Каждое лето Виктор Жванский трудится на жатве в КУСХП «Великодолецкое»
20.11.2018
—
Разное
|
Лёс Віктара Леанідавіча Жванскага мог бы скласціся зусім інакш. На тое ж, што свята аграрыяў стала для яго прафесійным, паўплывалі… уласцівыя мужчыну дабрыня і спагада. Пасля арміі Віктар некалькі год працаваў у віцебскім аўтапарку і аднойчы сябра па інтэрнацкім пакоі ўгаварыў яго падацца на заробкі ў Нефцеюганск. Прыехаў хлопец перад дальняй дарогай да матулі ў Пуцілкавічы, а тая ў слёзы – адзіны сынок за трыдзевяць зямель сабраўся… А і тое праўда – хіба ж доўгі рубель варты смутку блізкіх? І малады чалавек згадзіўся на прапанову старшыні мясцовага калгаса “Новае жыццё” сесці за баранку аўтамабіля. А тым часам і ў жыцці асабістым новая старонка распачалася: прыгледзеў хлопец у суседніх Лагах прыгажуню Ніну, згулялі вяселле – так і атрымалася, што асваенне сібірскіх радовішчаў абышлося без Віктара Жванскага. Затое не абыходзіўся без яго актыўнага ўдзелу ніводны этап сельгасработ. Калі ж калгас далучылі да “Вялікадолецкага”, юнацкая мара пра падарожжы на кароткі час зноў “узняла галаву”, ды толькі хлеб дальнябойшчыка аказаўся не па смаку: засумаваў па роднай вёсцы, перажываў за жонку, якой трэба было адной спраўляцца з вялікай падсобнай гаспадаркай – у свой час Жванскія трымалі і па чатыры каровы. Калі ж 10 год таму закрылася мясцовая школа і спатрэбіўся вопытны вадзіцель для падвозу дзяцей у аграгарадок, Віктар Леанідавіч з задавальненнем перасеў з фуры ў школьны аўтобус. Але ж з сельскай гаспадаркай не развітаўся: кожнае лета шчыруе ў “Вялікадолецкім” на жніве. Такім чынам, за яго плячыма тры з паловай дзясяткі гарачых палявых сезонаў, большасць якіх ён працаваў у экіпажы з земляком і сябрам Сяргеем Вусько. Поруч яны і ў сёлетнім раённым спісе лепшых камбайнераў на КЗС-10К і “Лідзе”. – Памятаю, як адным летам, убраўшы свае палі, прыехалі дапамагаць у Слабаду, – расказвае В.Жванскі. – Мясцовыя хлопцы, назіраючы, як мы па чарзе садзімся за штурвал, здзівіліся – хто з нас камбайнер, а хто – памочнік? Мы ж заўсёды пароўну дзялілі і справу, і заробак. Падтрымліваем адзін аднаго і зараз, працуючы на розных машынах. Наша тэхніка хоць і не самая магутная, затое манеўраная і незаменная на некаторых палях гаспадаркі – такіх, як ля Замошша, дзе “дванаццадкі” не пройдуць. На нас і абмалот цяжкадаступных прыватных участкаў: у Стараселле да адзінага гаспадара Васіля Конана едзем з Сяргеем па чарзе. Хапала і экстрыму: аднойчы ўбіраў палоскі вяскоўцаў у Глінішчы і Афераўшчыне, умудрыўся тройчы загразнуць, ды так моцна, што да ночы выцягвалі мяне “Амкадорам” ды “Кіраўцам”. Але ўсе цяжкасці забываюцца, а перад чарговым жнівом жывеш у прадчуванні моманту, калі першыя зярняткі ўпадуць у бункер камбайна… 35 земляробчых сезонаў за плячыма В.Жванскага і столькі ж год сямейнага жыцця са сваёй дарагой палавінкай Нінай Казіміраўнай. Сын, дачка і ўнучка жывуць у Мінску, але часта прыязджаюць у Пуцілкавічы і не забыліся днямі павіншаваць бацькоў з юбілеем вяселля праз “Патрыёт”. Магчыма, і багацейшым быў бы Віктар Жванскі, калі б прамяняў на заманлівую далеч палі і дарогі роднай Далеччыны, ды наўрад ці быў бы больш шчаслівым. Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс Віктара Леанідавіча Жванскага мог бы скласціся зусім інакш. На тое ж, што свята аграрыяў стала для яго прафесійным, паўплывалі… уласцівыя мужчыну дабрыня і...
|
|