Дызайн і аўтэнтыка "брамы ў нябёсы" Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ў Брэсце. 21.by

Дызайн і аўтэнтыка "брамы ў нябёсы" Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ў Брэсце

28.11.2018 21:52 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад брэсцкага краязнаўцы. Яму баліць душа за здабыткі сваёй малой радзімы. Таму і звярнуўся “брастчанін Аляксандр Пашчук” (менавіта так ён падпісваецца) у рэдакцыю. Нагода, здавалася б, дробная, але… Без увагі зварот такога неабыякавага грамадзяніна пакідаць у кожным разе не выпадала.

Дызайн і аўтэнтыка "брамы ў нябёсы" Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ў Брэсце

Тым болей, што выпадак — далёка не адзінкавы.

“Навіна мяне проста збянтэжыла”

Свята-Мікалаеўская брацкая царква ў Брэсце, якая апынулася ў цэнтры ўвагі краязнаўцы, была ўзведзеная ў 1906 годзе. Без перапынкаў мураваная бажніца дзейнічала да 1961 года, пасля ж у ейным будынку размясціўся архіў. Толькі ў 1990 годзе царква была вернутая вернікам.

Храмы, пабудаваныя ў псеўдарускім стылі, ужо з даўніх часоў у народзе сталі называць мураўёўкамі — такія тыпавыя праекты актыўна і гвалтоўна ўкараняў пасля паўстання 1863 — 1864 гадоў генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў у рамках распрацаванай ім праграмы захадаў “для ўвядзення і перавагі ў Паўночна-Заходнім краі расійскай народнасці”. Услед за народнай традыцыяй, тэрмін “мураўёўка” прыжыўся і ў навуковай літаратуры.

Тым не менш, такія храмы з’яўляюцца важнымі сведкамі сваёй эпохі і неад’емнай часткай архітэктурнай спадчыны нашага краю. Вось і Свята-Мікалаеўскай брацкай царкве справядліва нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адпаведна, ахоўвацца і захоўвацца яна павінна згодна з нормамі заканадаўства і метадалогіі работы з помнікамі архітэктуры.

Менавіта гэта і турбуе спадара Пашчука. Як тлумачыць берасцейскі краязнаўца, яго абурыў наступны выпадак — у царкве вырашылі замяніць тыя дзверы, якія, па яго словах, былі ўсталяваны яшчэ пры будаўніцтве храма.

Нашым адрасантам нават быў зафіксаваны ўвесь працэс тых зменаў: “Прыкладна 12 мая 2018 года я даведаўся ад знаёмых прыхаджан Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы, што ў храме Божым пачаліся перамены. Яны тычыліся ўнутраных — цэнтральных уваходных дзвярэй храма (размешчаны яны былі паміж цэнтральным прытворам і сярэдняй часткай царквы). Дадзеная навіна мяне проста збянтэжыла. У гэта я проста не мог паверыць!”

Як адзначае спадар Аляксандр, неўзабаве былі заменены не толькі ўнутраныя, але і бакавыя дзверы. Гаворка пра такія работы вялася ўжо не першы год, але ж довады краязнаўцы раней знаходзілі водгук у кіраўніцтва храма: нельга мяняць старую дэталь! Гэта прывяло б да няўмольнай страты духа месца. Як сцвярджае Аляксандр Пашчук, пробашч царквы мітрафорны протаіерэй Пётр Рамановіч падтрымліваў яго меркаванне, што такія справы трэба рабіць асцярожна і ў рамках закона.

— Чаму праз некалькі гадоў ён інакш вырашыў дзейнічаць? — дзівіцца краязнаўца. — Мне незразумела.

Змяненні ці не? Вось пытанне

Разумеючы, што следам за ўнутранымі дзвярыма могуць памяняць і вонкавыя, спадар Пашчук вырашыў не губляць час і звярнуўся не толькі да царкоўных уладаў, але і ў Міністэрства культуры краіны.

Паколькі ніякіх дазволаў на правядзенне навукова-праектных і рамонтна-рэстаўрацыйных работ міністэрства не давала, намеснік міністра Аляксандр Яцко даручыў Брэсцкаму гарвыканкаму правесці праверку.

Аляксандру Пашчуку паведамілі пра яе вынікі. Згодна з ёю, дзверы ў царкве арыгінальнымі насамрэч не з’яўляліся: гэта навадзел савецкага часу. Таму і быў праведзены рамонт, прычым пры выкананні работ характэрныя элементы дэкору захаваныя. Замена ж дзвярэй, як адзначаецца, не ўплывае на ўспрыняцце аб’екта, бо тыя не з’яўляюцца ўваходнымі. І таму дадзеныя працы не трапляюць пад абмежаванні Кодэкса аб культуры.

Наконт апошняга сцверджання ў мяне як у чалавека, які ўжо не першы год займаецца пытаннямі аховы спадчыны, адразу паўстае пытанне: а хіба нявонкавыя дзверы прытвору не ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці? Няўжо ўнутры ўжо не праяўляюцца зрокавы дысананс і “перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых асаблівасцяў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў”, як напісана ў Кодэксе аб культуры? Атрымліваецца, што змяненні, якія можна
заўважыць, толькі ўвайшоўшы ў саму бажніцу, — ужо і не змяненні, і на іх не трэба атрымліваць дазвол?

Тым болей, новыя дзверы, калі паглядзець на фота, дасланае спадаром Пашчуком, і сапраўды іншыя. Магчыма, яны нават лепшыя і ў большай ступені адпавядаюць гістарычным арыгіналам? Хто яго ведае: “на ўскідку” гэта вызначыць немагчыма.

Таму зусім не проста так працы на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны рэгламентуюцца заканадаўствам. Спачатку павінны быць навуковыя даследаванні, а ўжо толькі пасля можна прыступаць да рэстаўрацыі ці рамонту. А ў дадзеным выпадку першага этапу праведзена не было! Адзінае, што можна з пэўнасцю сцвярджаць на гэты конт: дзверы на помніку архітэктуры замененыя без даследавання і абгрунтавання.

Штраф — не адзіны сродак

Праблема з заменай у гістарычных будынках дзвярэй і сталяркі ўзнікае надзвычай часта — ці не штодня. Памкненні людзей да большага камфорту зразумелыя, але часам яны ў выніку атрымліваюць штрафы і прадпісанні. Хаця ў ахоўных абавязацельствах, якія падпісвае кожны ўласнік (а ім можа быць і звычайны грамадзянін, чыё жытло мае статус ГКК), літаральна ў дэталях патлумачаны ўмовы ўтрымання i выкарыстання помнікаў, вызначаецца рэгламент выканання работ на іх.

Найперш можна проста параіць уважліва чытаць тэкст дакумента, які ты падпісваеш. Зрэшты, думаю, большасць грамадзян так і робяць. Таму праблема тут, на мой погляд, у іншым.

Паводле айчыннага заканадаўства, усе выдаткі на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі (а яны даволі немалыя, як для бюджэту звычайнай сям’і) кладуцца на ўласніка каштоўнасці. Натуральна, людзі не зацікаўленыя ў тым, каб павялічваць каштарыс рамонту.

Так, Кодэксам аб культуры прадугледжана і “фінансаванне з iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам”. Аднак у дадзеным выпадку атрымліваецца, што ўсё залежыць ад волі канкрэтнага чыноўніка — ці захоча ён прыйсці на дапамогу простаму чалавеку, выдаткаваўшы сродкі, скажам, на праект зон аховы яго дома. Тым больш, гэта, як правіла, знаходзіцца ў фактычнай юрысдыкцыі выканкамаў ніжэйшага — базавага — узроўню, чые фінансавыя магчымасці вельмі малыя.

Прыгадваю, як працуючы ў адным музеі-запаведніку, я і калегі мусілі ісці на вялікую рызыку, калі за кошт установы выраблялі ахоўныя шыльды для помнікаў спадчыны, размешчаных на яе тэрыторыі. У гэтых старых хацінках жылі звычайныя людзі, якія не мелі ні грошай, ні разумення патрэбы ахоўных дошак.

Дошкі мы ім тады маглі дапамагчы зрабіць. А вось ужо праект зон аховы — не, бо гэта занадта дорага! Магчыма, трэба задумацца пра карэкціроўку сістэмы, каб мець магчымасць не толькі пакараць штрафам, але і аказаць уласнікам помнікаў спадчыны дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную?

Зрэшты, бываюць і зусім іншыя выпадкі: парушэнні робяцца свядома. Балазе, штрафы за іх не надта вялікія. Каб не быць галаслоўным, магу прыгадаць сваю адносна нядаўнюю выправу ў Слонім. Прыехаўшы туды, сярод іншага, завітаў да былога касцёлу бернардзінцаў, у якім цяпер месціцца Траецкая царква.

Некалькі гадоў таму на бажніцу XVII стагоддзя без усялякіх узгадненняў і праектаў паставілі вялізную залатую цыбуліну. І справа тут нават не ў фармальных дазволах! Каб яна адпавядала “гістарычнай праўдзе”, можна было б і вочы заплюшчыць. Але ж не. Атрымалася жудасная эклектыка, сумяшчэнне несумяшчальнага. Зусім іншы стыль, іншыя формы.

І што ў выніку? Парушальнік заканадаўства заплаціў штраф. А цыбуліна — і дагэтуль на месцы. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак.

Выйсце было простым

У спрэчцы наконт дзвярэй хацелася б пачуць меркаванні розных бакоў. Але ў тэлефоннай размове з прадстаўнікамі Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы ў Брэсце мне ў каментарыях адмовілі. У аддзеле культуры Брэсцкага гарвыканкама сказалі, што не ўсё так кепска, як сцвярджае Аляксандр Пашчук. Па словах начальніка аддзела Святланы Сямашка, пры правядзенні работ на аб’екце парушэнняў дзейнага заканадаўства ў галіне аховы спадчыны выяўлена не было.

— Спадар Аляксандр вельмі часта звяртаецца ва ўладныя органы па пытаннях спадчыны. Але гэта не азначае, што ён мае рацыю, — падсумавала яна нашу размову.

А я вось і сам не ведаю, хто тут мае рацыю. Ці былі тыя дзверы арыгінальнымі, як сцвярджае спадар Пашчук — або навадзелам, як перакананы ў гарвыканкаме? І ці сапраўды настолькі моцна сказілася аблічча помніка?

Ясна хіба адно: пазбегнуць непаразуменняў можна было вельмі проста. Усяго толькі прыцягнуўшы да рамонтных прац на аб’екце спецыялістаў у сферы аховы спадчыны. Калі б прыход звярнуўся па дазвол на свае работы ў Міністэрства культуры і яго атрымаў, канфлікт быў бы вычарпаны яшчэ ў зародку.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю “К” прыйшоў ліст ад брэсцкага краязнаўцы. Яму баліць душа за здабыткі сваёй малой радзімы. Таму і звярнуўся “брастчанін Аляксандр Пашчук” (менавіта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика