На падмурку мужнасці – экстрым
25.08.2018
—
Разное
|
Не першы год на Петрыкаўшчыне ідзе будаўніцтва, бадай, самага галоўнага прадпрыемства, з узвядзеннем якога чакаецца новы віток жыцця рэгіёну. Залежы калійнай руды, што былі выяўлены тут яшчэ ў гады Саюза, доўгі час чакалі рэалізацыі ідэі па іх здабычы. Што ж, пачын узяты і хутка пачнецца вытворчасць. А пакуль на будаўніцтве аб’екта занята безліч арганізацый з розных куткоў краіны. Такая ж безліч тут і прафесій. Але кожны чалавек, заняты на будаўніцтве горнаабагачальнага комплекса, можа па праве лічыць свой уклад важным і ганаровым. Працаваць пад зямлёй адважыцца не кожны чалавек. Такая работа патрабуе моцнага фізічнага здароўя, сілы волі. Не справіцца з ёй той, хто баіцца замкнёнай прасторы. На будаўніцтве шахт, лічу, заняты самыя мужныя прадстаўнікі мужчынскага полу. Аляксандр Жытнік (на здымку) набыў спецыяльнасць газаэлектразваршчыка ў Слуцкім вучылішчы. Мае пяты разрад. Малады мужчына прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве Чырвонаслабадскога і Бярозаўскага руднікоў. Працаваў і ў Туркменістане на ўзвядзенні аб’ектаў Гарлыкскага рудніка. – Мой працоўны стаж пачынаўся і працягваецца ў ААТ “Трэст Шахтаспецбуд”. Пад зямлёй працую ўжо 14 гадоў, – распавядае Аляксандр Анатольевіч. – Да гэтага быў заняты на паверхні. Зразумела, што пад зямлёй умовы сціснутыя, дрэнная асветленасць. Дазваляецца працаваць пад зямлёй не больш 144 гадзін у месяц. Штогод праходзім медагляд. Пакуль здароўе не падводзіць. На петрыкаўскім аб’екце акрамя мяне працуюць з нашай арганізацыі яшчэ чатыры газаэлектразваршчыкі. Адзначу, што частка нашых людзей цяпер працуе і на аб’екце ў Мурманскай вобласці. Мая задача – абслугоўваць, рамантаваць горнапраходчае абсталяванне. Цяпер вось усталявалі цюбінгавую калону, зачаканілі яе шво. Паралельна ідзе праходка ствалоў. Ніколькі не шкадую, што абраў такую спецыяльнасць. Сям’я прызвычаілася ўжо да маіх камандзіровак, хаця сыны і жонка сумуюць. Я таксама. Арцём і Арсеній – вучні пачатковых класаў. Ведаю, што калі прыеду на выхадныя, то час правядзём разам. Едзем на дачу, дзе жонка плануе загадзя мне работу. Напярэдадні свята жадаю ўсім моцнага здароўя і жалезных нерваў. – Такія спецыялісты, як Аляксандр Жытнік, вельмі патрэбны нашай арганізацыі, – далучаецца да размовы выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера Сяргей Грынцэвіч. – Залатыя, майстравітыя рукі – гэта знаходка. З Аляксандрам працую з 2005 года і хачу сказаць толькі добрыя словы на адрас гэтага чалавека. Я, дарэчы, таксама працягваю дынастыю шахцёраў. Мой бацька Валерый Паўлавіч быў праходчыкам, прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве чацвёртага рудаўпраўлення. Прафесія горнага інжынера мне падабаецца, хаця геалогія – непрадказальная справа. Ламаецца ўсё: тэхніка, людзі. Але мы імкнёмся не адхіляцца ад графіка па ўзвядзенні горнага камбіната на Петрыкаўшчыне. Шчыра жадаю сваім калегам здароўя, паспяховага вяртання дадому, каб радаваць увагай і клопатам сваіх родных і блізкіх! Інга ГІЛЕНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не першы год на Петрыкаўшчыне ідзе будаўніцтва, бадай, самага галоўнага прадпрыемства, з узвядзеннем якога чакаецца новы віток жыцця рэгіёну. Залежы калійнай...
|
|