Аб беларускай мове і Дне пісьменства. 21.by

Аб беларускай мове і Дне пісьменства

28.08.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Крыху раней, якраз у святочным нумары раённай газеты да Дня Незалежнасці, маім калегам Аляксандрам Александрыным быў апублікаваны цудоўны артыкул пра Віталя Маслоўскага — сваяка нашага знакамітага паэта Аркадзя Куляшова і сапраўднага шчырага беларуса. На той момант і падумаць не магла, што ў мяне будзе магчымасць пазнаёміцца з гэтым чалавекам асабіста. Але такая магчымасць выпала. І вось я ўжо са сваім суразмоўцам за тым жа столікам ля калодзежа, дзе гэтак жа месяц назад сустракаўся мой калега. Гаспадар частуе мяне яблыкамі — ураджай у гэтым годзе выдаўся добры. Асаблівая атмасфера, якой прасякнуты кожны куточак гэтага месца, адарванага ад гарадской мітусні, выклікае нямала станоўчых эмоцый, якія цяжка апісаць словамі. А яшчэ менавіта тут калісьці вядомы кожнаму беларусу паэт Аркадзь Куляшоў напісаў сваю паэму “Новае рэчышча”…

— Віталь Іванавіч, мінулы раз вы ўжо расказвалі пра нашага знакамітага земляка, а яшчэ можаце ўзгадаць выпадкі, сведкам якіх вам пашчасціла станавіцца?
— Як я ўжо казаў, ні я, ні мае сваякі асабліва ніколі ні афішавалі сваяцтва са знакамітым паэтам. Але і ўтойваць гэта не вельмі атрымоўвалася. Як сёння, памятаю, калі да 60-годдзя народнага паэта атрымаў заданне ад кіраўніцтва “Настаўніцкай газеты” напісаць артыкул. Памятаю і сваё хваляванне, калі прыйшоў да Аркадзя Аляксандравіча. Мабыць ён адчуў гэта, але адразу паставіўся да мяне, як да сапраўднага вопытнага журналіста. Выклаў перада мной усе свае фотаздымкі, і прапанаваў паразважаць, якія пытанні жадаў бы яму задаць, а сам выйшаў з пакоя. Пытанні тады можа былі не занадта прафесійна складзены, ды артыкулу майму далі добрую адзнаку. Але што запомнілася — цеплыня, якая назаўжды засталася ў душы пасля той размовы… І хоць журналістам я так і не стаў – пайшоў у навуку, усё ж неаднойчы друкаваў свае артыкулы ў разнастайных часопісах. А вось яшчэ што ўспомнілася. Недзе падчас 60-х Аркадзь Куляшоў планаваў выпусціць “Новую кнігу”, але ў Беларусі яе выхад спынілі. Аркадзь Аляксандравіч нават звяртаўся за дапамогай да сваіх расійскіх сяброў, сярод якіх быў і Аляксандр Твардоўскі. Надзеі аб тым, што кніга выйдзе амаль не засталося. Але неяк зусім выпадкова ў краме я наткнуўся на новы зборнік майго дзядзькі з простай і немудрагелістай назвай. Безумоўна, набыў яго і, прыехаўшы да паэта ў госці, расказаў аб тым, што набыў новае цікавае выданне. Яго радасці не было мяжы — радаваўся, як дзіця, распытваючы, дзе набыў кнігу і які яе тыраж. І гэта была радасць чалавека, які хоча падзяліцца сваімі пачуццямі з усім светам, радасць, якую ён выпакутаваў… Гэтую радасць немагчыма забыць і цяжка перадаць. Такі вось ён быў народны паэт Беларусі — таленавіты, і разам з тым просты і шчыры. І гэты дом, з якім звязана нямала добрых успамінаў, таксама для мяне вельмі цэнны, гэта мой райскі куток, своеасаблівы перахаднік паміж мінулым і сучасным. Вельмі ўдзячны мясцовым паэтам — Андрэю Зубрыцкаму і Аляксандру Александрыну, якія дапамагаюць з рамонтам — нядаўна абнавілі стары дах.
