Сацыяльная дапамога – на крокавай даступнасці. 21.by

Сацыяльная дапамога – на крокавай даступнасці

29.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Стаўбцоўшчыне аграгарадок Налібакі, які аддзяляе ад райцэнтра амаль паўсотні кіламетраў, і навакольныя з ім пушчанскія вёскі фактычна сталі пляцоўкай для ўкаранення новых відаў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усе яны запатрабаваны людзьмі і часам.

Анатоль Рожка і Алена Дошчачка

Анатоль Рожка і Алена Дошчачка


Першы сацыяльны пункт

Амаль два гады, як ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» адкрыў у Налібацкім сельсавеце першы ў раёне сацыяльны пункт. На той час гэта быў своеасаблівы эксперымент, таму яму прыйшлося шукаць «прапіску». Адразу пункт размясціўся ў сельвыканкаме, пазней было выдзелена памяшканне ў Налібацкім сельскім доме культуры.
Месца тут хапае ўсім, і нас сустракае работнік сацыяльнага пункта, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Наталля Давыдзенка. Яна ўшчыльную працуе з 13-цю сацыяльнымі работнікамі, якія абслугоўваюць на тэрыторыі сельсавета 146 пажылых грамадзян. Акрамя Налібакаў, гэта жыхары Кляцішча, Церабейнага, Несцеравічаў, Целяхоў, Прудоў, Пільніцы, Рудні Пільнянскай.
– Сацыяльныя работнікі здаюць на пункт свае справаздачы аб выкананай рабоце, вырашаюць іншыя рабочыя пытанні, – тлумачыць Наталля Давыдзенка. – Ім не трэба губляць час і сродкі на дальнюю паездку ў тэрытарыяльны цэнтр. Дастаўка дакументацыі, абмен інфармацыяй і кансультацыі з загадчыкам аддзялення – у маіх абавязках. Такім чынам, большасць пытанняў удаецца вырашаць на месцы.
На надомным абслугоўванні на тэрыторыі Налібацкага сельсавета знаходзяцца 27 адзінокіх пажылых грамадзян (палова ад тых, хто адносіцца да гэтай катэгорыі) і 92 адзінокапражываючыя вяскоўцы.
Пытанні, як сведчыць практыка, узнікаюць розныя: адносна аказання паслуг надомнага абслугоўвання, іх якасці і аплаты, перапынку на зімовы перыяд, збору дакументаў на аказанне адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі і т. п. Так, пажылыя вяскоўцы з невысокай пенсіяй імкнуцца атрымаць дапамогу для набыцця на зіму паліва. «У мінулым годзе былі 54 такія атрымальнікі, сёлета, магчыма, будзе і больш, – канстатуе Наталля Давыдзенка. – Перад першым верасня ўшчыльную працавалі са шматдзетнымі сем’ямі. Імкнёмся развіваць аказанне дапамогі розным катэгорыям грамадзян».
Да пажылых грамадзян, якіх абслугоўвае на даму сацыяльны работнік, наведваюцца штоквартал інспектары аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Мэта – пачуць ацэнку якасці аказання паслугі.
– Звычайна людзі задаволены, – аналізуе вынікі наведванняў інспектар аддзялення Таццяна Бруй. Яна слушна дадае, што сацыяльнай дапамогай на даму ахоплены ўсе жадаючыя. Асноўнымі крытэрыямі пры яе назначэнні выступаюць узрост (60 і больш гадоў) і стан здароўя. Прапануюць як надомнае абслугоўванне, так і сацыяльныя ложкі, якія ў нашым раёне адкрыты на базе Дзераўнянскай і Рубяжэвіцкай бальніц, дамы-інтэрнаты. А яшчэ – расказваюць аб магчымасці сумеснага самастойнага пражывання.
Дом зімоўкі
На тэрыторыі Налібацкага сельсавета зарэгістраваны на даны момант тры дамы сумеснага самастойнага пражывання пажылых людзей, ці так званыя дамы зімоўкі. Яны ёсць у Налібаках, Пільніцы і Несцеравічах.
Сацыяльным пунктам у Налібаках загадвае інспектар Наталля Давыдзенка

Сацыяльным пунктам у Налібаках загадвае інспектар Наталля Давыдзенка


– У кожнай з гэтых хат – па двое пажылых людзей, дальніх сваякоў ці проста аднавяскоўцаў, якія аб’ядналіся для сумеснага пражывання. Такім чынам, яны адзін аднаму дапамагаюць, не адчуваюць адзіноты, застаюцца незалежнымі і, немалаважна, працягваюць жыць у прывычным асяроддзі, на сваёй малой радзіме. Каб дапамагчы ім, мы выдзяляем сацыяльнага работніка, – пералічвае ўсе плюсы гэтага віду сацыяльнай дапамогі Наталля Давыдзенка і прапануе наведаць адзін з такіх дамоў.
Мы згаджаемся і накіроўваемся да налібаччанкі Юзэфы Найдзён. Ля яе дома цвітуць кветкі. Агарод выбраны і засеяны рэдзькай. Гаспадыня адчыняе насустрач дзверы і запрашае ў хату. У пакоях – утульнасць, парадак.
– Сама варушуся, і дзядуля мне дапамагае. У яго жонка памерла, а дзеці – у Мінску. Прыняла да сябе. Сышліся характарамі. Жывём, як усе вяскоўцы, – падагульняе Юзэфа Іосіфаўна.
Яна чалавек мудры. Нарадзілася перад вайной і зведала, як усе жыхары гэтых мясцін, жудасную блакаду. Хаваліся ў балоце, а потым немцы сталі вывозіць местачкоўцаў на прымусовыя работы ў Германію. Усё яе працоўнае жыццё было звязана з поштай. «Раённы вузел паштовай сувязі нас не забывае. І на свята вёскі ўшанаваў падарункамі», – дзеліцца мая суразмоўца.
Юзэфа Найдзён запрашае ў свой дом

Юзэфа Найдзён запрашае ў свой дом


Так склалася, што жанчына засталася на старасці адна. З Канстанцінам Дземідовічам, з якім сумесна пражываюць, прычым не толькі ў зімовы перыяд, яны амаль аднагодкі, аднавяскоўцы. У наш прыезд мужчына якраз пайшоў у свой дом – туды заказалі балон з газам. Абслугоўвае іх адзін сацыяльны работнік – Наталля Макоўская.
– Наталля прыходзіць двойчы на тыдзень. Хлеба, прадуктаў, лякарстваў прынясе. Вады ў лазню наносіць, – задаволена Юзэфа Найдзён.
Сацыяльны работнік жыве праз некалькі хат

Будучы ў налібацкім краі, нельга не пазнаёміцца бліжэй з сацыяльнымі работнікамі, тым больш, што адзін з іх – Анатоль Рожка – разбурае гендарны стэрэатып аб гэтай прафесіі.
У якасці сацыяльных работнікаў у тэрытарыяльным цэнтры працуюць Анатоль Рожка, Іосіф Чарняўскі, Уладзімір Чэмка і Вячаслаў Урублеўскі. Трое апошніх працуюць «сямейным падрадам», разам з жонкамі.
Анатоль Рожка жыве ў Прудах і абслугоўвае 11 пажылых жыхароў гэтай вёскі. Для іх ён проста Толік. Звяртацца да сябе ён дазволіў ім у любы час сутак. «Калі ўзнімецца ціск, звонім: «Толік, выручай!» – расказваюць Лідзія Сямёнаўна і Сцяпан Іосіфавіч Фарботкі. Анатоль жыве ад іх праз сем хат, таму хутка прыбяжыць. Умее сам і ўкол зрабіць.
Сямейная пара Сцяпана і Лідзіі Фарботкаў

Сямейная пара Сцяпана і Лідзіі Фарботкаў


Анатоль працуе па сумяшчальніцтве паштальёнам, таму прапануе падапечным падпіску на газеты. Пажылыя людзі любяць чытаць «Прамень». «Раёнка», як і сацыяльны работнік, – неацэнны суразмоўца ў доме. Службовы веласіпед Анатоля Рожкі аснашчаны карзінай. У ёй зручна вазіць з магазіна прадукты. У сям’і Фарботкаў гаспадар яшчэ сам можа ўпраўляцца з мотакасілкай, а Анатоль дапамагае з уборкай двара, зімой – з ачысткай снегу. Прынесці дроў, вады – таксама яго стандартныя клопаты. Пажылыя людзі нярэдка звяртаюцца і з чыста мужчынскімі просьбамі. Да прыкладу, пераставіць шафу ці забіць цвік.
Калега Анатоля Рожкі, Алена Дошчачка, таксама жыве ў Прудах і працуе сярод аднавяскоўцаў. «Некалі яны дапамагалі нам гадаваць дзяцей, цяпер нам трэба ім дапамагчы», – гаворыць Алена Станіславаўна пра падапечных. Іх яна забяспечвае малаком, тваражком ад уласнай кароўкі. Дарэчы, у Анатоля Рожкі сястра Таццяна – таксама сацыяльны работнік, працуе ў Кляцішчы.
Кожны з сацыяльных работнікаў мог бы расказаць шмат чаго аб сваёй прафесіі, адносінах з людзьмі, і гэта была б вельмі кранальная гісторыя пра іх жыццё ў адной вёсцы, сярод землякоў, лёсы якіх цесна пераплецены праз гады і пакаленні.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Стаўбцоўшчыне аграгарадок Налібакі, які аддзяляе ад райцэнтра амаль паўсотні кіламетраў, і навакольныя з ім пушчанскія вёскі фактычна сталі пляцоўкай для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика