Традыцыйна для правядзення свята беларускага пісьменства выбіраюцца гарады з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў, цэнтры асветы, культуры і кнігадрукавання.
Рыхтуючы свята ў Іванаве, Берасцейшчыне ўжо чацвёрты раз выпадае гонар сустракаць гасцей з гэткай значнай нагоды. Апошнімі, у 2011 годзе, Дзень беларускага пісьменства прымалі Ганцавічы! Ды гэта і не дзіўна. Трэба, мабыць, вельмі пакарпець, каб знайсці на Брэстчыне куточак, які б падарыў свету столькі паэтаў ды пісьменнікаў, як Ганцавіцкая зямля. Услухайцеся, чаго толькі вартыя прозвішчы творцаў мастацкага слова – Аляксандр Сержпутоўскі, Міхась Рудкоўскі, Васіль Праскураў, Іван Кірэйчык, Іван Лагвіновіч, Уладзімір Марук, Алесь Каско, Віктар Гардзей, Алесь Кажадуб… Яны, нібы моцныя карані, спрыяюць росту літаратурнага дрэва Ганцаўшчыны, на якім і сёння не перастаюць з’яўляцца новыя лісточкі і галінкі.
За гісторыю свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Ва ўсіх куточках Беларусі ў гэты дзень праходзяць святочныя мерапрыемствы. З асаблівай адказнасцю рыхтуюцца да свята работнікі бібліятэчных устаноў раёна, бо каму ж, як не ім, услаўляць вечнае, роднае, мудрае…
У раённай бібліятэцы імя В. Ф. Праскурава ўжо на наступным тыдні разгорнецца выстава-экспазіцыя «Беларуская кніга: шляхамі вякоў», на якой будзе прадстаўлена літаратура аб жыцці і дзейнасці славутых беларускіх асветнікаў, гісторыя кнігадрукавання з улікам даследаванняў гісторыкаў, кнігазнаўцаў і мастацтвазнаўцаў.
Юныя наведвальнікі раённай дзіцячай бібліятэкі змогуць пазнаёміцца з літаратурай, прадстаўленай на выставе «У спадчыну – роднае, добрае слова», а таксама паўдзельнічаць у незвычайнай вандроўцы «Чароўнае і светлае праз стагоддзі».
Не менш цікавыя і пазнавальныя выставы для чытачоў рыхтуюцца ў сельскіх бібліятэках: «Скарбы бібліятэчнага фонду» (В. Круговіцкая СБ), «Які ж гэта цуд – слова!» (Лактышоўская СБ), «Асветнікі і друкары» (Востраўская СБ), «З гісторыі пісьменнасці» (Чудзінская СБ), «Дзень беларускай кнігі» (Раздзялавіцкая СБ).
У Люсінскай сельскай бібліятэцы ў рамках клуба «Юны краязнаўца» будзе ладзіцца гадзіна гістарычных звестак «Прыгарніся да роднага слова». Літаратурныя гурманы Малькавіцкай бібліятэкі-музея змогуць прыняць удзел у дэгустацыі кніжных навінак «Смачна чытаць!». Агарэвіцкая сельская бібліятэка запрашае ўсіх жадаючых наведаць пакой рэдкай кнігі.
Успамінаючы Дзень беларускага пісьменства на Ганцаўшчыне, пераканана, што ў Іванаве ён абавязкова будзе светлым і запамінальным. Гэты дзень дасць магчымасць дакрануцца да велічнага роднага слова, адчуць яго глыбіню, зразумець, які скарб мы маем. Ён, незалежна ад геаграфіі, стане сапраўдным святам для тых, хто працуе са словам, і тых, хто ім захапляецца.
Святлана КУНЦЭВІЧ,
метадыст аддзела
бібліятэчнага маркетынгу
цэнтральнай раённай
бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава.