16 кастрычніка 2018 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка Указам № 408 зацвердзіў план падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У краіне аб’яўлена рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “Дарогамі вызваліцеляў”, прысвечаная вызваленню тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гадах.
Мы пачынаем змяшчаць на старонках газеты матэрыялы, прысвечаныя памятнай даце.
У гэтыя дні жыхары Гомельскай вобласці святкуюць вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так, 26 лістапада 1943 года савецкія войскі ачысцілі ад іх Гомель, і ён стаў першым у Беларусі вызваленым абласным цэнтрам.
За перыяд акупацыі (з 19 жніўня 1941 года) горад над Сожам моцна пацярпеў. Было зруйнавана звыш 20 вуліц, знішчана больш за 5 тысяч дамоў, разбураны энергагаспадарка і водаправодна-каналізацыйная сетка. Народнай гаспадарцы быў нанесены ўрон больш чым на 3 млрд. рублёў у даваенных цэнах. Загінула больш за 200 удзельнікаў народнага апалчэння, падпольшчыкаў і партызан, амаль 400 мірных жыхароў — ахвяр фашысцкага тэрору. Амаль 9 тысяч воінаў-землякоў загінула або прапала без вестак на франтах. За 829 дзён акупацыі ў горадзе засталося каля 15 тысяч жыхароў — чуць больш за 10 % ад даваеннай колькасці насельніцтва. Больш за 800 воінаў Чырвонай Арміі палягло пры абароне і вызваленні Гомеля.
Гэты горад стаў свабодным ад ворага ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі. Першымі ў яго ўступілі падра-здзяленні 217-й, 102-й, 96-й і 4-й стралковых дывізій, 115-га ўмацаванага раёна 11-й і 48-й армій Цэнтральнага фронту (з 20.10. 1943 г. — Беларускі фронт).
“Вялікая Айчынная вайна была суровым выпрабаваннем для савецкіх людзей. Беларусь першая прыняла на сябе нечаканы і жорсткі ўдар фашысцкай Германіі…
Адпор захопнікам быў усенародным. У Беларусі змагаліся больш за 370 тысяч партызан. У канцы 1943 года яны кантралявалі каля 60 працэнтаў тэрыторыі…
Болей за 1 мільён 300 тысяч беларусаў ваявалі на розных франтах Вялікай Айчыннай вайны, 443 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Аляксандр ЛУКАШЭНКА”.
(Вытрымка са звароту Прэзідэнта Беларусі
да чытачоў кнігі “Памяць Беларусі”).
Плацдарм для паспяховага наступлення савецкіх войскаў на гомельскім накірунку быў падрыхтаваны раней, у верасні-кастрычніку 1943-га, падчас кровапраліт-нага, але паспяховага фарсіравання Дняпра і Сожа.
А першым раённым цэнтрам нашай рэспублікі, вызваленым ад фашыстаў у Вялікую Айчынную вайну, быў Камарын, цяпер ён — гарадскі пасёлак у Брагінскім раёне. Гэтая знамянальная падзея адбылася 23 верасня 1943 г. Вызвалялі яго войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту (генерал арміі К.К. Ракасоўскі) — у час правя-дзення Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі. Удзел бралі часці і фарміраванні 8-й і 74-й стралковых дывізій 15-га стралковага корпуса. Яны першымі на гэтым участку выйшлі да Дняпра і ў ноч на 22 верасня фарсіравалі яго на падручных сродках і рыбацкіх чаўнах. Прарвалі абарону ворага і захапілі плацдарм на правым беразе ракі. Старажылы расказвалі, што там усё было заліта крывёю, раку ўслалі целы загінуўшых воінаў. Нашы салдаты атакавалі і захапілі шэраг населеных пунктаў, акружылі і знішчылі фашысцкі гарнізон у самім Камарыне.
За подзвігі, праяўленыя пры вызваленні Брагінскага і Камарынскага раёнаў восенню 1943 г., званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 396 салдатам, сяржантам і афіцэрам Чырвонай Арміі.
З цікавасцю прачытала ў “СБ. Беларусь сегодня” артыкул журналісткі Віялеты Дралюк пра яе паездку ў сённяшні Камарын, наведванне месцаў баявых дзеянняў на беразе Дняпра. Дазволю сабе прывесці цытату: “Ад аднаго берага да другога на вока болей за сто метраў. Як людзі перапраўляліся на плытах, бочках, плашч-палатках, набітых сенам і саломай, проста не паддаецца разуменню. Не паддаецца разуменню і тое, як штурмавалі гітлераўскі рубеж. Бо правы бераг, на якім замацаваліся немцы, стварыўшы непрыступную сістэму абарончых збудаванняў “Усходні вал”, быў значна вышэй за левы, адкуль наступалі нашы. Не выпадкова Гітлер бравіраваў: “Хутчэй Днепр пацячэ назад, перш чым рускія пераадолеюць яго”. Пераадолелі!”.
Дарэчы, за фарсіраванне Дняпра 183 воіны Чырвонай Арміі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
27 верасня 1943-га быў вызвалены г.п. Церахаўка Добрушскага раёна, 28 верасня — г. Ветка, 30 верасня — райцэнтр Свяцілавічы (цяпер уваходзіць у склад Веткаўскага раёна), 10 кастрычніка — Добруш, 17 кастрычніка — Лоеў, а ў лістападзе — Брагін, Хойнікі, Нароўля, Рэчыца, Буда-Кашалёва, Чачэрск, Карма. Усё гэта — гарады Гомельскай вобласці.
Адначасова савецкія войскі вызвалялі населеныя пункты Магілёўскай вобласці. 26 верасня войскі 3-й і 50-й армій Бранскага фронту выбілі ворага з Хоцімска. 28 верасня свабода прыйшла ў Клімавічы, Касцюковічы, Мсціслаўль, 29 верасня — у Крычаў, 1 кастрычніка — у Краснаполле і Чэрыкаў, 2 кастрычніка — у Дрыбін, 25 лістапада — у Слаўгарад.
У 1943 годзе пазбавіліся ад фашысцкага іга жыхары наступных населеных пунктаў Віцебскай вобласці: г. Лёзна (8.10), тадышні райцэнтр Сураж у Віцебскай вобласці (28.10) — цяпер гэта гарадскі пасёлак, г.п. Езярышча Гарадоцкага раёна (19.12), тадышні райцэнтр Мехавое (19.12) — цяпер вёска ў складзе Гарадоцкага раёна, сам Гарадок (24.12). Лёзненскі раён вызвалялі войскі 3-га Беларускага і Калінінскага (20.10. 1943 г. перайменаваны ў 1-ы Прыбалтыйскі) франтоў. Віцебскі — войскі Калінінскага і Заходняга франтоў. Гарадоцкі — войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Заканчваўся 1943-і год, які прынёс беларусам першыя глыткі свабоды. А наперадзе былі яшчэ доўгія дні і ночы жорсткай, знясільваючай барацьбы з азвярэлым катам, шматлікія бяс-прыкладныя подзвігі савецкіх салдат і афіцэраў у імя свабоды і міру на роднай зямлі.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.