На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшоў раённы конкурс “Твае таленты, бібліятэкар!”.
У ім прынялі ўдзел бібліятэкары раёна: Ланскай інтэграванай — Алена Жук, Слаўкаўскай сельскай — Аксана Пяткевіч, Высакаліпскай інтэграванай — Людміла Барысава, Сноўскай сельскай — Ала Міклашэвіч, Сейлавіцкай інтэграванай — Людміла Ясевіч.
Узровень іх крэатыўнасці і творчага падыходу да сваёй справы ацэньвала журы на чале з дырэктарам галоўнай бібліятэкі раёна Людмілай Вітко (на фота 1 — справа).
Удзельнікі конкурсу з поспехам развеялі міф пра тое, што бібліятэкары — гэта такія маўк-лівыя сур’ёзныя людзі, якіх можа развесяліць хіба толькі новая гумарыстычная кніга. Падчас першай часткі конкурсу — “Візітнай карткі бібліятэкара” — Алена Жук (фота 2) вобразна і арыгінальна прадставіла гісторыю бібліятэкі і разам з ёй сваёй вёскі пры дапамозе батлейкі, Аксана Пяткевіч (фота 3) і Людміла Барысава (на фота 1 — злева) падрыхтавалі цікавыя відэапрэзентацыі, Ала Міклашэвіч (фота 4) пры дапамозе сваёй калегі Зінаіды Грабёнка не толькі ажывіла відэа-прэзентацыю ў яе звыклым выглядзе цікавымі каментарыямі, але і змагла здзівіць і парадаваць гледачоў конкурсу гумарыстычнымі “тэленавінамі” пра дзейнасць бібліятэкі, Людміла Ясевіч (фота 5) сама артыстычна агучыла відэапрэзентацыю сваёй установы.
Каб людзей у бібліятэку цягнула, яе работнік павінен быць цікавым, творчым чалавекам “з іскрынкай”, таму што запаліць іншых можа толькі той, хто гарыць сам. У правільнасці гэтай аксіёмы гледачы і журы конкурсу змаглі яшчэ раз пераканацца падчас другой яго часткі — “Хобі бібліятэкара”. Тут у гледачоў ужо проста, як кажуць, сталі разбягацца вочы.
Свае разнастайныя захапленні яскрава прадэманстравала Аксана Пяткевіч: яе кулінарныя шэдэўры, вязанне, вышыўка і самы любімы занятак — спевы — нікога не пакінулі раўнадушнымі. Пасля песні ў яе выкананні доўга не змаўкалі апладысменты. Дарэчы, музыка і спевы — хобі яшчэ адной удзельніцы конкурсу, Людмілы Ясевіч. Яе пяшчотны голас часта гучыць сольна і ў складзе ансамбля песні “Раздолле” Сейлавіцкага СК. Песня ў выкананні Людмілы Мікалаеўны стала яшчэ адным цудоўным музычным падарункам для іншых удзельнікаў і гасцей конкурсу.
Вельмі спадабалася ўсім і прэзентацыя талентаў Людмілы Барысавай і Алы Міклашэвіч: Людміла Аркадзьеўна стварае сапраўдныя шэдэўры ў тэхніцы “нітачная філігрань”, якая патрабуе вялікай уважлівасці, цярпення і тонкага густу, выдатна валодае рознымі відамі вязання і бісерапляцення, а Ала Антонаўна ўмее звычайную паперу ператвараць у творы мастацтва: кожны сезон у яе бібліятэку прыхо-дзяць зіма, вясна, лета і восень, ператвораныя таленавітай рукой майстра ў адпаведныя папяровыя вобразы, а са столі звісаюць ажурныя папяровыя “люстры”, якія выклікалі ў многіх гледачоў уздых захаплення.
Хобі бібліятэкара Ланскай інтэграванай бібліятэкі Алены Жук стала ўжо не толькі яе ўласнай асаблівасцю, але і сапраўдным брэндам усёй установы: знакамітая Ланская батлейка зараз вядомая не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі, і Алена Мікалаеўна ўмела выкарыстоў-вае гэта старадаўняе беларускае мастацтва для папулярызацыі беларускай культуры ў цэлым.
Само ж конкурснае мерапрыемства стала яскравым і запа-мінальным не толькі дзякуючы талентам яго ўдзельнікаў: сваю артыстычную лепту ў яго ўнеслі непаўторныя мімы народнай студыі “Творяки” (фота 8) гарадскога мала-дзёжнага цэнтра пад кіраўніцтвам Ганны Лысенка, што ад-крылі мерапрыемства, выкладчык па класе гітары Нясвіж-скай дзіцячай школы мастацтваў Кірыл Хацяновіч (фота 7) і тэатральная студыя сучаснай казкі пад кіраўніцтвам Ірыны Пярцовай, удзельнікі якой акунулі гледачоў у свет лялечнага тэатра падчас падвядзення вынікаў конкурсу.
Іх аб’явіла старшыня журы, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла Вітко. Яна адзначыла, што вызначыць пераможцу было надзвычай складана, і што ўсе ўдзельнікі конкурсу — вельмі таленавітыя і цікавыя людзі. Аднак конкурс ёсць конкурс, і гэта вымушае прымаць рашэнні. Пераможцай была прызнана бібліятэкар Слаўкаўскай сельскай бібліятэкі Аксана Пяткевіч. Пад дружныя апладысменты залы яна атрымала прыз пераможцы, а ўсе астатнія — падарункі за ўдзел.
Конкурс “Твае таленты, бібліятэкар!” падарыў шмат прыемных уражанняў гледачам, а для яго ўдзельнікаў ён, напэўна, паслужыць добрай магчымасцю падзяліцца сваімі набыткамі і ўзяць для сябе нешта карыснае з вопыту іншых.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.