У гутарцы з журналістамі, якая адбылася перад урачыстым адкрыццём Дзён Аўцэ ў Нясвіжы, старшыня Нясвіжскага райвыканкама Генадзь Салавей ад-значыў, што наш горад і Аўцэ з’яўляюцца актыўнымі партнёрамі ва ўзаемным супрацоўніцтве і што несвіжане зацікаўлены ў тым, каб гэта сяброўства працягвалася і адносіны паміж нашымі гарадамі развіваліся як у культурным, так і эканамічным плане.
— Калі наша дэлегацыя ў мінулым годзе прыязджала ў Аўцэ і прадстаўляла там Нясвіжчыну, гэта было вельмі цікава мясцоваму насельніцтву, — сказаў Генадзь Міхайлавіч. — І мы, у сваю чаргу, вельмі задаволены тым, што латвійскія сябры сёння прыехалі да нас паказаць сваю культуру і вытворчасць.

Момант урачыстага адкрыцця свята. Вядучая прадстаўляе
ганаровых гасцей свята — старшыню Нясвіжскага
райвыканкама Генадзя Салаўя, Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньша Вірсіса і старшыню самакіравання Аўцкага краю Вію Кершус

Магчымасцю самастойна зрабіць драўляную лыжку з задавальненнем карысталіся не толькі дарослыя,
але і дзеці
Гэту ж думку працягнуў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс, які ў інтэрв’ю латвійскаму тэлебачанню адзначыў, што сярод 30 адзінак самакіравання Латвіі ёсць некалькі, у якіх наладжаны партнёрскія адносіны з Беларуссю, і Аўцэ — адзін з такіх гарадоў.
— Культурныя сувязі — гэта тое, што ў самым лепшым сэнсе ўмацоўвае міжнацыянальныя стасункі на дзяржаўным узроўні, — сказаў спадар пасол. — І Беларусь — гэта краіна, з якой у Латвіі скла-ліся вельмі добрыя адносіны.
І сапраўды, у фае РЦК, дзе, як кажуць, яблыку было цяжка ўпасці, размясціліся выставы прадукцыі гарадскіх і краёвых прадпрымальнікаў горада Аўцэ, работ студый народнага прыкладнога мастацтва, а таксама творчыя майстэрні, дзе паспрабаваць свае здольнасці мог кожны жадаючы. Многія з задавальненнем дэгусціравалі, а затым набывалі цукеркі з гародніны, карысныя ласункі з абляпіхай, крапівой, рабінай, арэхамі і іншымі натуральнымі кампанентамі, смачны арыгінальны хлеб, які, як патлумачылі прадаўцы, служыць для латышоў не проста дадаткам да супу ці іншай гарачай стравы, а самай сапраўднай асобнай ежай. Тут можна было ўзяць турыстычныя праспекты для знаёмства з краінай-суседкай, пазнаё-міцца з работай вядомага ў краіне сельскагаспадарчага прадпрыемства “Вецауцэ”, дзе праходзяць практыку студэнты сельскагаспадарчага ўніверсітэта Латвіі і самім паспрабаваць зрабіць драўляную лыжку, ляльку з тканіны і многае іншае.

Сваё прадпрыемства прадстаўляюць спецыялісты сельскагаспадарчага
прадпрыемства “Вецауцэ”

Выступае калектыў народнага танца
сярэдняга ўзросту “Рабежніекі”

На сцэне РЦК — спевакі з Латвіі
Шмат цікавых сюрпрызаў чакала гледачоў і на канцэрце ў глядзельнай зале РЦК. Ён пачаўся з урачыстага адкрыцця Дзён Аўцэ ў Нясвіжы, з якім прысутных павіншавалі старшыня Нясвіж-скага райвыканкама Генадзь Салавей, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс і старшыня самакіравання Аўцкага краю Вія Кершус. Госці і гаспадары абмяняліся памятнымі падарункамі, і на сцэне запанавала музыка — універсальная мова, якая як нішто іншае адкрывае душу народа.
І няхай у гледачоў пяклі далоні, яны з цяжкасцю адпускалі са сцэны кожнага з выканаўцаў — духавы ансамбль “Абсалют Брас Бэнд” г. Аўцэ, у выкананні якога прагучала бліскучае папуры на песні любімага многімі Райманда Паулса і шмат іншай добрай, жывой музыкі, фальклорную суполку “Лігатнэ”, вакальны ансамбль “Спарні” і капэлу “Аўцэ”, чые пяшчотныя галасы луналі над залай і напаўнялі яе подыхам ветру з берагоў Даўгавы ці шчэбетам птушак над вечназялёнымі прыбалтыйскімі соснамі, калектывы народнага танца — сярэдняга ўзросту “Рабежніекі” і маладзёжны “Вірпуліс”, што стваралі мовай рухаў і жэстаў цэлыя яскравыя карціны з народнага жыцця.

Знаёмства з юнымі чытачамі Нясвіжскай дзіцячай бібліятэкі праводзіць бібліятэкар Бенскай бібліятэкі
Аўцкага краю Сігіта Сербуленка

Падарожжа ў свет
латышскіх казак дапамагла зрабіць маляўнічая кніжка
У той час, калі моладзь і людзі больш сталага веку атрымлівалі асалоду ад канцэрта ў РЦК, дзеці сабраліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, дзе паў-дзельнічалі ў конкурсе “Бібліяледзі” і пазнавальных творчых майстэрнях, якія для іх падрыхтавалі госці з Латвіі — дырэктар Бенскай бібліятэкі Аўцкага краю Ілга Страуме і бібліятэкар Сігіта Сербуленка. У адной з такіх майстэрняў можна было пазнаёміцца з відамі Аўцэ і асабліва з яго галоўнай славутасцю — Аўцкім замкам, складваючы адпаведныя пазлы, у другой — пазнаёміцца з узорамі нацыянальнага латышскага арнаменту і самастойна размаляваць імі драўляныя медальёны, у трэцяй — намаляваць малюнак па зададзеных лічбах, у чацвёртай — размалёўваць спецыяльнымі фарбамі выяву нацыянальнага латышскага казачнага героя — чалавечка-жалудка. Усё гэта было вельмі цікава дзецям і недахопу жадаючых не зведала ніводная з творчых майстэрняў.

Юныя беларусы з цікавасцю размаўлёўвалі
нацыянальнымі латышскімі ўзорамі драўляныя медальёны падчас работы творчых майстэрняў
у Нясвіжскай дзіцячай бібліятэцы

Юныя ўдзельнікі адной
з творчых майстэрняў разбіраюць
для размалёўкі выявы чалавечка-жалудка
Завяршыліся мерапрыемствы Дзён Аўцэ ў Нясвіжы заключным канцэртам “Гасцінец” у РЦК, у якім гледачы яшчэ раз з задавальненнем сустрэліся з названымі вышэй калектывамі, вітаючы іх гарачымі апладысментамі. На развітанне гасцям з Латвіі намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў уручыў памятны падарунак — саламяны гадзіннік ручной работы, які, мяркуючы па ўсім, стане сімвалам адліку часу ў новым вітку сяброўства і супрацоўніцтва, якое, хочацца верыць, будзе плённым і карысным для абодвух бакоў.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота аўтара
і Дзмітрыя ЯШЧАНКІ.