Мікалай Раманавіч Адзінец — стваральнік камсамольскай арганізацыі на Акцябршчыне. 21.by

Мікалай Раманавіч Адзінец — стваральнік камсамольскай арганізацыі на Акцябршчыне

12.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усесаюзны Ленінскі камсамол у 2018 годзе адзначае слаўнае стагоддзе. З  29 кастрычніка 1918 года бярэ свой  адважны і смелы пачатак камсамол, самая вялікая моладзевая арганізацыя. Святкаванне 100-гадовага юбілею камсамола – даніна памяці слаўнага мінулага арганізацыі і выказванне павагі тым, хто і сёння ў шэрагах выхавальнікаў моладзі ў духу патрыятызму. Больш за 200 мільёнаў юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў, з гонарам насілі назву камсамольцаў, выконваючы важныя грамадзянскія задачы і вызначаючы развіццё сваёй краіны.

Наша гераічная Рудабелка шмат нарадзіла і выхавала герояў.  Адзін з іх, стваральнік камсамольскай арганізацыі на Рудабельшчыне, першы сакратар — Мікалай Раманавіч Адзінец.

Нарадзіўся Мікалай 3 студзеня 1903 года ў вёсцы Карпілаўка Рудабельскай воласці, Бабруйскага павета, Мінскай губерні ў сям’і селяніна-бедняка.

Вясной 1919 года закончыў Рудабельскую 2-х класную народную школу, з восені 1919 па чэрвень 1920 года – разведчык у групе партызанскай разведкі.

У жніўні 1920 года уступіў у камсамол, а ў снежні 1922 года быў прыняты Акцябрскай валпартячэйкай Бабруйскага павета ў члены Камуністычнай партыі.

Са жніўня 1920 года па жнівень 1923 года працаваў сакратаром валасной ячэйкі камсамола, вядомай у Беларусі пад назвай ячэйка камсамола в. Карпілаўка. Быў яе арганізатарам.

З 1923 па 1926 год працаваў інструктарам і сакратаром павятовага і акружнога камітэта камсамола Беларусі. На працягу гэтых трох гадоў з’яўляўся членам Мінскага гарсавета, членам прэзідыума Калінінскага акружнога выканкама  (цэнтр — г. Клімавічы), членам бюро Калінінскага акружнога камітэта партыі, выбіраўся з’ездам Саветаў у склад Цэнтральнага выканаўчага Камітэта Саветаў Беларусі.

З 1926 па 1931 год вучыўся ў Леніградскім і Беларускім Камуністычных універсітэтах на прапагандысцкім аддзяленні. Будучы студэнтам, выконваў розныя даручэнні ЦК КП(б) Беларусі, рэдакцыі газеты “Звязда” і “Чырвоная Змена”.

Пасля заканчэння універсітэта быў рэдактарам Беларускай  рэспубліканскай сялянскай радыёгазеты “Калгасны заклік” і намеснікам старшыні камітэта радыёвешчання пры ЦВК БССР, інструктарам ЦК КП(б) Беларусі, рэдактарам і ўпаўнаважаным Глаўліта, Партвыдавецтва ЦК КПБ(б). У гэты час яго артыкулы часта друкаваліся ў газетах “Камуніст” (Бабрускі павет), “Чырвоная Змена”, “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Камуніст Калініншчыны” за подпісамі Мікалай Адзінец, Мікола Адзінец, Нічыпар Краж або Белкін.

З успамінаў Мікалая  Адзінца аб працы Рудабельскіх камсамольцаў у гады Грамадзянскай вайны і ў перыяд абнаўлення.

“ …Рудабельская валасная камсамольская ячэйка была арганізавана ў дні грамадзянскай вайны, калі ішлі жорсткія баі нашай Чырвонай Арміі на Захадзе з войскамі белапанскай Польшчы, а на поўдні —  з войскамі белагвардзейскага генерала Урангеля і яго саюзнікаў – Англіі, ЗША, Францыі.

20 жніўня 1920 года ў хатцы вартаўніка валрэўкама (валасны рэвалюцыйны камітэт) мы сабраліся на першы сход сялянскай моладзі. На гэтым сходзе мы прачыталі брашуру аб камсамоле, азнаёміліся з задачамі і мэтамі, якія ставіў перад сабой камсамол. Абмяняўшыся думкамі, мы рашылі арганізаваць Рудабельскі  валасны Саюз камуністычнай моладзі Беларусі. На сходзе быў аб’яўлены  запіс у Саюз. Запісалася 18 чалавек, быў выбраны старшыня і сакратар Саюза.

