Чалавек і яго справа: юрысконсульт аддзела па адукацыі райвыканкама Дзіяна Чапулёнак
30.11.2018
—
Разное
|
Асноўным правілам юрыста мая суразмоўца лічыць веданне дзеючых законаў і уменне працаваць з людзьмі. А галоўная перавага гэтай прафесіі ў тым, што яна заўсёды будзе запатрабавана ў грамадстве. А яшчэ веданне заканадаўства і зменаў у ім надзвычай дапамагае і ў асабістым жыцці. Дзіяна — карэнная шаркаўчанка. Пасля набыцця сярэдняй адукацыі яна паступіла ў Полацкі аграрна-эканамічны каледж, які паспяхова закончыла па спецыяльнасці юрыст і была накіравана на сваё першае працоўнае месца ў КУВСП імя Маркава. Праз два гады, падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, атрымала прапанову заняць вакантнае месца юрысконсульта ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. У 2016 годзе Дзіяна атрымала сваю першую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “правазнаўства”. А нядаўна паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яе будучая спецыялізацыя — “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”. Будучы маладым і перспектыўным спецыялістам, Дзіяна імкнецца развівацца ў розных накірунках. На яе думку, менавіта эканамічная адукацыя для прафесійнага юрыста можа стаць асабліва карыснай. Таму і вырашыла працягваць вучобу далей. — Дзейнасць юрыста надзвычай цікавая, яна складаецца не толькі з кодэксаў, законаў, указаў, пастаноў і умення прымяняць іх на практыцы, — лічыць мая суразмоўца. — Гэта яшчэ і талент быць тонкім псіхолагам, і майстэрства дыпламатыі. Наколькі ўмела юрыст пралічыць ход далейшых падзей, настолькі паспяховым будзе вынік справы. Лічу, што каб паспяхова працаваць у гэтай няпростай прафесіі, юрысконсульту неабходна мець аналітычны розум, выдатную памяць, умець суадносіць катэгорыі і факты, прычынна-выніковыя сувязі, быць мабільным і працалюбівым, валодаць неабходным цярпеннем, быць добрым прафесіяналам і ўвесь час удасканальваць сваё майстэрства. У аддзеле па адукацыі юрысконсульт займаецца падрыхтоўкай неабходнай юрыдычнай дакументацыі, ажыццяўляе ўсю неабходную работу з дагаворамі, што заключае арганізацыя, у адпаведнасці з нормамі заканадаўства афармляе кантракты педагагічных работнікаў, з’яўляецца спецыялістам па закупках, выконвае шмат іншых функцый. У свой вольны час, якога, праўда, не так і шмат, Дзіяна спрабуе знаходзіць хвілінкі і для творчасці. Малюе невялікія карціны, што упрыгожваюць інтэр’ер кватэры, захапляецца кветкамі. 8 гадоў назад яна стварыла сваю сям’ю. Муж Уладзімір Чапулёнак працуе старшым участковым інспектарам Шаркаўшчынскага РАУС. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. |
|