Год малой радзімы: Я нарадзілася ў казцы…. 21.by

Год малой радзімы: Я нарадзілася ў казцы…

11.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я нарадзілася ў казцы. Яе насельнікі прыклалі шмат намаганняў, каб задаволіць маю дзіцячую смагу дзівосаў, каб загартаваць маю свядомасць ад наступстваў рэзкіх перападаў тэмпературы энтузіязму ў грамадстве, каб прышчапіць вакцынай народнага гумару мой густ, прывіўшы імунітэту трываласць супраць усяго нізкаякаснага, шкоднага для душы і псіхікі.

Казка існавала не на нейкай пэўнай тэрыторыі, а ў вымярэннях часу. Таму і мая малая радзіма – не гістарычная Віленшчына, працятая вірлівай Вяллёй, а паралельны свет, што існаваў па-над гэтымі тэрыторыямі з іх этнічнымі лучнасцямі, хутарамі, дзяржавамі. Цудоўны свет, нават Сусвет, маёй казачнай Бацькаўшчыны быў знітаваны сотнямі ручаёў, рачулак, рэк, што імкнуліся да сваёй сталіцы, - Вяллі, якая насамрэч выконвала ролю культурнага, эканамічнага, навуковага, гандлёвага цэнтра. Таму не было ў той краіне перыферый і правінцый, усе яе жыхары жылі ў сталіцы. Яны не мелі комплексаў непаўнацэннасці праз няправільнае вымаўленне, местачковае мысленне, абмежаванасць у сродках існавання. Яны ўсе былі самадастатковымі, багатымі, разумнымі. Пагадзіцеся, нідзе ў свеце вы не напаткаеце такога, каб сталіцай дзяржавы была рака. Толькі ў маёй казцы.

Жылі-былі мае прашчуры вілейчукі, вяллянчукі, віленчукі (назву можна абіраць у залежнасці ад прыпынку ў часе, на працягу якога яны ўпрыгожвалі казку вынікамі сваёй працы) асабліва не задумваліся над тым, наколькі правільна яны жывуць. Ёсць багаты ўраджай – правільна жылі, няма прыбытку – штось не дагля-дзелі. Хоць і верылі ў розных багоў ды бажкоў, містычных істот, але моцна на іх не разлічвалі. Спадзяваліся толькі на сваю руплівасць і дбайнасць. І кожны з іх быў сам чараўніком, лекарам, варажбітом.

Год малой Родины.JPG

Маёй зыбкай былі начоўкі з асінавага цурбана, аб які чорт зламаў свае рогі, калі каціўся з Лысай гары. Так казала бабуля Алена, татава маці, і яшчэ прыгаворвала: “Дзіця пястуй, як яечка, пасі, як авечку, тады выйдзе чалавечка”. І частавала мяне перапечкамі з рамонкавай гарбатай. Іншы раз запарвала валошкі, чабор ці нейкія дужа духмяныя зёлкі, што сушыліся на гарышчы, куды лазіць дзецям забаранялася, бо там у цёмным куце жыў Дамавік, які “цікаўнай Нюшы адарваў вушы”. А пад вялікімі валунамі і кладкамі на рацэ хавалася Жалезная баба. Яна люта ненавідзела дзяцей, таму тапіла тых, хто асмельваўся без мамы-таты набліжацца да ракі. У лесе хаваліся на верхавінах дрэў гаёўкі –непаслухмяныя дзяўчаты, якіх павыганялі з хат у чым маці нарадзіла зняслаўленыя бацькі. Іх ахоўнікам стаў Лесавік. Калі я пыталася ў бабулі, як жа яны голыя зімовыя маразы перажываюць, то чула ў адказ чарговую байку пра пераўтварэнні гаёвак у пухляценькіх істот, якія скрозь ад пят да макаўкі пакрываліся зімой белым пухам. А зімняй раніцай, зірнуўшы за акно і ўбачыўшы апрануты ў белае футра лес, я, здаецца, бачыла сотні гаёвак.

За Вяллёй у дубовым лесе быў глыбокі яр. У ім хаваліся людзі з навакольных вёсак падчас ліхалеццяў. Мы з дзядулем Антосем там збіралі баравікі, і ён расказваў пра свет, што існуе за межамі нашай казкі. У тым свеце падчас мікалаеўскай вайны згубіліся браты і бацька бабулі Алены, а сам Антось быў моцна паранены і атручаны газамі, але выжыў і нават атрымаў георгіеўскія металічныя крыжы, якая бабуля грэбліва называла бразготкамі. Тата іншы раз браў мяне з сабой на рыбалку. Я ціха-ціха сядзела ў лодцы, каб мяне не чула Жалезная баба, якая сваёй жорсткай металічнай рукой магла схапіць мяне і зацягнуць у глыбокі вір. Хто ж мог тады ведаць, што праз пару гадоў жалезныя машыны прыйдуць на гэтыя берагі, каб распачаць будоўлю веку – Вілейска-Мінскую водную сістэму, зруйнуюць вёскі, затопяць наваколле вадасховішчам, бязлітасна разбураючы маю старажытную казку.

Два іншых персанажы маёй дзіцячай казкі жылі таксама недалёка ад Вяллі. Бабуля Макрына і дзядуля Фядось маглі б паслужыць прататыпамі героеў меладрамы. Яна - дачка мясцовага каваля, ён – амаль паніч, атожылак збяднелай шляхты, ганарысты і амбіцыйны. Абвянчаліся насуперак волі бацькоў і пранеслі сваё каханне праз усё жыццё. Па сённяшніх мерках – казачная гісторыя. У іх маладзечанскай хаце я жыла з бацькамі першыя пяць гадоў свайго жыцця. Ці не таму на працягу наступнага дарослага жыцця часцяком вярталася думкамі ў той час і занатоўвала на чыстым аркушы чарговы ўспамін. Вось напрыклад такі.

“Жнівень з дзіцячых гадоў застаўся ў памяці як самы багаты летні месяц. Хоць і пазначаны ён Успенскім постам, але не абмяжоўваў ніякімі рамкамі ўжыванне ягад, садавіны, агародніны, мёду, арэхаў. А якія смачныя піражкі з трускалкамі, пончыкі з грыбамі, варэнне, вішнёвую бабку гатавалі напрыканцы лета нашы мамы і бабулі! Ізноў узнікае ў памяці дзядулеў голас, ажывае казка.

“А Макрына - у каралях чырвоных, у туфлях атласных, у сукенцы сіняй - ідзе да ракі. У правай руцэ ў яе вузельчык з жытнімі ды пшанічнымі каласкамі. Вось яна ля вады спыняецца. Развязвае вузел, кідае ў раку каласкі. Уваходзіць у ваду рачную Макрына. «Расступіся і сыдзіся вада, адступі, сухая бяда, ад поля, ад зямелькі ўзаранай, ад падворка, ад хлебнага кораня».

Бабуля Макрына слухае дзядуляў аповед, схіліўшы на бок галаву, усміхаючыся кончыкамі вуснаў і прыжмурыўшы свае блакітныя непадуладныя старасці вочы. Дзядуля Фядось для нас, унукаў, – сапраўдны Бай, ён столькі ўсяго ведае, а чаго не ведае, тое дапрыдумвае. Бабуля не ўмее казкі расказваць, затое яна – геніяльны слухач. Не тое, што ўнукі, якія ўвесь час перабіваюць Бая, закідваючы пытаннямі, як на допыце. Перабіваюць адзін аднаго, не даючы дарасказаць, чаму бабулю назвалі Макрынай, хоць нарадзілася яна не 1 жніўня, пазначанага ў праваслаўным календары гэтым імем, а 28 жніўня, на Прачыстую.”

Сярод тых гераічных людзей, хто з упартасцю абаранялі маю і не толькі маю казку ў пераходны перыяд майго жыцця, найперш настаўнік мовы і мой першы літаратурны крытык Іван Антонавіч Кучынскі. Ён пазнаёміў мяне з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім – рупліўцам старасвеччыны, доктарам гістарычных навук, краязнаўцам. З яго лёгкай рукі мае першыя вершы, што час ад часу з’яўляліся на літаратурных старонках маладзечанскай “раёнкі”, былі надрукаваны ў часопісе “Маладосць”. Менавіта Генадзь Аляксандравіч паспрыяў таму, каб мой пераход ад казачнага дзяцінства ў дарослы свет з чужой мовай і незнаёмым мне менталітэтам не моцна раніў душу абразлівымі словамі наконт майго няправільнага вымаўлення і наогул разумення палітыкі партыі…

Нараджаліся вершы, укладаліся ў кнігі. Першую “Яны не ведалі мяне” выдаў маладзечанскі руплівы ахоўнік і папулярызатар літаратурнай і культурнай спадчыны нашага краю Міхась Казлоўскі. З ім мы пазнаёміліся напачатку 80-х на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Купалінка” пры маладзечанскай раённай газеце. Дарэчы, гэта суполка творчых людзей дала пуцёўку ў літаратуру такім вядомым сёння пісьменнікам, як Таццяна Сапач, Кастусь Цыбульскі, Тамара Бунта, Марат Баскін. Другая кніжка вершаў “Бывай, Альба Рутэнія” выйшла, дзякуючы апецы маёй мілай Дануты Бічэль-Загнетавай. Яна першая пераканала мяне, што я паэт, і гэта вялікая адказнасць і цяжкі крыж, а не падарунак лёсу. Выхаду трэцяй кнігі “Рэфлексіі” паспрыяла хвароба: пісала і ўкладала яе цягам чатырох месяцаў, калі была на бальнічным. А выданню “Рэфлексій” пасадзейнічала Людміла Кебіч – старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На мой выбар прафесіі некалі найбольш падзейнічала жаданне вандраваць. У маладосці з заплечнікам за спінай падарожнічала па Беларусі, Літве, Украіне, па гарах Крыма, Карпат, Каўказа, Цянь-Шаня. Цяпер паступова ператвараюся ў “матрасніка” – так прыхільнікі актыўнага турызму называюць курортнікаў. І тым не менш, пакуль ногі паслухмяныя, накіроўваю іх час ад часу па сцежках не самых камфортных, на якіх можна напаткаць дзівосы і прыгажосць, а значыць, і повад для натхнення, для новых твораў, для новых казак.

Ала КЛЕМЯНОК.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Я нарадзілася ў казцы. Яе насельнікі прыклалі шмат намаганняў, каб задаволіць маю дзіцячую смагу дзівосаў, каб загартаваць маю свядомасць ад наступстваў рэзкіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика