Настаў той час, калі мне патрэбна задумвацца аб тым, што хутка прыйдзецца развітвацца з родным куточкам, са сваёй малой радзімай і адпраўляцца ў іншае, самастойнае і крыху чужое жыццё. Таму так хочацца пакінуць у родных мясцінах свой асаблівы след, які будзе з’яўляцца вечнай памяццю для мяне і тых мясцін, дзе прайшло маё дзяцінства.
Янка Купала пісаў: “Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэўца: ссячы дрэўца — яно засохне, адбяры ў чалавека зямлю — загіне”. Колькі памятаю я сябе — заўсёды захаплялася цудоўнай прыгажосцю кожнай крупінкі роднай зямлі. І зараз я не магу нават уявіць, як бы жыла без блакітнай ракі Днепр, без зялёненькіх бярозак каля хаты, без магутных дубоў-асілкаў і без мясцовага дыялекту, што робіць малую радзіму асаблівай для кожнага. Тут нарадзіліся мае дзяды і прадзеды, тата і матуля, тут з’явілася на свет і я. І ніколі ў жыцці я б не хацела забываць свой родны дом, мясціны, дзе рабіла першыя крокі, пайшла ў школу, пазнала першае каханне, дзе нешта неўміручае заўсёды дае падтрымку і сілы.
Нават вольная птушка час ад часу вяртаецца ў той куточак, дзе з’явілася на свет і выпрабоўвала моц сваіх крылаў. Так і чалавек павінен не забываць сваёй малой радзімы. Як казаў Францыск Скарына: “Як ад нараджэння зверы ведаюць ямы свае, птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Таму хочацца сказаць дзякуй тым мясцінам, што вырасцілі мяне, вывучылі, зрабілі чалавекам і адправілі ў далейшае жыццё. Я ніколі не забуду сцежкі да роднай хаты, буду вяртацца сюды не адзін раз, бо малая радзіма — гэта наш пачатак, а гэта значыць, што да апошняга подыху мы павінны памятаць месца, адкуль пачалі свой жыццёвы шлях. Вераніка Купрыянчык, вучаніца Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В. Казлова.
Настаў той час, калі мне патрэбна задумвацца аб тым, што хутка прыйдзецца развітвацца з родным куточкам, са сваёй малой радзімай і адпраўляцца ў іншае, самастойнае...