— А ты хоць дрэва пасадзіў? — Няхай сябе спытае кожны…
Своеасаблівым прызывам прагучалі радкi з верша Петруся Броўкі на ўроку беларускага літаратурнага чытання для чацверакласнікаў. Вучні шмат разважалі наконт экалагічнага становішча ў свеце, дзяліліся думкамі пра магчымасць далучыцца да агульнай справы дапамагчы роднай зямлі.
Як вядома, любоў да бацькоў, блізкіх, сяброў нікому нельга навязаць. Гэта пачуццё, як зерне, расце ў кожным з нас. Крыўда, злы намер, дрэннае слова — усё гэта супыняе яго росквіт, не дае парасткі. Так і любоў да прыроды, родных мясцін, краіны выхоўваецца з маленства, пачынаючы з сям’і: назіранні, прагулкі на свежым паветры, паходы… Пасля гэту справу падхопяць установы адукацыі: пазакласныя мерапрыемствы, літаратурныя творы, акцыі і вось, тэматычныя дні і тыдні — гэта ўжо не проста даты ў календары, а падзеі, значныя для кожнага жыхара нашай зялёнай планеты. Гэта прыгожыя кветнікі і алеі, чыстыя двары і вуліцы, выратаваныя лясы і птушыныя гнёзды. Зберагчы і памножыць гэтае багацце можам толькі мы, далучыўшыся да агульнай справы, якая павінна стаць асабістай.
Нашы дзеці павінны стаць прыкладам для наступных пакаленняў, а ў нас яшчэ ёсць час стаць прыкладам для іх, узрасціць тое зерне любові да малой радзімы, якое закаласіцца прыгожымі палямі і садамі.
Ірына ЧУБОК, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Пліская сярэдняя школа імя У.А. Мікуліча” .
Фота з архіва ўстановы адукацыі.