Кожны, хто ўступаў ў камсамол, павінен быў запоўніць анкету і прайсці зацвярджэнне. З 18 тых, хто запісаўся ў камсамол і  запоўніў анкету былі зацверджаны і сталі першымі камсамольцамі 7 чалавек: Адзінец Мікалай, Падута Іван, Губскі Сцяпан, Пальцаў Віктар, Хвасько Уладзімір, Афанасенка Майсей і Званковіч Нікіфар.

Мы, тады юнакі, імкнуліся пераймаць смеласць, адвагу і вернасць свайму народу, сваёй савецкай Радзіме, якія былі ўласцівым нашым старэйшым таварышам. Такімі былі ў нашых вачах Салавей Аляксандр Раманавіч – першы старшыня валрэўкама Рудабелкі, Ляўкоў Максім Архіпавіч – другі пасля Салаўя рэўкама воласці, Званковіч Нічыпар Якаўлевіч – трэці пасля Ляўкова старшыня валрэўкама.

 Камсамольская ячэйка аказвала ўсялякую дапамогу валрэўкаму ў выкананні прадразвесткі і харчпадатка. Абозы з хлебам накіроўваліся ў Бабруйск пад аховай камсамольцаў для галодных рабочых у гарадах.

Са зброяй за плячыма мы працавалі ў гаспадарцы сваіх бацькоў і ў саўгасе, кожны тыдзень займаліся палітвучобай. Прамову Уладзіміра Леніна на ІІІ з’ездзе РКСМ (Расійскі камуністычны Саюз моладзі)  вывучалі з асаблівай стараннасцю. Шмат спрачаліся аб будучыні камуністычнага грамадства. Было вельмімнога наіўнага ў нашых меркаваннях аб сацыялізме і камунізме, але ўсе былі перакананыя і верылі, што пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі наш народ абавязкова пабудуе сацыялізм і камунізм, і што мы будзем жыць і працаваць у гэтым грамадстве. І гэтая вера ў будучыню ламала ўсе перашкоды і цяжкасці на шляху.

Сходы камсамольскай ячэйкі праводзіліся рэгулярна раз у два тыдні. Яны былі вельмі цікавымі. На кожным сходзе першым пытаннем заўсёды было пытанне аб міжнародным і ўнутраным становішчы Савецкага Саюза.

Камсамольская  ячэйка воласці прымала ўдзел у выбарах сельскіх Саветаў. Яны пасылалі камсамольцаў разам з камуністамі  для арганізацыі справаздач і выбараў  кіруючых органаў  гэтых арганізацый. Камсамольцы і моладзь актыўна ўдзельнічалі ў нарыхтоўках і вывазе лесу, матэрыялаў і дроў для  гарадоў,  транспарту і прамысловасці.

 Сярод сялян праводзілася вельмі шмат гутарак аб тым,  што з беднасці ім не выйсці, пакуль яны будуць заставацца на дробных кавалачках зямлі,  пакуль яны не аб’яднаюцца ў буйныя калектыўныя гаспадаркі. Набытыя навыкі былі выкарыстаны  пры масавай калектывізацыі ў Акцябрскай  воласці. Камсамол  прымаў актыўны ўдзел у стварэнні калгасаў. Камсамольцы і іх сем’і першымі ўступалі ў калгасы..”.

Мікалай Раманавіч у гады Вялікай Айчыннай вайны быў камісарам мабілізацыйнага пункта, палітруком на абаронных збудаваннях Масквы, камісарам спецгрупы, выкладчыкам 1-й вучэбна-інжынернай афіцэрскай брыгады і ваенна-дарожнага вучылішча Чырвонай Арміі.

Пасля вайны, у 1946 годзе абараніў дысертацыю кандыдата эканамічных навук. Быў накіраваны ЦК   у Крымскі сельскагаспадарчы інстытут загадчыкам кафедры марксізма-ленінізма, узнагароджан многімі медалямі Савецкага Саюза.

 

Т. Калеснікава, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай установы культуры “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усесаюзны Ленінскі камсамол у 2018 годзе адзначае слаўнае стагоддзе. З  29 кастрычніка 1918 года бярэ свой  адважны і смелы пачатак камсамол, самая вялікая моладзевая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика