Аксана Ларчанка — адзін з лепшых педагогаў фізікі вобласці. 21.by

Аксана Ларчанка — адзін з лепшых педагогаў фізікі вобласці

05.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Звініць званок, працоўны дзень у школе скончаны і Аксана Ларчанка, настаўнік фізікі СШ №1 спяшаецца дадому. А заўтра зноў рабочыя планы, сшыткі, вучні, урокі. Усё такое блізкае і знаёмае, і ў той жа час кожны дзень нешта новае і нязведанае, бо школьныя будні заўжды напоўнены цікавымі прыгодамі і падзеямі. Вось ужо на працягу 25 год Аксана Мікалаеўна выкладае такі няпросты, але, разам з тым, адзін з найцікавейшых прадметаў – фізіку. Дакладныя дысцыпліны заўжды даваліся педагогу лёгка, а ў традыцыйныя дні самакіравання ў школе ніколі не ўзнікала пытанняў, у якога настаўніка ператварыцца. А вось канчатковай кропкай пры выбары прафесіі зноў стала любоў да дакладных навук, праўда спачатку ўсё ж думала звязаць жыццё з матэматыкай.

— Раскажыце пра дзяцінства. Кім марылі стаць?- пытаю суразмоўцу.
— Дзяцінства маё было самае звычайнае: піянерыя, камсамол, актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, была старастай у класе, займалася спортам. Вучылася нядрэнна, як зараз кажуць — была “харашысткай”, затое па матэматыцы і фізіцы заўжды былі “пяцёркі”. Як і ўсе дзеткі шмат марыла, але заўжды ведала, што будучая праца будзе абавязкова звязана з лічбамі. Настаўнікі ў нашай дынастыі былі: прадзядуля выкладаў матэматыку. Скончыла фізічны факультэт БДУ і па накіраванню прыехала на Хоцімшчыну.
— Аксана Мікалаеўна, атрымліваецца, у вас дзве Радзімы?- пытаю далей.
— Атрымліваецца, так. Калі мяне пытаюць, чаму спыніла выбар на прыбеседскім краі, адказваю: чалавек упрыгожвае месца сваімі ўчынкамі, працай, а не наадварот. Мне вельмі пашанцавала: любімая сям’я, праца, Хоцімшчына. Любімае — таму што маё. А вось дзеткі, скончыўшы ў Мінску навучальныя ўстановы, засталіся ў вялікім горадзе. Для моладзі ўсё ж там больш перспектыў. А для нас, бацькоў, галоўнае, каб яны былі добрымі людзьмі і выбралі ў жыцці правільную сцяжынку.
Аксана Мікалаеўна прызнаецца — настаўніцкая праца заўжды займала нямала часу, трэба было штодзённа рыхтавацца, пісаць, правяраць кантрольныя. Заўжды падтрымліваў муж, які быў надзейнай апорай і падтрымкай.
Мне таксама пашчасціла быць вучаніцай Аксаны Мікалаеўны, яе ўрокі ўспамінаю з асаблівай цеплынёй. Упэўнена, што не знойдзецца ні аднаго вучня, які б не ўспамінаў вопыты на ўроках і тое, з якім захапленнем тлумачыла педагог кожную тэму. Мне, напрыклад, вельмі запомніліся практычныя заняткі, і сёння памятаю важныя законы класічнай механікі і знакамітыя ньютанаўскія яблыкі… І ўсё ж цікава, як у яе атрымліваецца зацікавіць вучняў фізікай, бо гэта не такі просты прадмет?
— Фізіка — на самай справе вельмі цікавая навука, варта толькі адчуць усю яе сапраўдную прыгажосць. Так, так я не памыляюся, калі так разважаю. На ўроках заўжды імкнуся, у першую чаргу, стаць сябрам для вучняў, але вельмі важна, каб была дысцыпліна. Таму з самага пачатку патрэбна знайсці “залатую сярэдзіну” паміж настаўнікам і вучнямі. Вялікімі дапаможнікамі з’яўляюцца новыя тэхналогіі і гаджэты, якія пры правільным выкарыстанні прыносяць вялікую карысць. Сёння кабінет фізікі абсталяваны сучаснымі навінкамі, ёсць доступ у Інтэрнэт, інтэрактыўная дошка. У рабят ёсць магчымасць праводзіць вопыты самастойна, запісваць іх на гаджэты, а потым дэманстраваць у класе. Вельмі радуе і тое, што большая колькасць маіх вучняў наведваюць факультатыў па прадмету. Безумоўна, усё гэта вельмі дапамагае, але, паўтаруся, у першую чаргу трэба любіць гэту дысцыпліну, мэтанакіравана ісці да пастаўленай мэты і тады ўсё атрымаецца, — дзеліцца сакрэтамі Аксана Ларчанка.
— А самы першы ўрок памятаеце? — задаю наступнае пытанне.
— Памятаю, — прызнаецца настаўнік. — Гэта быў 7 клас. Памятаю сваё хваляванне, але вельмі ўдзячна педагогам, якія не толькі падтрымалі мяне, маладую настаўніцу, але і ў далейшым сталі сябрамі: Галіна Белікава, Таццяна Кавалёва, Зоя Бубель, Пётр Люсікаў, Пётр Гаваркоў. І, увогуле, на маім шляху сустракаліся добрыя людзі. Хочацца пажадаць усім калегам моцнага здароўя, цярпення, дабрабыту і ўдзячных вучняў.
Напярэдадні прафесійнага свята педагог адзначана Граматай Міністэрства адукацыі РБ за добрасумленную плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і ў сувязі з Днём настаўніка, якая папоўніла яе нямалую скарбонку ўзнагарод. Вынікі, якія паказалі навучэнцы Аксаны Мікалаеўны на ЦТ адны з лепшых як у вобласці, так і ў рэспубліцы. Фізік прызнаецца, што ў першую чаргу гэта заслуга саміх рабят, але падобная сціпласць яшчэ больш упрыгожвае маю суразмоўцу. Кожны, хто ведае Аксану Мікалаеўну ўпэўнена скажа, што за цудоўнымі вынікамі школьнікаў схавана штодзённая карпатлівая праца настаўніка. А для яе гэта лепш усякіх Грамат і Дыпломаў — бачыць вынік сваёй працы ў вучнях. Дарэчы, вельмі нечакана і цікава было даведацца, што сёння здольнасці да фізікі ў аднолькавай ступені праяўляюць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчаты. Яно і зразумела — многія выбіраюць вну з тэхнічным ухілам.
Нягледзячы на абмежаванасць свабоднага часу, Аксана Мікалаеўна знаходзіць у сваім напружаным графіку і месца для творчасці і спорту. А яшчэ яна вельмі любіць чытаць гістарычныя раманы і вырошчваць кветкі. Вось такая педагог-фізік: сур’ёзная, але разам з тым вельмі крэатыўная і творчая. Відавочна толькі адно: у любой справе, за якую бярэцца, яна заўжды на вышыні.

Вольга Зайцава

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звініць званок, працоўны дзень у школе скончаны і Аксана Ларчанка, настаўнік фізікі СШ №1 спяшаецца дадому. А заўтра зноў рабочыя планы, сшыткі, вучні, урокі. Усё...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика