Настаўнік музыкі: “Вясковыя дзеці — аратыя”
26.09.2018
—
Разное
|
Аляксандр Станіслававіч Чывель вучыць іграць на акардэоне дзяцей з гарадскога пасёлка Радунь і вёскі Клайшы Воранаўскага раёна. Ужо тры яго выхаванцы бліснулі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Двое з іх — дзеці самога настаўніка. Усяго ў сям’і Чывель пяцёра дзяцей: ад 2 да 13 гадоў. У дадатак — вялікая гаспадарка: чатыры каровы, цэлая чарада авечак, безліч курэй і бясконцыя агароды. Калі вы таксама не разумееце, як ён усё паспявае, давайце разбірацца разам. Крыху біяграфіі Аляксандр Станіслававіч нарадзіўся ў Радуні, вучыўся ў той жа музычнай школе, дзе сёння выкладае. Прызнаецца, што зорак з неба не хапаў: не меў той базы, што зараз ёсць у яго выхаванцаў. Але хлопчыкам быў старанным і адказным, не прапусціў ні аднаго справаздачнага канцэрта. Пасля паступіў у Лідскае музычнае вучылішча (цяпер — Лідскі дзяржаўны музычны каледж). Узгадвае, што на другім курсе некалькі разоў нават начаваў там: — Дамаўляўся з вахцёрам, браў ключы ад класа з вокнамі ў двор, каб ніхто не заўважыў святла. Ішоў разам з усімі ў інтэрнат, пераапранаўся, рыхтаваў ссабойку і гадзін у 10 вяртаўся. Іграў да паловы шостай, калі прыходзілі прыбіральшчыцы. А раніцай мяне пытала выкладчыца Ларыса Уладзіміраўна Рута: “Як 8 гадзін рэпеціраваў? Заняткі толькі ў 7 вечара скончыліся!” Не верыла. Стальны характар навучэнца заўважылі ўжо ў каледжы. Падчас вучэбнай практыкі даручылі спачатку займацца з дзяўчынкай-першакласніцай, ды хутка перадумалі. — Пабачылі, што я магу і “прыціснуць”, і далі дарослага хлопца з мяне ростам! — узгадвае Аляксандр Станіслававіч. — Педагагічная падрыхтоўка ўвогуле была моцная, вучылі працаваць з рознымі дзецьмі. Гэта пасля вельмі дапамагло. Штурм акадэміі музыкі аказаўся непаспяховым, але гэта, як высветлілася пасля, было шчаслівым пройгрышам. Малады чалавек адправіўся на вайсковую службу ў Мінск. — Кожнаму музыканту я зычу паслужыць у арміі так, як давялося паслужыць мне! — заінтрыгаваў настаўнік і патлумачыў: — Я трапіў у вайсковы аркестр. У мяне нават захаваўся запіс, як мы, цэлы гарнізонны аркестр у 300 чалавек, выступаем на парадзе. Я іграў на тубе і асвоіў яе так добра, што, лічу, мог бы паступаць вучыцца ўжо на духавыя інструменты, але замест гэтага пайшоў на работу (мне якраз далі духавы аркестр). У гэтым годзе скончыў акадэмію адзін з тых маіх першых вучняў Яўген Амбражук, стыпендыят фонду прэзідэнта. Пасля — вяселле (жонка, дарэчы, таксама акардэаністка, ды пра яе — асобна) і першыя дзеці. Не было ні часу атрымаць вышэйшую адукацыю, ні ўнутранай патрэбы. Думкі займалі сям’я і вучні: Аляксандр Станіслававіч пабываў з імі на міжнародных конкурсах у Гомелі, Маскве, Львове. Але такія вандроўкі здараліся рэдка, а падтрымліваць сувязь з калегамі хацелася пастаянна. — Падрыхтаваўся да тэстаў, пасядзеў пайграў уступны экзамен па спецыяльнасці, знайшоў свой дыплом вучылішча і падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Мяне даўно туды запрашаў Уладзімір Паўлавіч Бубен, які выкладаў у мяне ў Лідзе. І нездарма: я стаў прывозіць сваім вучням больш цікавы рэпертуар, знайшоў шмат калег-аднадумцаў, каб пастаянна абменьвацца вопытам і ідэямі. Ды і ўвогуле пачалі адкрывацца новыя дзверы, з’яўляцца новыя магчымасці. Аляксандр Станіслававіч амаль малады спецыяліст — універсітэт скончыў толькі 5 гадоў назад. Ды за гэты час паспеў многага дабіцца. Трое яго выхаванцаў сталі прызёрамі IV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “ЛьВёнак” (“Лідскі вянок”): сын Саша атрымаў дыплом ІІІ ступені, вучаніца Валерыя Карпінская — ІІ ступені, а малодшы — Сяргей — дыплом І ступені. “Засвяціліся” і на міжнародных конкурсах: баяністаў-акардэаністаў у Луцку, “Мой сябар — баян” у Гомелі, “Наўене-2015” у Даўгаўпілсе. Ды галоўная перамога — 3-е месца Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных музычных інструментах імя І.Жыновіча, якое атрымаў спачатку Саша (2015 год), а пасля і Сяргей (2018 год). Настаўнік адчуў сапраўднае шчасце, калі дзеці пакарылі сцэну, пра якую марыў іх бацька. Настаўнік у вёсцы Амбіцыйныя педагогі рэдка застаюцца ў вёсках, шукаюць месца ў каледжах і ўніверсітэтах, але Аляксандр Станіслававіч такіх планаў не выношваў ніколі. — У горадзе многія людзі адвыклі працаваць рукамі, — катэгарычна заяўляе ён і расказвае пра свой дзень: — Пакуль яны сядзяць у офісах за камп’ютарамі, мы з жонкай пачынаем раніцу з догляду жывёлы, агарода. Гэта добры час, каб падумаць аб рабоце: што з кім сёння прагнаць, як справіцца з нейкай цяжкасцю. Пасля займаюся з дзецьмі ў Радуні ці Клайшах. У канцы дня — зноў гадзіны дзве на гаспадарку, адначасова аналізуеш заняткі: ці правільна зрабіў і як зрабіць лепш? Ды галоўнае адрозненне — самі дзеці. На думку настаўніка, вясковыя вучні не так разбэшчаны гаджэтамі і іншымі забавамі, больш звыклыя да працы, бо з ранняга ўзросту дапамагаюць бацькам. — Вясковыя дзеці — аратыя! Яны ўмеюць працаваць. А калі займаешся акардэонам, трэба сесці і 1,5—2 гадзіны адыграць, — рэзюмуе настаўнік. — Уменне працаваць усюды спатрэбіцца — і ў музыцы, і проста ў жыцці. Галоднымі не застануцца! Да таго ж вясковыя вучні больш простыя і сарамлівыя. З імі лягчэй наладзіць зносіны. — У вёсцы настаўнік мае больш аўтарытэту, чым у горадзе. Табе больш давяраюць: сказаў, што трэба, значыць, трэба. А калі ты яшчэ і зарэкамендаваў сябе, то за табой пойдуць, — кажа педагог. Здзівіць і парадаваць іх таксама няцяжка. Выезд за межы вёскі — падзея, таму дзеці ўспрымаюць конкурсы сур’ёзна, імкнуцца добра падрыхтавацца, каб трапіць у вандроўку. Настаўнік вывозіць іх не толькі іграць, але і слухаць. — Калі ў Ліду прыязджае выступаць Уладзіслаў Плігаўка ці мой настаўнік Уладзімір Бубен, мы абавязкова едзем, каб дзеці паслухалі і зарадзіліся гэтай энергіяй. Про-сяць пасля з імі штосьці з пачутага вывучыць, але я пакуль стрымліваю, бо эстраднае яны заўсёды іграць паспеюць, спачатку трэба іграць класіку. — Аляксандр Станіслававіч — настаўнік вельмі дысцыплінаваны, арганізаваны. Шмат увагі ўдзяляе дамашнім заняткам, сістэмнасці: у музыцы, як у спорце, без пастаяннай трэніроўкі дасягненняў не будзе, — расказала дырэктар Радунскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Уладзіміраўна Навікевіч. — Яго выхаванцы якраз у тым узросце, калі добра бачны вынікі працы. А Аляксандр Станіслававіч укладае ў іх шмат сіл. Часта ездзіць у лідскі каледж: яго выкладчыкі курыруюць нашых педагогаў па многіх спецыяльнасцях, наладжана пастаянная метадычная работа. За такую актыўнасць мы прапанавалі яго кандыдатуру на атрыманне прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Настаўнік школы мастацтваў года”, і Аляксандр Станіслававіч стаў яе лаўрэатам. У Лідзе вучні бываюць і на кансультацыях. Раз на месяц ці два Аляксандр Станіслававіч ездзіць раіцца да сваіх настаўнікаў у лідскі каледж. Яны даюць своечасовую падказку: ці правільна падабрана праграма пад дзіця, якія хібы ў выкананні, на што варта звярнуць увагу падчас выступлення на чарговым конкурсе і інш. Усё ж такі вясковае жыццё ўплывае не толькі на вучняў, але і на самога настаўніка. Пэўная ізаляцыя ад педагагічнай грамадскасці прымушае самому знаходзіць і ствараць магчымасці для прафесійнага росту. — А яшчэ такія паездкі падаюць прыклад іншым. Нядаўна адна з маіх малодшых вучаніц — Алеся — сказала, што хоча ездзіць на конкурсы і канцэрты, як Лера і Насця. Я вельмі ўзрадаваўся: вось яна — ланцужковая рэакцыя, ёсць з кім працаваць далей! Выхаванне пераможцаў Каб пазнаёміцца з маленькімі зоркамі, завітала на заняткі ў Клайшах, вёсачцы каля Радуні. Тут тройчы на тыдзень з дзецьмі займаюцца Аляксандр Станіслававіч, а з гэтага года — і яго жонка, Марына Янаўна (маці-гераіня толькі выйшла з адпачынку па доглядзе дзіцяці). Заняткі пакуль праходзяць у школьным музеі, аднак настаўнікі гэтаму толькі радуюцца: калі ў вясковай школе не хапае кабінетаў, значыць, яна жыве, таму і вучні знойдуцца! Да таго ж акардэаністы вельмі арганічна глядзяцца ў інтэр’еры беларускай хаткі. — Чым займалася на выхадных? — строга пытае настаўнік дзяўчынку, што прыбегла ў кабінет паміж урокамі і аўтобусам дадому, у суседнюю вёску. Слухаем шчыры і падрабязны аповед: пра бацькоў, сустрэчу з бабуляй і, канечне, шмат гадзін ігры на акардэоне! Аляксандр Станіслававіч правярае дамашнія практыкаванні і п’есу, здаецца, застаецца незадаволены — чытае маленькую лекцыю пра кіраванне часам і працавітасць. І толькі пасля ўрока ён прызнаецца, што вучаніца падрыхтавалася нядрэнна, проста расслабляцца няма калі. — Я вось прыхварэў, а не дазваляю сабе ліст непрацаздольнасці браць, бо калі зараз дзеці тыдзень ці два прапусцяць, то пачынаць пасля лета прыйдзецца, лічы, наноў! — тлумачыць настаўнік. Унутрана не пагаджаюся: гэта ўжо занадта. Патрабавальнасць да сябе і іншых неверагодная, ды не ўсе дзеці маюць абсалютны слых і музычную адоранасць. Многія займаюцца для агульнага развіцця. — З нерытмічнымі мы проста гуляем. Зрабіў амаль як трэба — ужо радуемся, хвалю яго, — тлумачыць Аляксандр Станіслававіч. — Ды я б сказаў, што 70% дзяцей, якія ў нас займаюцца, — залатая сярэдзіна, дабротныя музыканты, якія могуць працягваць музычнае навучанне. І для такіх дзяцей, і для “зорачак” важна, каб іх захапленне падтрымлівала сям’я. Бацькі многіх тэлефануюць ледзь не штотыднёва, просяць ацаніць работу вучня (і саміх бацькоў!), даць параду. — Калі хтосьці з трох — дзіця, настаўнік, бацькі — не жадае працаваць дзеля мэты, нічога не атрымаецца, — лічыць музыкант. — Набраў зараз першакласнікаў, пытаюся ў мамы: “Вывучылі ноткі?” “А як жа!” — адказвае. І дзіця сапраўды пазнае кожную ноту. У наступны дзень маці працавала ў агародзе, не было часу паўтарыць з дачкой музыку — і ўсё, нічога не памятае. Маленькія вельмі хутка забываюць, таму калі брацца, то вучыцца прыйдзецца ўсёй сям’ёй! Вось тут і варта ўзгадаць Марыну Янаўну, жонку настаўніка і маці яго таленавітых сыноў. Жанчына вельмі мяккая, гаспадарлівая, яна, здаецца, не ўмешваецца ў заняткі сыноў, але стварае такую атмасферу спакою і любові, што моцнай палове сям’і застаецца толькі плённа працаваць і дасягаць новых вышынь. Вось, думаю, галоўны педагагічны сакрэт: пакуль патрабавальны і амбіцыйны настаўнік (няхай і бацька) вядзе да мэты, клапатлівыя бацькі (звычайна — мамы) падтрымліваюць зацікаўленасць дзіцяці і даюць упэўненасць у сабе. Так дзіця зможа рэалізаваць свой талент, але не зламацца пад грузам адказнасці. Так і з’яўляюцца пераможцы. Мар’я ЯНКОВІЧ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Станіслававіч Чывель вучыць іграць на акардэоне дзяцей з гарадскога пасёлка Радунь і вёскі Клайшы Воранаўскага раёна. Ужо тры яго выхаванцы бліснулі на...
|
|