— Напярэдадні Дня беларускага пісьменства хачу запытаць: вы былі адным з першых рэдактароў і куратарам “Закона аб мовах”, як бачыце будучае нашай роднай беларускай мовы?
— Беларуская мова да 1994 года была дзяржаўнай мовай, падручнікі і адукацыя былі пераважна на ёй. Пасля рэферэндуму, статус дзяржаўнай атрымала ў роўнай ступені з беларускай і руская мова. Памятаю, як падчас усіх гэтых пераўтварэнняў прагучала вялікая трывога за стан роднай мовы ад Ніла Гілевіча, які папярэджваў, што яна апынецца ў нялёгкім становішчы. Ён меў рацыю. Праграма, якую мы распрацоўвалі ў 1991 годзе, прадугледжвала развіццё беларускай мовы ў розных сферах жыццядзейнасці чалавека, у перспектыве гэта павінна было б прывесці да ператварэння беларускамоўнай меншасці ў беларускамоўную большасць. На жаль, гэтага не атрымалася. Назіраючы за беларусамі, бачу не вельмі радасную карціну — многія саромеюцца беларускай гаворкі, не ўжываюць яе ў паўсядзённым жыцці. А беларуская мова — унікальная, вельмі прыгожая і мілагучная. Наш хоцімскі дыялект таксама заслугоўвае асаблівай увагі ў паўднёва-усходняй частцы нашай краіны вымаўляюцца больш мякка. Мала гучыць беларуская мова і на тэлебачанні, з некалькіх беларускіх каналаў, толькі на адным размаўляюць на лагоднай беларускай гаворцы. Але справа ў тым, што беларусы проста разумеюць сваю мову, ды не жадаюць ведаць яе і не думаюць на ёй. Бо, каб думаць і разважаць на матчынай мове, трэба прыкласці намаганні, і прычым нямалыя, а многім зручна гэтыя намаганні не прыкладаць. А гэтага трэба шчыра захацець, каб у вачах заўжды была іскрынка, а на сённяшні дзень беларусы — па-большасці лянівая нацыя. Мяне, як чалавека неабыякавага да гэтай тэмы вельмі хвалюе, каму ж мы пакінем, каму перададзім нашу спадчыну, мову, культуру.
— Сапраўдны беларус — на вашу думку якім ён павінен быць?
— На гэту тэму можна бясконца весці дыскусіі, але самы правільны адказ схаваны вельмі глыбока ў куточках нашага сэрца. Сапраўдны беларус — шчыры, гасцінны, памяркоўны. Менавіта так аб нас кажуць. Быць беларусам — гэта і проста жыць і быць ім, і быць сапраўдным патрыётам, і паважаць культуру, мову, ведаць сваю гісторыю. Мець запіс у пашпарце — гэтага мала. Трэба мець беларускую душу, думаць і марыць па-беларуску, штодзённа адчуваць гонар за сваю краіну і народ. Кожны павінен разумець сваё прызначэнне — хто ён на гэтай зямлі, адчуць поўнае яднанне са сваёй краінай. І пачынаць выхоўваць усе гэтыя важныя якасці трэба з маленства, з сям’і. У гэтым годзе, які абазначаны як Год малой радзімы, спаўняецца якраз стагоддзе геніяльнаму вершу Янкі Купалы “Спадчына”. Такое супадзенне таксама невыпадковае — гэта яшчэ раз прымушае нас задумацца, хто мы і для чаго існуем на гэтай зямлі.

Беларуская — самая мая…
Чалавек без Мовы “ніхто”,
Быццам звон пусты, пустазелле, бядняк.
Чалавек без Мовы “ніхто”,
І завуць чалавека “ніяк”.
Ну, а з Мовай — іншая размова,
Думаць, марыць, жыць і размаўляць.
З губ маіх лагодныя злятаюць словы:
Матчына… Адзіная… Любімая…
Абяцаю Цябе захаваць!
Вольга Зайцава

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крыху раней, якраз у святочным нумары раённай газеты да Дня Незалежнасці, маім калегам Аляксандрам Александрыным быў апублікаваны цудоўны артыкул пра Віталя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика