I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў 25-26 кастрычніка ў Гомелі. Праграма міжрэгіянальнага форуму ўключала ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх краін, пасяджэнне беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, правядзенне дзелавых перагавораў паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, галіновых секцый і пасяджэнняў экспертных рабочых груп, канцэрт Дружбы і іншыя мерапрыемствы.
Прэзідэнты Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка 26 кастрычніка прынялі ўдзел у форуме. Па выніках мерапрыемства падпісаны шэраг дакументаў і заключаны дамоўленасці, накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва па ўсім спектры напрамкаў беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння.
Праблему павінны вырашаць тры славянскія народы
Беларусь гатова дапамагчы ў вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны там, дзе паміж канфліктуючымі бакамі няма даверу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.
Кіраўнік дзяржавы закрануў у сваім выступленні вострае для Украіны і яе суседзяў, у тым ліку для Беларусі, пытанне. «Яно вельмі важнае для мяне асабіста», адзначыў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што яго карані ва Украіне, таму гэта краіна для яго не чужая. «Гэта пытанне вайны і міру. Я яго закранаю, таму што яно апошнім часам вельмі палітызаванае. Беларусь знаходзіцца не за тысячы кіламетраў ад канфлікту, ад гэтай вайны, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Гэта зусім побач, ля нашага парога, у нашых братоў, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мэта адна (я гэта ведаю па Прэзідэнце Украіны і, скажу шчыра, па многіх уцягнутых у гэты канфлікт) — спыніць гэту вайну, захаваць адзінай і непадзельнай Украіну».
Мы гатовы зрабіць гэта, але толькі дзеля аднаго — дзеля міру. Гэту праблему — гэта мой пункт гледжання — павінны вырашыць мы, тры славянскія народы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што калі трэба ўключыць Беларусь ва ўрэгуляванне канфлікту, то яна будзе дзейнічаць, толькі зыходзячы з дамоўленасцей украінскага і расійскага бакоў.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на Форуме рэгіёнаў у Гомелі ўкраінскі бок прымаюць вельмі цёпла, і гэта не створыш штучна. «Гэта стаўленне і маё, і мясцовых улад, і, галоўнае, беларусаў, да вас. Мы за вас вельмі перажываем, — звярнуўся да ўкраінскіх гасцей Прэзідэнт. — Мы хочам, каб гэта цудоўная зямля, багацейшая па сваіх рэсурсах і з суперпрацавітымі людзьмі, была працвітаючай. Яна такой і будзе».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што войны заўсёды заканчваюцца — аб гэтым сведчыць гісторыя. «Але чаму нам гэтыя канфлікты не скончыць хутчэй, як мага раней? — спытаў ён. — Я не мог не закрануць гэту тэму з прычыны таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэту праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя ваенныя ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках».
Украіна ўдзячна Беларусі за стварэнне ўмоў для мірных перагавораў
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ўдзячны беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на I Форуме рэгіёнаў дзвюх краін.
Кіраўнік украінскай дзяржавы расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Затым — шматгадзінныя перагаворы. «У Мінску былі падпісаны дакументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца мінскімі пагадненнямі», — падкрэсліў Пётр Парашэнка.
«Ці давяраю я Лукашэнку? На 100 працэнтаў. І мы пра гэта сёння гаварылі», — заявіў украінскі лідар.
Паводле яго слоў, місія кіраўніка беларускай дзяржавы, як Беларусі ў цэлым, вельмі важная. «Трохбаковая кантактная група працуе ў Мінску. І Беларусь робіць усё, што можа, каб арганізаваць гэту работу, — сказаў Пётр Парашэнка. — Таму я хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, беларускаму народу, Мінску».
Супрацоўнічаць з Украінай ва ўсіх сферах
«Беларусь настроена на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі на любым напрамку — няма забароненых тэм. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што не толькі эканоміка, але і цесныя гуманітарныя сувязі аб’ядноўваюць дзве краіны і яе народы. Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферах спорту, навукі і адукацыі.
