хмары плывуць”— з’явілася летась. У песні – самота, туга па Радзіме і надзея некалі вярнуцца да родных краеў.
«Я ўпершыню наведала Беларусь у 2015 годзе, калі мы з мужам прыехалі ў госці да яго школьнага сябра ў Гродна. І я зачаравалася вашай краінаю, яе казачнай прыродаю, утульным горадам ды яе жыхарамі, — распавядае Міла. — Беларускую мову я не часта чула ў вас, але калі гэта здарылася, мяне ўразіла яе неверагодная спеўнасць. І мне вельмі захацелася заспяваць па-беларуску. Так з’явілася ідэя перакласці мае песні». Песень набралася на цэлы альбом. Перакладзены на беларускую мову песні на словы самой Мілы, ніжагародскіх паэтаў Марыны Марэнінай і Аляксея Філонава, літоўскай паэткі Лены Элтанг.
У канцэртнай праграме, якая адбудзецца ў Райцы 18 жніўня, прагучаць песні на розных мовах, але вельмі знаёмыя аматарам музыкі.
Нядзеля, 19 жніўня
09.00 – святочнае набажэнства ў храме св. впц. Варвары
11.15 — хрэсны ход
11.45 – асвячэнне вінаграда і пладоў
19.00 – адкрыцце і асвячэнне званоў ля храма св. впц. Варвары
19.30 – майстар-клас па калакольным звоне
20.00 — на сцэнічнай пляцоўцы (тут жа, ля храма) адбудзецца святочны канцэрт
Па заканчэнні канцэрта – святочны парад ліхтароў.
Усе прысутныя пры жаданні могуць пазваніць у званы і паспрабаваць духмянай травяной гарбаты з дамашнім печывам.