Да юбілею сацыяльнай службы: успамінамі пра сваю працу дзеліцца Галіна Мікалаеўна Філатава
04.01.2019
—
Разное
|
Мы працягваем публікацыю матэрыялаў, прысвечаных стогадоваму юбілею сацыяльнай службы. Сёння ўспамінамі пра сваю работу ў Шаркаўшчынскім раённым аддзеле сацыяльнага забеспячэння з чытачамі газеты дзеліцца старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава: — Мая працоўная дзейнасць на малой радзіме ў Шаркаўшчыне, куды я вярнулася з Калінінградскай вобласці, пачалася ў 1974 годзе на пасадзе бухгалтара райаддзела сацыяльнага забеспячэння. Спачатку даволі складана было засвоіць асновы бухгалтарскага ўліку, бо па прафесіі я настаўнік. Але спраўляцца з цяжкасцямі дапамагалі вопытныя калегі, разам з імі мы вырашалі пытанні і праблемы. У той час сваю працу ў аддзеле сацзабеспячэння разам са мной пачыналі Анатолій Сямёнавіч Сцяпанаў, Надзея Іванаўна Талапіла і іншыя. У 1986 годзе ў раёне арганізавалі Бюро па працаўладкаванні насельніцтва, куды потым перайшла працаваць я. Асноўнай нашай задачай у той час было складанне справаздач аб механічным і натуральным руху насельніцтва ў раёне, аказанне дапамогі арганізацыям і прадпрыемствам у забеспячэнні кадрамі адпаведна пададзеным заяўкам. А іх на той час паступала больш двухсот за месяц, асабліва з будаўнічых арганізацый, кансервава-гароднінасушыльнага завода, райспажыўтаварыства, сельгаспрадпрыемстваў. Пры планавым аддзеле райвыканкама працавала камісія па працоўных рэсурсах. Мы адсочвалі непрацуючых грамадзян і праз дадзеную камісію прапаноўвалі тое або іншае месца работы. Але жадаючых было не так і шмат, асабліва ў сельскай мясцовасці. З распадам Савецкага Саюза сітуацыя на рынку працы змянілася. Закрыўся камбінат будматэрыялаў. Пры гэтым без працы засталося каля ста чалавек. На прадпрыемствах, у арганізацыях скарачаліся штатныя работнікі. Фарміраванню дзяржаўнай службы занятасці паклаў пачатак прыняты 30 мая 1991 года Закон “Аб занятасці насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь”. Менавіта з таго часу Бюро па працаўладкаванні, што было папярэднікам службы занятасці, стала Цэнтрам занятасці. Закон прадугледжваў грашовую выплату па беспрацоўі, арганізацыю аплочваемых грамадскіх работ падчас пошуку пастаяннага месца працы. У пачатку 1990-х гадоў беспрацоўных было шмат. Людзям, якія да нас прыходзілі, мы стараліся дапамагчы — прапаноўвалі вакансіі, праводзілі дні адчыненых дзвярэй на прадпрыемствах, каб наймальнік мог падабраць неабходных спецыялістаў. Пры інфармацыйнай і фінансавай падтрымцы службы занятасці праводзілася перасяленне з іншых раёнаў, дзе сітуацыя з беспрацоўем была яшчэ больш складанай. Цэнтр накіроўваў на перанавучанне, дапамагалі мы тым, хто не мог працаўладкавацца, арганізаваць прадпрымальніцкую справу. Часова беспрацоўных мы накіроўвалі на вызначаныя віды работ па будаўніцтве аб’ектаў у аграгарадках у межах Дзяржаўнай праграмы “Адраджэнне і развіццё сяла на 2005—2010 гады”. У гісторыі станаўлення службы ёсць яшчэ адна дата — 2007 год, калі Цэнтр быў пераўтвораны ў аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Але якімі б ні былі структурныя змяненні, самі функцыі службы, а гэта задавальненне надзённых праблем людзей у сферы сацыяльна-працоўных адносін, рэгуляванне рынку працы і стварэнне ўмоў для забеспячэння занятасці насельніцтва, заставаліся нязменнымі. Цяпер праз гады я з удзячнасцю ўспамінаю наш маленькі, але сяброўскі і з’яднаны калектыў, у якім працавалі Маргарыта Станіславаўна Баговіч, Людміла Мар’янаўна Бука, Таццяна Станіславаўна Клакоўская, Іраіда Яўстаф’еўна Баброва. Ад сябе асабіста шчыра віншую ветэранаў сацыяльнай службы і тых, хто цяпер працуе ў гэтай галіне, са стогадовым юбілеем яе стварэння. Жадаю жыццёвага аптымізму, моцнага здароўя, даўгалецця і поспехаў ва ўсіх добрых справах, а таксама з Новым годам і Калядамі! Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|