«У абедзвюх дзяржавах створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ідэнтычнасці нацыянальных дыяспар. Дні культуры Украіны ў Беларусі, якія з поспехам прайшлі гэтым летам у Мінску і рэгіёнах, сталі незабыўнай падзеяй», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў 2019 годзе ў Мінску адбудуцца ІІ Еўрапейскія гульні. У Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, будуць рады бачыць украінскіх спартсменаў і будуць балець за іх паспяховае выступленне гэтак жа, як і за беларускіх атлетаў. «Спорт і наогул мерапрыемствы такога ўзроўню з’яўляюцца магутным аб’яднальным фактарам», — упэўнены Прэзідэнт.
Ад паставак тэхнікі да выхаду на трэція рынкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны назваў перспектыўныя сферы супрацоўніцтва паміж краінамі.
«Беларусь гатова падзяліцца з Украінай сваім вопытам у інфраструктурнай мадэрнізацыі — ва ўдасканаленні камунальнай гаспадаркі, абнаўленні парку пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, дарожным будаўніцтве», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Гомелі ўкраінскія партнёры змогуць на канкрэтных прыкладах азнаёміцца з вынікамі работы беларускіх спецыялістаў і перспектывамі ўзаемнага супрацоўніцтва.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок, як і раней, гатовы да цеснай кааперацыі з украінскім горна-металургічным комплексам. «Не сакрэт, што яго тэхналагічны парк шмат у чым забяспечваецца надзейнай, праверанай гадамі кар’ернай тэхнікай БелАЗ. Нам неабходна прадаўжаць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Значны патэнцыял мае супрацоўніцтва ў транспартнай лагістыцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Больш эфектыўнае выкарыстанне нашымі краінамі геаграфічных пераваг будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі розных праектаў у рамках мультымадальнага транспартнага калідора Балтыйскае мора — Чорнае мора», — звярнуў ён увагу.
На думку Прэзідэнта, важна задзейнічаць чыгуначны складнік, рачное суднаходства і інтэграваць марскія парты Украіны ў лагістычныя ланцужкі.
У гандлёва-эканамічныя сувязі паміж дзвюма краінамі ўключана вялікая колькасць суб’ектаў гаспадарання. У Беларусі налічваецца каля 300 сумесных кампаній з украінскім капіталам. Ва Украіне дзейнічае прыкладна 100 прадпрыемстваў з беларускім удзелам.
«Агульны аб’ём інвестыцый, укладзеных у праекты, што рэалізуюцца нашай краінай на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у 2017 годзе перасягнуў $1,2 млрд», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Беларусь традыцыйна закупляе ва Украіне метал і ў шырокім асартыменце камплектуючыя для машынабудаўнічага комплексу, а таксама сельскагаспадарчую сыравіну і прадукцыю для развіцця жывёлагадоўлі і іншых галін сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці.
«Без удзелу рэгіёнаў нашых краін праекты ў галіне кааперацыі былі б пазбаўлены практычнага сэнсу. Аднак мы можам працаваць не толькі на рынкі сваіх дзяржаў. Напэўна, такі падыход быў бы занадта простым для нашых эканомік, якія знаходзяцца ў самым сэрцы Еўропы, на скрыжаванні асноўных гандлёвых шляхоў і ўдзельнічаюць у буйных праектах рэгіянальнай інтэграцыі. Акцэнт трэба рабіць на стварэнні сумесных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для рынкаў трэціх краін», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Украінскаму бізнесу, лічыць Прэзідэнт, будуць цікавы такія перспектыўныя пляцоўкі, як беларускі Парк высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Прэферэнцыі і спрыяльны інвестыцыйны клімат у рамках гэтых ініцыятыў даюць магчымасць рэалізаваць маштабныя задачы ў інавацыйнай сферы», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
> I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прайшоў 25-26 кастрычніка ў Гомелі. Праграма міжрэгіянальнага форуму ўключала ў сябе выстаўкі прадукцыі прадпрыемстваў дзвюх...