15 сакавіка 1994 года дэпутаты прынялі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Мінула чвэрць стагоддзя з таго часу. Вырасла цэлае пакаленне людзей, што жывуць па гэтым Асноўным Законе нашай дзяржавы. Працуюць, вучацца, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей, ажыццяўляюць свае мары. Маладыя, амбіцыйныя, творчыя, энергічныя… З новымі светапоглядамі, з новымі прыярытэтамі. Разам з тым, ёсць жыццёвыя каштоўнасці, якія застаюцца актуальнымі заўсёды. Гэта — павага да гісторыі і традыцый народа, павага да здабыткаў нашай дзяржаўнасці: незалежнасці, суверэнітэту і міру.
Пра гэта сёння і нагадваюць нашы суразмоўцы, паважаныя ў раёне людзі.
Уладзімір Несцеравіч ДРАЖЫН, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа, былы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У 1990 — 1995 гадах быў народным дэпутатам і прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы Канстытуцыі:
— Гэта быў пераломны этап для нашай краіны, эканоміка і палітычныя працэсы былі вельмі складанымі. У гэтых умовах нам неабходна было стварыць закон, які б адказваў патрабаванням жыцця кожнага чалавека ў Беларусі. У працэсе стварэння галоўнага дакумента ўдзельнічалі не толькі дэпутаты. Мясцовыя органы ўлады, працоўныя калектывы, творчая інтэлігенцыя — усе зрэзы нашага грамадства былі ў стваральнай працы. І нягледзячы на тое, што ў складзе Вярхоўнага Савета была і апазіцыйна настроеная частка дэпутатаў, усё ж, калі мы прыйшлі да фінальнай часткі галасавання за Канстытуцыю, у нас не было супярэчнасцей. Абсалютная большасць народных дэпутатаў прагаласавала “за” (з выступлення падчас адкрыцця выставы, прысвечанай 25-годдзю прыняцця Канстытуцыі, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці — Аўт.).
Міхаіл Іванавіч ГЛЕБАЎ, былы брыгадзір паляводчай брыгады ААТ “Лань-Нясвіж”, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга:
— Роднай гаспадарцы я аддаў 45 гадоў жыцця. Разам з механізатарамі, вадзіцелямі, паляводамі, іншымі спецыялістамі пастаянна імкнуўся да таго, каб багацела наша зямля. Мы доўгі час жылі па Савецкай Канстытуцыі, арыентаваліся на тагачасныя агульнапрынятыя нормы і традыцыі. Вельмі цяжка стала ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, калі распаўся Савецкі Саюз, спынілася вытворчасць, калі людзі проста ледзь выжывалі.
Але паступова наша маладая незалежная дзяржава станавілася на ногі. І значную ролю ў яе развіцці, у фарміраванні дзяржаўнасці адыграла Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 года. Яна стала гарантам стабільнасці, упэўненага развіцця народнагаспадарчага комплексу краіны, руху наперад. І мірнага суіснавання, што вельмі важна.
У мяне — трое дарослых дзяцей. Маю 6 унукаў, чакаем сёмага. Радуюць трое праўнукаў: аднаму — пяты гадок, другому — тры, трэцяму — год. Хачу, каб усе яны жылі ў спакоі і дастатку, каб выбралі прафесіі па душы, жылі годна і шчасліва на роднай беларускай зямлі.
Міхаіл Міхайлавіч ЧЫРКО, слесар па рамонце паліўнай апаратуры ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер ордэна “Знак Пашаны”:
— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь дае нам правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Чалавек мае права на жыццё, на самастойнае вызначэнне адносін да рэлігіі. Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё, права на адукацыю. Мы маем права на працу і адпачынак.
Я сваю магчымасць працаваць выкарыстоўваю спаўна. 19 лістапада мінулага года споўнілася 50 гадоў, як прыйшоў у Нясвіжскую райсельгастэхніку слесарам па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. З 1972 года і да цяперашняга часу даводжу да ладу паліўную апаратуру. Зразумела, за гэты час тэхніка змянілася, значыць, адрозніваецца ад ранейшай і тэхналогія рамонту. Таму адначасова вучуся ўсяму новаму, каб захаваць сваю высокую кваліфікацыю, забяспечыць належную якасць работы. А мне ўжо 74-ы год. Прыемна, што майстэрства і веды запатрабаваныя.
Хачу падкрэсліць, якую каштоўнасць мы зараз маем у жыцці — мір. Спакойна прагульваемся па вуліцах, ездзім адпачываць на прыроду. Вось, напрыклад, я люблю збіраць грыбы і лавіць рыбу. А такое ж не ўсюды ёсць на зямлі. У некаторых краінах ідзе вайна, гінуць людзі, разбураюцца паселішчы.
Вядома, цяжкасці ў нас былі і ёсць, бо дзяржава — маладая, вучыцца жыць у суверэнітэце і згодзе з суседзямі. А ў свеце няма палітычнай стабільнасці, ад чаго ў многім залежыць і наша Беларусь.
Таму трэба ўсім, асабліва моладзі, якой — ствараць будучае, быць больш актыўнымі, энергічнымі, зацікаўленымі, калі хочаце — апантанымі высокімі мэтамі, добрымі справамі.
Дзеля росквіту Беларусі.
Падрыхтавала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.