Раз ідэя, два ідэя!
14 снежня ў Брэсце прайшоў абласны этап рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». У Брэсцкім навукова-тэхналагічным парку былі прадстаўлены 40 лепшых праектаў з розных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. Напярэдадні ўсе яны сталі пераможцамі рэгіянальных адбораў конкурсу, і іх аўтары сустрэліся, каб пабароцца за права прадстаўляць вобласць на заключным этапе ў Мінску.
У конкурсе, які праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з органамі ўлады, кобрынская моладзь таксама прымае ўдзел і выступае даволі плённа. У гэтым годзе Кобрыншчыну на абласным этапе прадстаўляла навучэнка гімназіі Кацярына Касынюк. Яна прэзентавала на выставе ідэй праект мемарыяла «Галгофа», які павінен стаць помнікам у гонар праваслаўных святынь нашага раёна, што зніклі, і атрымала сертыфікат удзельніка.
– Свае інавацыйныя распрацоўкі мы абаранялі перад экспертамі, якія ацэньвалі актуальнасць тэмы, практычную значнасць работ, а таксама інавацыйнасць у вырашэнні заяўленай праблемы і магчымасць яе рэалізацыі. Па выніках прэзентацыі экспертная рада вызначыла найбольш перспектыўныя праекты, якія прадставяць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскай выставе «100 ідэй для Беларусі». Эксперты падкрэслілі, што наш праект мае вялікае рэгіянальнае значэнне і вельмі добра было б, каб на мясцовым узроўні знайшліся спонсары, якія дапамаглі б рэалізаваць гэтую ідэю, – адзначыла Кацярына.
–Удзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі» – справа адказная і ганаровая. Маладыя навукоўцы дэманструюць свае вынаходніцтвы ў сферах грамадскай, эканамічнай, тэхнічнай, сацыяльнай дзейнасці, атрымліваюць каштоўны вопыт абароны сваіх праектаў, вучацца адзін у аднаго, – расказвае першы сакратар Кобрынскага РК ГА «БРСМ» Марына Палявода, якая зацікаўлена ў тым, каб таленавітая моладзь Кобрыншчыны магла рэалізаваць свой творчы і інтэлектуальны патэнцыял у розных галінах.
Працоўная моладзь, студэнты, вучні прафесіянальных і агульнаадукацыйных устаноў з’яўляюцца носьбітамі інавацыйных ідэй для аховы здароўя, адукацыі, архітэктуры, энергазахавання, інфармацыйных, прамысловых тэхналогій, стартавай пляцоўкай для якіх можа стаць кожны этап усебеларускага конкурсу. Дарэчы, конкурсны адбор наступнага года стартуе ўжо ў сакавіку. Творчая моладзь – у пошуках ідэй.
Ганна КАЗАКОВА.
НА ЗДЫМКУ аўтара: сертыфікат Кацярыне Касынюк уручае галоўны инжынер ЗАТ «Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк» Андрэй Грабеннікаў.