«Казкі старога Адамкова»: як чытачы дапамаглі выдаць дзіцячую кнігу пра Брэст
17.08.2018 12:54
—
Разное
|
Маладая пісьменніца Наталка Харытанюк напісала кнігу для дзяцей «Казкі старога Адамкова». Героі гісторый жывуць не ў далёкім трыдзявятым царстве і нават не ў трыдзясятай дзяржаве, а зусім блізка – у брэсцкім мікрараёне «Рэчыца». Месца абрана невыпадкова – менавіта тут Наталка правяла сваё дзяцінства. Кніга стала супольным праектам пісьменніцы з Брэста і ілюстратара з Мінска Волі Кузьміч. Выдаць яе атрымалася дзякуючы папулярнай краўдфандынгавай пляцоўцы «Talaka». Што дзіўна – патрэбная сума была сабрана ўжо на трэці дзень пасля старту праекта. У выніку атрымалася назапасіць цэлых 120% запланаваных сродкаў! – Паколькі грошай атрымалі больш, чым планавалі, мы вырашылі зрабіць акцэнт на ілюстрацыях. Хацелася, каб тэксту на старонках было мала, а прамаляванай казкі – шмат, – расказала Наталка Харытанюк. – Бо нават добрую гісторыю можна сапсаваць дрэнным афармленнем. А для дзяцей так важны малюнкі. У зборнік увайшлі тры пацешныя гісторыі пра дзяцінства пісьменніцы і яе старэйшага брата Кастуся – «Кастусь за шпалеркай», «Два камякі бруду» і «Кветка старога двара». Усе яны размясціліся пад цвёрдай вокладкай фармату А4 на 44 шчыльных старонках. Кожны разварот цешыць маленькіх чытачоў вялікімі яркімі ілюстрацыямі. Малюнкі можна разглядаць вельмі доўга – мастачка Воля Кузьміч дадала некалькі цікавых дэталяў, якія не адносяцца да сюжэту, але падымаюць настрой маленькім чытачам. Напрыклад, са старонкі на старонку вандруе зграйка гарадскіх галубоў, раз-пораз трапляючы ў розныя гісторыі. – Дарагая майму сэрцу Воля Кузьміч так малюе мой родны двор і мяне ў ім, што ўсё ўнутры растае, – прызналася Наталка. Рэдактарам кніга выступіла паэтка Марыя Мартысевіч, а карэктарам – паэтка і спявачка Галіна Сіўчанка. Аўтар выказвае ім вялікую ўдзячнасць за іх карпатлівую працу і далікатнасць у абыходжанні з тэкстам. Галоўным натхненнем для Наталкі з'яўляецца яе сын. Як толькі хлопчык навучыўся гаварыць, адразу ж стаў прасіць бацькоў, каб тыя расказвалі яму цікавыя гісторыі. Тата Ігар накіроўваў малога ў свет, напоўнены Цмокам, русалкамі і прывідамі. А Наталка ўспамінала сваё вясёлае дзяцінства і дапаўняла яго казачнымі дэталямі. Напрыклад, у адным з апавяданняў маленькая гераіня з'ядае цыбуліну каралеўскай лілеі і, да свайго велізарнага здзіўлення, выяўляе, што пачынае пускаць карані! А ў іншай казцы Кастусь выпадкова ўрастае ў сцяну, памяняўшыся з ёй малекуламі, а Наталцы даводзіцца даведацца, што такое дыфузія. – Мне падабаюцца добрыя казкі, у якіх персанажы знаходзяць памочнікаў і робяцца лепшымі, вучацца пераадольваць негатыўныя эмоцыі, – адзначыла пісьменніца. Па кнізе «Казкі старога Адамкова» быў зняты буктрэйлер. Мультыплікацыйны ролік можна ўбачыць на папулярным відэахостынгу Youtube. – Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў наш праект! Асобная падзяка ўсім фундатарам (асабліва Ігару Жабароўскаму, кампаніі «Цесляры» і арганізацыі «Symbal.by»), пляцоўцы «Талака» і выдавецтву «ЛогвінаЎ», – выказала ўдзячнасць Наталка Харытанюк. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладая пісьменніца Наталка Харытанюк напісала кнігу для дзяцей «Казкі старога Адамкова». Героі гісторый жывуць не ў далёкім трыдзявятым царстве і нават не ў... |
|