У беларускіх вёсках больш за 30 тыс. дамоў прызнаныя старымі і звыш 10 тыс. – пустуючымі. Ці з’явяцца на гэтых участках гаспадары? Вырашэнню гэтага пытання будзе спрыяць новы Указ «Аб пустуючых і старых дамах». Чакаецца, што з яго прыняццем удасканаліцца парадак уключэння гэтай нерухомасці ў абарот, скароцяцца затраты пры продажы, паменшыцца папяровы дакументаабарот. У цэлым указ будзе спрыяць рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні ўзорнага парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, запланаваных у рамках правядзення ў Рэспубліцы Беларусь 2018–2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы. Больш падрабязна пра новаўвядзенні расказаў старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар СУБОТКА:
– Новы ўказ распаўсюджвае сваё дзеянне на ўсю тэрыторыю Беларусі, а не толькі на сельскую мясцовасць, як гэта прадугледжваў прызнаны страціўшым сілу Указ № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Пры гэтым прапануюцца розныя варыянты ўключэння ў абарот пустуючых і старых дамоў, прызнаных камунальнай уласнасцю. З’явілася магчымасць іх прамога продажу. Адпаведныя прапановы па асобных аб’ектах будуць змешчаны на сайтах мясцовых выканкамаў. Пры гэтым магчымасць прамога продажу прадастаўляецца на ўсёй тэрыторыі краіны за выключэннем абласных цэнтраў і Мінска.
– Ці праўда, што ў грамадзян з’явілася магчымасць атрымаць зямельны ўчастак, не выкупляючы пустуючы або стары дом, на якім ён размешчаны?
– Так, але гэта пры ўмове самастойнага зносу такога дома альбо фінансавання падобных работ. Участак можна атрымаць без правядзення аўкцыёну на ўсёй тэрыторыі краіны за выключэннем абласных цэнтраў. У такіх гарадах участкі могуць быць прадастаўлены без аўкцыёну толькі тым, хто стаіць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, і ў Мінску – шматдзетным сем’ям.
– У якім выпадку дом прызнаецца пустуючым або старым?
– Для выяўлення такіх дамоў спецыяльныя камісіі пры мясцовых выканкамах будуць двойчы ў год аглядаць нерухомасць на адпаведных тэрыторыях. Указам пашыраны склад гэтых камісій і дэталёва рэгламентаваны парадак іх работы. Раней былі ўстаноўлены больш жорсткія ўмовы для прызнання жылых дамоў пустуючымі – неабходнасць пражывання ў іх уладальнікаў не менш за месяц на працягу кожнага года на працягу трох гадоў. Зараз не будуць прызнавацца пустуючымі дамы, у якіх асобы, якія маюць права валодання і карыстання імі, пражывалі на працягу апошніх трох гадоў хоць бы адзін дзень. Пустуючыя дамы будуць выяўляць камісіі пры візуальным аглядзе. Калі вызначаць відавочную адсутнасць жыхароў на працягу доўгага часу, будзе правярацца наяўнасць аплаты камунальных плацяжоў, расходу электраэнергіі. У складзе камісій будуць і прадстаўнікі органаў унутраных спраў, якія апытаюць суседзяў, ці прыязджалі ў дом уласнікі або іншыя асобы, якія маюць права валодання і карыстання жылым домам. На падставе праверкі ўсіх абставінаў мясцовыя выканкамы будуць прымаць рашэнне аб уключэнні дома ў электронны рэестр пустуючых дамоў.
– У новым указе прапісаны механізм магчымага вяртання ўласніку пустуючага ці састарэлага жылога дома, ужо перададзенага ў камунальную ўласнасць...
– Так, сапраўды, калі ўласнік не падаў паведамленне ў выканкам і ў яго былі на гэта прычыны, якія не вядомыя мясцоваму выканкаму, то гэты дом павінен быць яму вернуты (рашэнне прымае суд). Ва ўказе таксама прадугледжана магчымасць выплаты за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў кампенсацыі, калі дом знеслі, альбо выплаты грошай, выручаных ад продажу дома, калі дом быў адчужаны. Новы дакумент захаваў базавыя падыходы ранейшага ўказа, якія паказалі сваю эфектыўнасць. Разам з тым ён пашырае магчымасці для ўключэння старых і пустуючых дамоў у абарот, пакідаючы ўласнікам вялікія магчымасці для захавання маёмасці.
Марына ЯНЮК.