Для сельчан личное подсобное хозяйство – отличное подспорье. 21.by

Для сельчан личное подсобное хозяйство – отличное подспорье

22.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да адной з хат у Мосары, а дакладней былым Замошшы, завярнулі колы. Хоць Вячаслаў Генадзьевіч Антуновіч і яго Орлік і дапамагалі знаёмым з пераворваннем агарода, аднак стомленымі не выглядалі. Белы прыгажун з моднай грыўкай на бок толькі перыядычна паказваў язык – дэманстраваў, што зарабіў на ласункі.

– А я з пустымі рукамі, – збіралася бегчы за лустай хлеба гаспадыня Тамара Уладзіміраўна Мацюшава, ды Вячаслаў спыніў яе і патлумачыў, што пачак пячэння яго гадаванец ужо ліквідаваў: вельмі любіць салодкае і без загаду абавязкова спыняецца ля любога магазіна, маўляў, бяжы за пакупкамі.

“Чым корміце, што такі гладкі”? – пытаюся ў гаспадара, які спрытна ў хвіліну зняў вупраж. “Ды ўсім балую”, – адказвае Вячаслаў Генадзьевіч. – Колькі зараз коні працуюць? Пасадзіць ды выкапаць бульбу, а зімой у санях – для яго не праца, а мацыён”.

Хаця транспартным сродкам Орлік служыць не толькі зімой. Колькі разоў сёлета падвозіў да трасы Тамару Уладзіміраўну, якая, сабраўшы чорную парэчку, адпраўлялася на рынак у Полацк. Спачатку шклянкамі прадавала, што, зразумела, выгадней, потым ужо вёдрамі. 25 рублёў мела, акуплялася і дарога, і затраты. А галоўнае, не балела сэрца, што сыплецца ягада. На ўчастку ж 99 кустоў чорнай парэчкі. Зразумела, што сабе і родным столькі не трэба.

Аднак гэта не адзіная культура, якую лічыць выгаднай на продаж. Сёлета мяркуюць немалы ўчастак адвесці пад зімовы часнок. Практыкаваў гэта ўжо Вячаслаў: родзіць агародніна на мосарскіх землях, а пры паштучным продажы за галоўку можна і рубель у кішэню пакласці.

Крыніц заробку на зямлі насамрэч нямала, было б жаданне працаваць, паколькі нават некапрызныя культуры патрабуюць догляду. Трымаюць Мацюшавы-Антуновічы і парсюкоў – перавагу надаюць непераборлівым ручным в’етнамцам. Свінаматку ў зіму не пакідаюць, але на вясну зноў мяркуюць павялічыць пагалоўе.

І ўсё гэта – дадатковы заробак. Даражаць і асноўным месцам працы – малочнатаварнай фермай “Завячэлле”. Што ні кажы, правільна быў выбраны ўчастак для будаўніцтва, наблізіўшы вытворчы аб’ект да мосарскай зоны, людзі якой першымі засталіся без калектыўнай гаспадаркі і, адпаведна, работы. Не гультаі гэта цэняць, на комплексе, асабліва пасля далучэння яго да “Маяка” – практычна няма цякучасці кадраў. Ва ўсялякім выпадку Тамара Уладзіміраўна пакуль не можа перайсці з загоншчыкаў жывёлы ў даяркі, якія, зразумела, больш зарабляюць. Чатыры гады на ферме, а калі “Райаграсэрвіс” пайшоў на дно, стала “гастарбайтарам” – нават у Талачынскім раёне працавала, шукала, дзе плацяць. Раней жа 17 год вяла аселы вобраз жыцця: прымала заказы ў комплексным прыёмным пункце КБА ў Завячэллі.

Вячаслаў Генадзьевіч пастухом толькі з мая. На комплексе кароў раней не ганялі на пашы. Але пасля таго, як жывёла пачала мацыён, меней стала хварэць на ногі, адзначае загадчык комплексу Паліна Уладзіміраўна Седзіна. Ды і новым пастухом яна цалкам задаволена: “Надзейныя людзі, ніякіх праблем”.

Зразумела, Вячаслаў не прапаў бы і без “працоўнай кніжкі”. З канём у руках на вёсцы заробак будзе. Адна бяда – Орлік, які выконвае любыя каманды, прызнае і слухаецца толькі яго. Нікому проста так яго не перадасі: не падпусціць і можа нават укусіць. В.Антуновіч, які з усёй жывёлы вылучае менавіта коней, выхоўваў яго з трохмесячнага ўзросту. Паміж імі абсалютнае ўзаемаразуменне, а Тамара Уладзіміраўна нават крыху раўнуе, жартуючы, што Орліка Вячаслаў любіць больш, чым яе.

Шмат справы ля ўласнага дома на вёсцы, восенню асабліва. Не задаволена гаспадыня, што не ўсё прыбрана і дагледжана. Тым не менш вызвалялі сёлета навакольныя землі ад баршчэўніку. “Сельсавет дапамагаў, шмат зрабіў для вёскі, апырсквалі, касілі, ды і мы самастойна атруту набывалі. Прыватныя палеткі мяжуюць з узлескамі ці палямі, калі гэтага не рабіць, потым не справішся”.

Мосар – даўно не цэнтральная сядзіба гаспадаркі, у якой і працавалі многія сяльчане. Аднак па-ранейшаму тут шмат дагледжаных падворкаў і дастойных сямей. Прыклад якіх у чарговы раз пераконвае – не гультай сябе пракорміць.

Вольга Караленка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да адной з хат у Мосары, а дакладней былым Замошшы, завярнулі колы. Хоць Вячаслаў Генадзьевіч Антуновіч і яго Орлік і дапамагалі знаёмым з пераворваннем агарода,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика