Чыя ж гэта хатка?. 21.by

Чыя ж гэта хатка?

29.08.2018 15:08 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

У Беларусі распрацоўваецца праект змяненняў ва Указ №100
“Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці
пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”

Апошні раз заканадаўства аб арганізацыі адзінага парадку ўліку пустуючых і старых дамоў і работы з імі мянялася 6 гадоў таму назад – з прыняццем Указа №100. Плануецца, што змяненні паспрыяюць аператыўнаму ўцягненню гэтых аб’ектаў у абарот.

Больш падрабязна аб тым – у гутарцы з галоўным спецыялістам аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргеем ГУРЫНЧУКОМ.
– Што новае маюць на ўвазе дадзеныя змяненні?
– Ёсць намер пашырыць дзеянне Указа з сельскай мясцовасці і невялікіх гарадоў да ўсёй тэрыторыі краіны з абласнымі цэнтрамі і гарадамі абласнога падпарадкавання.
Вырашаецца пытанне аб увядзенні рэ­гістра ўліку пустуючых старых дамоў у электроннай форме.
Калі цяпер пры згодзе ўласніка знос пустуючай хаты адбываецца за кошт выканкама, дык праект змяненняў прапануе прадастаўляць зямельныя ўчасткі новым уласнікам з улікам кошту зносу імі старых аб’ектаў.
Мяркуецца, што будзе спрошчаны продаж пустуючых хат. У прыватнасці, на тэрыторыях, дзе попыт на такія аб’екты мінімальны, выканкам сам зможа прымаць рашэнне аб прамым продажы іх. Такі аб’ект павінен быць у адкрытым доступе. Калі на працягу пэўнага тэрміну паступіць толькі адна заяўка на пакупку яго, – значыць, будзе прамы продаж; ка­лі некалькі, – праводзіцца аўкцыён.
Дзеля скарачэння расходаў на падрыхтоўку да продажу дадзеных аб’ектаў з’я­віцца магчымасць правядзення іх ацэнкі на аснове любых дакументаў, якія ёсць у выканкаме. Гэта значыць, наяўнасць тэхпашпарта будзе неабавязковай. Праектам прадугледжана, што можна скарыстаць дакументы, атрыманыя паводле вынікаў работы камісіі пры райвыканкаме, якая абследуе стан гэтых дамоў, і вынікі абследавання будуць скарыстаны для ўключэння аб’екта ў рэгістр і прыняцця затым рашэння аб звароце ў суд.
– Наколькі своечасовымі будуць гэтыя новаўвядзенні?
– Магчыма, для другіх рэгіёнаў Беларусі гэта будзе заўважнай падзеяй – у нас жа, скажам, гарады Высокае і Каменец нароўні з сельскай мясцовасцю падпадалі пад дзеянне Указа № 100. Іншая справа, што нават уключаны ў рэгістр пустуючы стары дом у горадзе звычайна не “даходзіць” нават да суда; дастаткова толькі камусьці заявіць, што ён наследнік першай, другой ці трэцяй чаргі, хоць у спадчыну не ўступаў, як справа спыняецца. У Каменцы ўся нерухомасць запатрабаваная. У Высокім напэўна падчас падрыхтоўкі да абласных “Дажынак” знесены самыя “саспелыя” дамы, вызначаныя зараней і падрыхтаваныя да той адказнай працэдуры.
– І ўсё ж тыя змяненні значна спрос­цяць працэдуру зносу пустуючай ха­ты. Ці не пацерпяць інтарэсы патэнцыйных нашчадкаў, якія раптам могуць з’явіцца на даўно апусцелай ся­дзібе з прэтэнзіямі?
– Па-першае, нават калі ўдаецца “давесці” пустуючы дом да суда дзеля прыз­нання яго безгаспадарным і перадачы ў камунальную ўласнасць, супрацоўнікі суда яшчэ раз, нанова, заручаюцца пісьмовай адмовай нашчадкаў ад той нерухомасці. Настолькі ўзважаны падыход да гэтай справы. Не кажу ўжо пра тое, што прымаюцца вычарпальныя меры ў пошуку ўласнікаў пустуючых домаўладанняў.
Па-другое, калі так званыя нашчадкі не былі на старой сядзібе гадоў трыццаць і ніколі не цікавіліся яе лёсам, калі працэдура зносу пустуючай старой хаты адпавядае заканадаўству на ўсіх яе этапах, дык аб якіх прэтэнзіях размова?
Дадам, што наконт кожнага пустуючага дома вядзецца асобная справа, якая ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю: фотаздымкі, заключэнне аб стане дома, даведкі са звесткамі аб смерці ўласнікаў, матэрыялы наконт пошуку магчымых уласнікаў і нашчадкаў. Затым усе гэтыя дакументы перадаюцца ў суд.
– Як часта адсутнасць тэхпашпарта была прычынай таго, што здзелка куплі-продажу пустуючай нерухомасці не адбылася?
– Адразу скажу, што пад знос звычайна падпадаюць хаты, прыгодныя хіба што на дровы. У сельскай мясцовасці складана знайсці пакупніка на такі “дом”. Увогуле выпадкаў, калі судом наконт такога дома было вынесена рашэнне аб яго выкупе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай або перадачы адпаведнаму выканкаму для продажу з публічных таргоў, – не прыгадваю. У той жа час сёлета за паўгода 92 уласнікі пісьмова пацвердзілі намер у далейшым выкарыстоўваць цяпер пустуючыя дамы.
– Зразумела, што знос такіх дамоў, чаму нямала ўвагі надае ўрад краіны, зойме не адзін год. І ўсё ж, колькі іх ужо знесена?
– У Беларусі, наколькі ведаю, больш за 47 тысяч. Можна ўявіць, як пахарашэлі вёскі, дзе ўжо не стала гэтых хатак-развалюх, а на іх месцы з’явіліся новыя дамы ці каласіцца жыта. У нашым раёне з пачатку дзеяння Указа знесена звыш 300 старых дамоў, сёлета – 30. У той справе значную дапамогу аказваюць мясцовыя гаспадаркі і самі грамадзяне, бо ёсць і жадаючыя абрабляць зямлю, мець з яе ўраджай, а таму – згодныя самастойна знесці трухлявыя збудаванні; за кошт бюджэтных сродкаў на працягу года зносім усяго 7-8 хат.
У рэгістр пустуючых уключана 12. У адносінах 9-і пустуючых старых хат прыняты рашэнні мясцовых выканкамаў аб іх зносе або адчужэнні. Гэта вымушаная мера, бо калі для выпадковых прахожых выгляд такіх занядбаных сядзіб усяго толькі эстэтычна непрыемны, дык для суседзяў – праблема і нават небяспека, бо ў зарасніках бур’яну выдатна пачуваюцца кляшчы і паўзуны, а самі хаты нярэдка становяцца прыстанкам для асацыяльных асоб. Гэта пагражае яшчэ і пажарам…

* * *
На жаль, адной з прычын таго, што ў сельсаветах нямала пустуючых старых хат, з’яўляецца для нашчадкаў дарагоўля афармлення дакументаў для ўступлення ў спадчыну, а для жыллёва-камунальнай гаспадаркі, калі раптам дом у даволі добрым стане, – прыняцця на баланс і іх абслугоўвання. Ёсць надзея, што змяненні ва Указ № 100 паспрыя­юць жадаючым аформіць стары “домік” у спадчыну і навесці там парадак.

Гутарыла Галіна НОВІК.
novik14_2017@mail.ru
Фота Міколы ШУМА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі распрацоўваецца праект змяненняў ва Указ №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых... Сообщение Чыя ж гэта хатка?...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика