На протяжении 50 лет Николай Николаевич Кирпич занимается фенологией. 21.by

На протяжении 50 лет Николай Николаевич Кирпич занимается фенологией

27.02.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мікалая Мікалаевіча Кірпіча ведаюць вельмі многія ўшачане. Сустракаліся пры перадачы матэрыялаў пра сваіх гераічных продкаў. Слухалі яго аповеды з гісторыі экспанатаў музея, дырэктарам якога ён з’яўляўся на працягу 35 гадоў. Але мала хто ведае, што гісторыкам і архівістам ён стаў, пагадзіўшыся на гэтую пасаду. А па спецыяльнасці ж – географ з вузкай спецыялізацыяй феналогія, якой прысвячаў свой вольны час на працягу жыцця. І толькі людзі старэйшага пакалення памятаюць яго пастаянную рубрыку ў “Патрыёце” “Куток натураліста”, у якой ён цікава і падрабязна апісваў час першага ледаходу і прылёт салаўя, пра гняздоўе на Ушаччыне варон з Карэліі і пагрозу гібелі зайчанят у раннюю вясну 1973-га. Бо менавіта ён больш за ўсіх ведае пра непрадказальны, зменлівы “характар” прыроды сваёй малой радзімы.

Як у казцы – пралескі ў студзені
У сярэдзіне лютага М.М.Кірпіч паслаў у Рускае геаграфічнае таварыства сотую феналагічную справаздачу, а ў сваім дзённіку запісаў: “На паўднёвым баку з’явіліся першыя праталіны, у Жаўніну прыйшоў воўк і ўцягнуў суседскага сабаку – першы выпадак з сярэдзіны 50-х гадоў”. Юбілейны ж сёлета не толькі бланк з назіраннямі, але і ўвогуле час заняткаў феналогіяй. Запісы пра надвор’е, сезонныя змены ў прыродзе Мікалай Мікалаевіч занатоўвае штодзённа вось ужо на працягу 50 гадоў.
Дзякуючы запісам лёгка прасачыць, што характэрны спеў “Скінь каптан, скінь каптан” вялікай сініцы ў 1974 годзе пачулі 16 лютага – намнога раней звычайных 24-28. Што ў 1970-м 27 верасня выпаў першы снег, таўшчыня покрыву дасягала пяці сантыметраў і праляжала яно каля чатырох гадзін. Што 41,6 працэнта ўсіх ападкаў у раёне прыпадала на ліпень і жнівень, у 1963 годзе з-за моцных маразоў вымерзлі вішні, а ў канцы студзеня 1971 года з’явіліся першыя пралескі.
Цікава, ці не праўда? Звесткі метэаканалаў з’яўляюцца самай запатрабаванай інфармацыяй, бо цікавяць практычна ўсе слаі насельніцтва: ад абывацеляў да навукоўцаў. Феналогія ж намнога шырэй, а таму яшчэ цікавей. На падставе назіранняў такіх вось фенакарэспандэнтаў як М.Кірпіч, сістэматызуюцца сезонныя змены ў прыродзе, распрацоўваюцца парады для народнай гаспадаркі. Напрыклад, раней неспрыяльнымі для раслін лічыліся працяглыя марозныя зімы. А зараз – наадварот. У цёплую многія дрэвы губляюць пільнасць, пачынаюць раннюю вегетацыю, у выніку абмярзае крона ці гінуць цалкам.

Феналагічная дынастыя

“Захварэў” жа феналогіяй Мікалай Мікалаевіч у раннім дзяцінстве. Інакш і быць не магло. Рос і бачыў, як бацька Мікалай Арцёмавіч – заўзяты аматар прыроды – мацуе чарговую кармушку на дрэўцы, замярае тэмпературу на глебавым тэрмометры. Ля іх дома на ўскрайку Жаўніны, ля крыніцы ў невялікім бярэзнічку, былі ўстаноўлены ўсе нескладаныя метэапрыборы. Ды і сама сядзіба – быццам адкрыты кабінет фенолага. Выйшаў на вуліцу і глядзі, калі набухлі пупышкі ці праклюнуліся лісткі. І птушкі самі на падаконнік ляцяць, не трэба ў лес ісці: пастаянна “сталуецца” пяць відаў. Сярод іх нават попаўзень, якога звычайна сустрэнеш толькі ў бары. Ну а наогул наваколле Жаўніны насяляе 14 відаў птушак, рэдкімі відамі, па назіраннях М.Кірпіча, становяцца жаўрук палявы, кнігаўка. Калі ж Міколу споўнілася дванаццаць гадоў, бацька дазваляў самастойна рабіць запісы, тлумачыў, як што трэба рабіць. І браў з сабой у лес. Заўзяты паляўнічы, ён і сына навучыў адрозніваць сляды і спеў птушак, назіраць за мурашамі і пчоламі, шматгранным светам насякомых і раслін. Ну а ў 1969, калі Мікалаю споўнілася дзевятнаццаць і ён быў студэнтам завочнай формы навучання (на стацыянар дваіх дзяцей бацькі “не пацягнулі”), поўнасцю перадаў яму сваю справу жыцця.
І ў геаграфічным таварыстве СССР у спісах добраахвотных фенакарэспандэнтаў у той год з’явілася прозвішча Мікалая Кірпіча. Дарэчы, сярод 14 прадстаўнікоў Віцебскай вобласці, якія ў сямідзясятыя займаліся назіраннямі, толькі шэсць рабілі гэта добраахвотна і ў адзіночку, астатнія – пры школьных гуртках або гідраметэастанцыях. На сённяшні ж час ён старэйшы фенакарэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства.

Метэастанцыя ў Жаўніне

Бацькі М.Кірпіча былі настаўнікамі, тата – рускай, а маці – беларускай мовы. Ну а каб феналогія стала яго прафесіяй, у многім паўплывалі выкладчыкі Вялікадолецкай школы. “Памятаю, як да эксперыментаў на прышкольным участку нас прывучыла Марыя Сяргееўна Паўлючэнка (Каплеўская). Дзякуючы ёй стаў лепш разбірацца ў стадыях развіцця раслін. Феналогія – гэта ж напалову біялогія, трэба выдатна ведаць падвіды дрэў, насякомых, жывёлы”. Быў у школе і куток юнага натураліста, які ахвотна наведваў Мікола. Ну а на выбар геаграфіі паўплываў выкладчык гэтага прадмета, а пазней дырэктар Кубліцкай школы Міхаіл Мікалаевіч Глінскі, выдатны чалавек і апантаны настаўнік, як і яго паслядоўніца Аліна Яфімаўна Гвоздзева.
І калі паміж прадметамі Мікалай Мікалаевіч усё ж вагаўся, то праблем з тэмай для дыпломнай работы не паўставала. Абараняў яе па напрамку, які выдатна ведаў – клімат і сезоннае развіццё прыроды Ушацкага раёна. Падчас здачы яго “ўзяў на карандаш” член камісіі з абсерваторыі, запытаўся, ці будзе працягваць назіранні, і хутка з Полацка ў Жаўніну даставілі поўны камплект абсталявання міні-метэастанцыі. Зараз засталася толькі будка і тэрмометр мінімальных тэмператур, які, аднак спраўна трымае самы вялікі мінус.

“Сіноптык” старшыні

Зараз метэаролагі баяцца рабіць далёкія прагнозы надвор’я. Мікалай Мікалаевіч таксама сцвярджае, што з-за ўплыву чалавека клімат змяніўся і старадаўнія народныя прыкметы накшталт “гром на голы лес – да галоднага года”, ужо не працуюць. Аднак для сябе ўсё ж прадказанні робіць і сцвярджае, што ў многім яны спраўджваюцца. З-за гэтага нават меў персанальны абавязак ад былога старшыні райвыканкама К.А.Пачэпкі. Як толькі заступіў на пасаду, Канстанцін Анатольевіч вельмі хваляваўся, каб паспелі да дажджоў збажыну ўбраць, а М.Кірпіч і супакоіў, што верасень будзе сухі. З таго часу кіраўнік раёна не раз звяраў сельскагаспадарчыя кампаніі з яго прагнозамі, падстрахоўваўся.

Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч яшчэ ў васьмідзясятыя мог бы ездзіць на ўласным аўто. За яго працы: іх перадачу і адмаўленне ад аўтарства, “купцы” прапаноўвалі амаль пяць тысяч савецкіх рублёў. Адмовіўся і не шкадуе. Мяркуе перадаць усе свае папкі ў архівы. І з гадамі, канечне, яны будуць яшчэ больш каштоўнымі і небезыменнымі. Ды і зараз феналагічны цэнтр пры Батанічным інстытуце імя Камарова Расійскай акадэміі навук рыхтуе календары надвор’я, у якіх будуць і назіранні фенолага Мікалая Кірпіча з Жаўніны. Напэўна, кнігі на падставе ў тым ліку і яго работ стануць трэцяй, самай дарагой узнагародай. Зараз жа ён такімі лічыць Ганаровую грамату прэзідыума Геаграфічнага таварыства Акадэміі навук СССР і… Віцебскага абкама ВЛКСМ, адрасаваную юнату Мікалаю Кірпічу за паспяховую доследную работу на прышкольным участку.

* * *

Ну а на падставе яго назіранняў здольны рабіць прагнозы кожны з нас. Калі гром можа і памыляцца пра ўраджай, то птушкі і звяры надыход цяпла ці халадоў адчуваюць “поўсцю”. І калі на Захадзе пачатак вясны прадказвае сурок, то нам варта пасачыць за чачоткамі, крыжадзюбамі ці снегірамі. Калі ў вашых садах ужо няма чырванагрудай птушкі – звычайна яны перамяшчаюцца на поўнач у канцы лютага – то значыць хутка вясна. Можна дачакацца і прылёту шпакоў – у 1966 годзе яны прынеслі вясну на Ушаччыну вельмі рана – 6 сакавіка.

Вольга Караленка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мікалая Мікалаевіча Кірпіча ведаюць вельмі многія ўшачане. Сустракаліся пры перадачы матэрыялаў пра сваіх гераічных продкаў. Слухалі яго аповеды з гісторыі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика