5 мая ў Падароску (Ваўкавыскі дэканат) адзначылі 500-годдзе парафіі св. Альжбеты Венгерскай i Божай Міласэрнасці. Юбілейныя ўрачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Урачыстасць сабрала парафіянаў і шматлікіх гасцей, паведамляе catholic.by.

Прысутных прывітаў нядаўна прызначаны пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць, і за ўсіх, хто духоўна і матэрыяльна падтрымлівае парафію.

У прамоўленай гаміліі біскуп Станеўскі, між іншым, сказаў:

«Сёлета мінае 500 гадоў з таго моманту, калі сэрца чалавека падароскай зямлі ўзрушылася верай; сведкаў тых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць праз кроў у нашых жылах і еднасць святых».


Біскуп Станеўскі, які ў епіскапаце Беларусі з’яўляецца адказным за душпастырства моладзі, асаблівым чынам звярнуўся да маладых людзей:

«Не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, не бойцеся будаваць на скале — гэта значыць на Хрысце. Не бойцеся будаваць свайго дома на бяспечным месцы — гэта значыць тут, у Падароску».Пасля літургіі біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў мемарыяльную дошку ў гонар 500-годдзя парафіі св. Альжбеты Венгерскай у Падароску.


Фота: Уладзіслаў Мігдалёнак

 

Подпишитесь на наш канал в