2018-ы – Год малой радзімы. Песні з Дзятлавічаў перасягнулі акіян
21.08.2018 20:20
—
Разное
|
У чарговым нумары “ЛіМа” (за 01.06 гг.) прыцягнулі ўвагу два фотоздымкі. На першым – адлюстраваны побач з паленніцай сціплы паклонны крыж, аздоблены вышытымі ручнікамі. На другім – вельмі знаёмы твар у хустачцы, што павязана тыпова, па-мясцоваму: Галіна Кузьмінічна Хартановіч з Дзятлавіч. Праўда, подпіс адсутнічае. Можа, знайду ў тэксце? Пачынаю чытаць артыкул – і ў захапленні не магу адарвацца. Аказваецца, у ЗША два гады таму паказаны дакументальны фільм “Песні старой Еўропы – старажытныя беларускія народныя песні”. Рэжысёр фільма Вольга Дзёмка нарадзілася ў Беларусі, але ўжо 15 год жыве ў ЗША, закончыла Інстытут мастацтваў Сіэтла. Арганізавала некалькі фальклорных экспедыцый на Палессе. Дакументальныя запісы нядаўняга часу ў фільме стваральнікі ўзбагацілі ўнікальнымі архіўнымі кадрамі пачатку ХХ стагоддзя і этнахронікамі 1990-ых. Першая стужка аб беларускім фальклоры, створаная за акіянам, выклікала вялікі рэзананс спецыялістаў і публікі. Сёлета фільм дайшоў і да Беларусі. Па-новым пачулі суайчыннікі беларускія песні, якія, сцвярджаюць этнографы, праз тысячагоддзі захаваліся да нашага часу прыктычна ў нязменным выглядзе. Хаця з артыкула ў рэспубліканскай газеце нельга даведацца, дзе менавіта ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях вяліся здымкі, але фота нашай здольнай зямлячкі дакладна падказвае адрас запісу. Не здзіўляюся, што шляхі захопленых аматараў старажытнай песні прывялі ў Дзятлавічы. Сяло па вартасці лічыцца крыніцай асветы, пісьменнасці, культуры ў нашым краі, дзякуючы пабудаванаму тут амаль 400 год таму праваслаўнаму манастыру. І хаця абіцель была закрыта і разбурана, відавочна, яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, “ничто на земле не проходит бесследно”. Вытокі духоўнасці – і ў захаванні традыцыйнасці аўтэнтычных спеваў. Каб удакладніць інфармацыю, звярнулася да дырэктара Дзятлавіцкага ЦСДК. І вось што расказала Алена Дзянісаўна Яскевіч: –Нашы самадзейныя артысты запатрабаваны заўсёды. У нас дастаткова выступленняў на сцэне роднага Дома культуры, у суседніх вёсках, на раённых святах. Не абдзелены ўвагай запрашэннямі на абласныя мерапрыемствы, мелі гонар прадстаўляць Беларусь на шэрагу замежных фестывалей: Літва, Польшча, Украіна. Неаднаразова дзятлавіцкіх артыстаў здымалі для сваіх праграм розныя каналы нацыянальнага тэлебачання. Ганарымся канцэртамі і перад патрабавальнай сталічнай публікай – спрадвечным спевам апладзіравалі студэнты і выкладчыкі Беларускіх дзяржаўных універсітэта культуры і мастацтва і Акадэміі музыкі. Выкладчык БДУКіМа Ірына Аляксандраўна Мазюк, якая лічыцца адным з самых аўтарытэтных знаўцаў фальлору ў нашай краіне, парэкамендавала Дзятлавічы гасцям з ЗША. Мала верылі, што плануецца дакументальна стужка, – думалі, будзе звычайная праграма. Але, калі прыехала здымачная група, сустрэлі са звычайнай гасціннасцю. Гэта было 6 ліпеня 2012 года – напярэдадні чароўнай купальскай ночы. Маем вопыт правядзення раённых святаў, таму да Купалля заўсёды гатовы. Зразумела, народныя спевы немагчыма выконваць без шчырасці, адкрытасці, шанавання традыцый. Нашы самадзейныя артысты прывыклі дарыць свае здольнасці гледачам. І тая сустрэча не была выключэннем. Але нават не меркавалі, што гэты звычайны запіс будзе мець такую вядомасць! Чатыры гады вялася работа на стварэннем фільма. Калі ж рэжысёр Вольга Дзёмка патэлефанавала і паведаміла аб маючай адбыцца прэм’еры, 29 красавіка 2016 года ў зале ЦСДК сабраліся, як кажуць, і малыя, і старыя. Глядзелі з трапятаннем сэрца, з увільготненымі вачамі, са спыненнем дыхання. А потым – некалькі хвілін удзячных авацый землякоў. У такія моманты ўсведамляеш, што фільм – сапраўды занатаванне ў вечнасці. Гэта адносіцца і да дзвюх нашых артыстак, якія не дажылі да прэм’еры. Іх на вялікім экране ўбачылі нашчадкі. Маю на ўвазе Надзею Кірылаўну Кацуба і Настассю Сільвестраўну Чарнавокую… На здымках і яны прадстаўлялі ансамбль аўтэнтычных спеваў. Дарэчы, пазней – 16 лістапада 2012 года – ён набыў назву народны гурт “Вытокі”. Дагэтуль пераймаем уменні і здольнасці ў дзвюх сясцёр Кацуба – 85-гадовай Харціны Кузьмінічны і 82-гадовай Кацярыны Кузьмінічны, 80-гадовай Надзеі Уладзіміраўны Чарнавокай. Кіраўніком калектыву з’яўляецца Мікалай Юр’евіч Яскевіч, які выступае і з народным аматарскім аб’яднаннем “Світанак”. Любімыя творы дзятлаўчан некалькіх пакаленняў у фільме выконваюць Галіна Уладзіміраўна Брэзіна, Людміла Аляксандраўна Брэзіна, Яўгеня Рыгораўна Грушэўская, Галіна Кузьмінічна Хартановіч. Яна ж выступіла і як салістка – спявала мілагучныя калыханкі. У рэпертуары нашых калектываў – больш як 200 народных і эстрадных, як кажуць, “старых песень аб галоўным”. Дзесяць узораў фальклору прадстаўлены ў фільме – не цалкам, а па адным куплеце. Усё ж фільм ствараўся для замежнага гледача, а песні нашы працяжныя, іх можна назваць меладычнымі расповядамі аб былым. Такое скарачэнне не змяншае ўражання, наадварот – дае больш поўную палітру зрэзу бясцэннай спадчыны нашых продкаў. Цікава, што своеасаблівым фонам песень на палескай гаворцы стала англійская мова. Яна яшчэ выразней падкрэсліла ілюстрацыю нашай нацыянальнай самабытнасці… Алена Дзянісаўна прызнаецца, што фільм стаў моцным імпульсам да новых выступленняў. Сумесныя канцэрты арганізоўвае Сяргей Догушаў – кіраўнік ансамбля “Вырай”. Маладыя спевакі, натхнёныя фальклорам, выконваюць яго на сучасным узроўні. У снежні “Вырай” запрасіў “Вытокі” ў Мінск на “Спеўны сход”, таксама нашы землякі далі канцэрт у адным з начных клубаў сталіцы. Яшчэ больш уражваючай была традыцыйная Ноч Музеяў у маі. Дзятлавіцкія артысты выступілі з цыклам канцэртаў “Палескія спевы” на так званай “Пешаходцы” каля Археалагічнага музея, на вуліцы святых Кірылы і Мяфодзія. Фільм “Песні старой Еўропы…” паказаны ў многіх краінах, адзначаны ўжо шэрагам прэстыжных узнагарод у сферы дакументалістыкі, выклікаў цікавасць у шматлікай публікі. Сімвалічна, што беларускія гледачы ўбачылі стужку ў Год малой радзімы. Днямі Алена Дзянісаўна атрымала пасылку з ЗША – рэжысёр даслала дыскі для кожнага ўдзельніка здымак. Застаецца падзякаваць Небу за выбар (з тысяч аматараў фальклору!) менавіта дзятлавіцкіх артыстаў і нізка, да зямлі, пакланіцца таленавітым землякам, што не толькі захавалі бясцэнную спадчыну продкаў, але і першымі з краю данеслі яе да сусветнай супольнасці. Давайце глядзець “Песні старой Еўропы…” – каб, не зневажаючы чужое, яшчэ больш палюбіць свае. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чарговым нумары “ЛіМа” (за 01.06 гг.) прыцягнулі ўвагу два фотоздымкі. На першым – адлюстраваны побач з паленніцай сціплы паклонны крыж, аздоблены вышытымі...
|
|