Святочная ўрачыстасць з нагоды 50-годдзя дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26. 21.by

Святочная ўрачыстасць з нагоды 50-годдзя дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26

29.01.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

IMG_4650

Студзень сёлетняга года выдаўся шчодрым на юбілейныя даты. У мінулым месяцы ў раёне адзначылі 100-годдзе Кампартыі Беларусі і ўтварэння БССР. Стогадовыя юбілеі з моманту свайго заснавання адзначылі работнікі сацыяльнай службы і фінансавых органаў. А 25 студзеня ў раённым Цэнтры культуры прайшла святочная ўрачыстасць з нагоды 50-годдзя дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26.

Прафесія дарожнага работніка — не з лёгкіх, але яна важная і патрэбная грамадству. Менавіта яны будуюць аўтамагістралі, пуцеправоды і пад’язныя шляхі да мастоў, забяспечваюць утрыманне і эксплуатацыю складанай многафункцыянальнай дарожнай гаспадаркі.

— Паважаныя калегі, ветэраны працы, шаноўныя госці, сёння мы адзначаем адметную і знамянальную дату — 50-годдзе нашай арганізацыі, — з такімі словамі звярнуўся да прысутных дырэктар ДБУ-26 Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў. — Гэта не малая дата, гэта паўстагоддзя. Я пачаў працаваць тут у 1971 годзе пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума. Прайшоў шлях ад тэхніка-будаўніка да кіраўніка арганізацыі. Увесь гэты час побач са мной былі вы — мае надзейныя сябры, калегі. Я вельмі ўдзячны ветэранам працы, якія сталі для мяне настаўнікамі ў пачатку працоўнага шляху, надзейнай апорай і падтрымкай.

Нам разам з вамі ёсць чым ганарыцца. Мы заслужана карыстаемся ў грамадстве, сярод калег павагай і аўтарытэтам. У нашай агульнай працы, у яе станоўчых выніках — часцінка кожнага з вас, дарагія калегі. Прыемна сустракаць свята ў коле сяброў, гасцей, якія сёння завіталі на наш юбілей і прысутнічаюць у гэтай зале. Вялікі дзякуй вам за самаадданую работу, працаўнікі ДБУ-26, са святам вас!

Вядучыя мерапрыемства запрасілі на сцэну старшыню Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрыя Міхайлавіча Ламака.

— Паважаныя прысутныя, дарагія сябры, дазвольце мне выказаць словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў у ваш адрас з нагоды юбілею дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26, — сказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — У далёкім 1969 годзе ў Шаркаўшчыне з’явілася першая будаўнічая дарожная арганізацыя — дарожна-будаўнічы раён № 26. Такую назву яна мела да 1981 года. Нягледзячы на недахоп тэхнікі і кваліфікаваных спецыялістаў дарожна-будаўнічы раён паспяхова вырашаў пастаўленыя задачы і выконваў узятыя абавязацельствы: будаваў дарогі ў Шаркаўшчынскім, Браслаўскім, Міёрскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Докшыцкім раёнах, паляпшаў узровень жыцця людзей. Азіраючыся ў гісторыю, бачыш, што за гэты перыяд зроблена каласальная работа: пабудавана звыш тысячы кіламетраў дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў, узведзены масты, аэрадромы.

І цяпер калектыў зберагае і ўмацоўвае лепшыя традыцыі. Ваша праца патрабуе высокай самааддачы, майстэрства і адказнасці. Ад якасці зробленай вамі работы ў многім залежаць жыццё і бяспека вадзіцеляў і пешаходаў.

У гэты святочны дзень хачу пажадаць вам моцнага здароўя, новых працоўных дасягненняў, упэўненасці ў заўтрашнім дні і аптымізму!

Кіраўнік раёна ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Васільевічу Косару — былому кіраўніку ДБУ-26, які ўзначальваў арганізацыю з 1972 па 2000 гады. Ганаровай граматай Шаркаўшчынскага райвыканкама ўзнагароджана былы кіраўнік фінансавага аддзела ДБУ-26, ветэран працы Зоя Васільеўна Кукуць. Падзякі старшыні райвыканкама ўручаны  станочніку Сяргею Іларыёнавічу Хралу і ветэрану працы Леангіне Іванаўне Качан.

На юбілей завіталі кіраўніцтва і прадстаўнікі адміністрацыі дарожна-будаўнічага трэста № 1 г. Віцебска. Да шаркаўшчынскіх дарожнікаў звярнуўся генеральны дырэктар абласной арганізацыі Алег Вадзімавіч Капцэвіч.

— 50 год — гэта значны адрэзак часу, які прайшла ваша арганізацыя, — падкрэсліў Алег Вадзімавіч. — За гэты перыяд вы пабудавалі не толькі новыя дарогі ў Віцебшчыне і ў рэспубліцы, але яшчэ змаглі стварыць належныя ўмовы для працы і пражывання сваіх работнікаў: узведзены вытворчыя аб’екты, адміністрацыйны будынак, шматкватэрныя жылыя дамы. Вам уласціва высокая культура вытворчасці. Пра гэта сведчаць станоўчыя водгукі вашых партнёраў і заказчыкаў. Сёння ДБУ-26 паспяхова канкурыруе на працоўным рынку сярод аналагічных арганізацый рэспублікі. Жадаю вам і надалей не страчваць высокіх працоўных пазіцый.

З нагоды юбілею Алег Вадзімавіч Капцэвіч уручыў Ганаровыя граматы і Падзякі трэста № 1. Узнагароды атрымалі дырэктар ДБУ-26 Уладзімір Цімафеевіч Серыкаў, галоўны інжынер Алег Мікалаевіч Латышонак, вадзіцелі аўтамабіляў Васілій Юльянавіч Зуй, Вячаслаў Леанардавіч Кулеш, Канстанцін Іванавіч Малыш, Эдуард Эдуардавіч Альшэўскі, машыніст экскаватара Пётр Часлававіч Сяліцкі, вядучы інжынер-энергетык Сяргей Фёдаравіч Свілёнак, прараб Сяргей Васільевіч Грыц, машыніст аўтагрэйдэра Віктар Іосіфавіч Абрамчык.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі дарожна-будаўнічага трэста № 1 г. Віцебска Андрэй Мікалаевіч Мілы, які таксама прысутнічаў на ўрачыстасці, адзначыў, што за пяцьдзясят год дзейнасці арганізацыі ў калектыве стала добрай традыцыяй перадаваць з пакалення ў пакаленне свае вопыт, працу і прафесіяналізм. Тут працуюць дынастыі Косараў, Свілёнкаў, Накоўнікавых, Серыкавых, Пука і шмат іншых.

Андрэй Мікалаевіч граматамі і падзякамі прафсаюзнай арганізацыі адзначыў сумленную работу ветэранаў працы: Мікалая Васільевіча Косара, Валянціны Сяргееўны Чарняўскай, Антонія Вацлававіча Пука, Фёдара Вікенцьевіча Свілёнка. Больш чым сорак былых работнікаў ДБУ-26 атрымалі на сцэне памятныя каштоўныя падарункі.

Дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Окситорг” Рыма Вашыткевіч, якая з’яўляецца пастаянным партнёрам арганізацыі, да 50-годдзя прадпрыемства ўручыла ветэранам працы ДБУ-26 харчовыя сертыфікаты.

Ад імя ветэранаў працы слова прадаставілі былому кіраўніку прадпрыемства Мікалаю Васільевічу Косару.

— Станаўленне нашай арганізацыі было ў руках адказных работнікаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў Мікалай Васільевіч. — Яны — экскаватаршчыкі, вадзіцелі, бульдазерысты — былі прыкладам для ўсяго калектыву. Памятаю, як пры будаўніцтве Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, у якім прымалі ўдзел і шаркаўчане, кіраўніцтва, інспектары ставілі работнікаў ДБУ-26 у прыклад іншым дарожнікам краіны. Генрых Казіміравіч Курыловіч, які з’яўляўся прарабам, за сваю працоўную дзейнасць унёс больш чым сорак рацыяналізатарскіх прапаноў, якія ў будучым узялі сабе на ўзбраенне дарожныя арганізацыі рэспублікі. Заслужанымі павагай і аўтарытэтам карыстаўся машыніст аўтагрэйдэра Яўгеній Быстроў. Ён настолькі якасна, прафесійна і вельмі дакладна праводзіў апрацоўку пад асфальта-бетоннае пакрыццё, што выканаць гэты складаны від работы яго прасіла кіраўніцтва іншых дарожных арганізацый. Шаркаўчане заўсёды трымалі высокую планку ў сваёй рабоце, дасягнуць узроўню якой некаторым філіялам з іншых трэстаў было не пад сілу.

Як вядома, дзень нараджэння, асабліва юбілей, нельга ўявіць без падарункаў. Госці ўрачыстасці, сярод якіх былі не толькі кіраўніцтва і адміністрацыя абласнога трэста, але і прадстаўнікі дарожна-будаўнічых упраўленняў Віцебшчыны, па чарзе паднімаліся на сцэну, каб павіншаваць шаркаўшчынскіх калег з адметнай датай у жыцці арганізацыі, пажадаць далейшых працоўных поспехаў, здароўя і асабістага шчасця.

Пусть юбилей несет вам только счастье,

Ни капли грусти, ни слезы…

Сердечного богатства и здоровья

Желаем вам, строители дорог, от всей души!

На такой узнёслай ноце завяршылася святочная ўрачыстасць з нагоды 50-гадовага юбілею ДБУ-26. А наперадзе ў шаркаўшчынскіх дарожнікаў сотні і тысячы кіламетраў новых аўтатрас, якія для нас стваралі і будуць ствараць іх руплівыя і працавітыя рукі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_4613 IMG_4615 IMG_4617 IMG_4618 IMG_4626 IMG_4634 IMG_4637 IMG_4638 IMG_4657 IMG_4658 IMG_4662 IMG_4669 IMG_4684 IMG_4686 IMG_4691 IMG_4693 IMG_4694 IMG_4700 IMG_4702 IMG_4704 IMG_4710 IMG_4714 IMG_4715 IMG_4718 IMG_4721 IMG_4728 IMG_4730 IMG_4734 IMG_4736

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика