“Гузікі” з бабулінай скарбонкі. 21.by

“Гузікі” з бабулінай скарбонкі

23.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чамусьці менавіта восенню я часцей за ўсё ўспамінаю сваю бабулю. Можа таму, што восень – пара рэфлексій і разважанняў. А можа прычына – Дзень усіх святых, калі ўшаноўваем памяць сваіх памерлых родных. Так ці інакш, я пераношуся ў дзяцінства з яго непаўторнымі пахамі і гукамі. Тады дзедаў сад здаваўся бяскрайнім, сцежка ад хаты да каморкі, якую даводзілася падмятаць штотыдзень, - надзвычай доўгай, а лесвіца на гарышча, дзе хавалася самае цікавае, - высачэзнай. І я зноў станаўлюся маленькай дзяўчынкай, для якой бабуля пячэ піражкі ў печы, а дзед паказвае, дзе ў лесе можна знайсці самыя вялікія баравікі і падасінавікі.

детство.jpg

Мне хочацца хоць на хвілінку вярнуцца з бабуляй на ферму, дзе яна працавала, і зноў здзівіцца, што карова Каза (і хто толькі прыдумаў такую мянушку?) дае халоднае малако, што ў вольны ад працы час дзед паспеў назбіраць для мяне цэлы чарнічны букет.

Бабулі і дзядулі не стала амаль 20 гадоў таму. А я беражліва захоўваю ў сэрцы свае ўспаміны. Гэтае “сховішча” падобна да яркай бляшанкі ад цукерак, дзе бабуля складала гузікі і пацеркі. Вось першы “гузік”:  ляжу, захутаная ў мяккую коўдру і слухаю казку пра Піліпку. А вось другі: мы са стрыечнай сястрой голасна плачам з-за разбітай навагодняй цацкі – шкляной божай кароўкі. Мы тады аздобілі ёлку ў двары, а цікаўныя індыкі здзяўблі ўсе ўпрыгожанні. Памятаю белага калматага сабачку Шарыка. Стрыечны брат палічыў, што рыжы сабака дзедавага сябра прыгажэйшы за нашага, і абмазаў Шарыка глінай. Ох, як сварыўся дзед, змываючы гэтую гліну з белай поўсці!

А цяпер скарбонку “бабуліных” успамінаў збіраюць мае дзеці. І так цікава, што запомніцца ім? І бабулі, і дзядулі хоць і робяць строгі выгляд, але любяць маіх гарэзаў моцна і аддана. Магчыма, дарослыя, яны ўспомняць, як бабуля тэлефанавала: “Клубніц наспела цэлая градка. Калі вас чакаць?” А можа, як частаваліся смачным пячэннем, прыгатаваным роднымі рукамі. Ці дзівосы на гарышчы – там захоўваюцца маміны дзіцячыя сукенкі, якія так весела прымяраць і насіць. Пажадана цішком ад мамы, якая дакладна не дазволіць пайсці на вуліцу ў цыганскай спадніцы.

Хочацца, каб гэтых успамінаў станавілася болей і болей. Каб абедзве бабулі дапамаглі маім дачушкам апрануць сукенку і фату раніцай перад вяселлем, каб мой сынок назіраў, як дурэюць з дзядулямі яго дзеці, каб усе разам шумна адкрывалі калядныя падарункі. Бо што тады шчасце, калі не гэта?

Віялета ВОЙТКА.

Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чамусьці менавіта восенню я часцей за ўсё ўспамінаю сваю бабулю. Можа таму, што восень – пара рэфлексій і разважанняў. А можа прычына – Дзень усіх святых, калі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика